Учебный центр в Граденце готовит водителей, трактористов и комбайнеров для всей Витебщины

Сельское хозяйство

С.Чырвоны.

У многіх ушачан вучэбны цэнтр у Градзянцы асацыіруецца найперш з падрыхтоўкай будучых аўтамабілістаў.

Гэта, сапраўды, адзін з асноўных аспектаў дзейнасці ўстановы, пасля навучання ў якой можна сесці за руль легкавой машыны і грузавіка, аўтапоезда і аўтобуса. Але не менш важная задача цэнтра – рыхтаваць кадры для аграрнага сектара, камунальнай і дарожнай гаспадаркі, іншых вытворчасцяў. Трактарысты-машыністы, напрыклад, могуць атрымаць пасведчанні пяці катэгорый.

На мінулым тыдні завяршала навучанне група перападрыхтоўкі на права кіравання трактарамі і сельгасмашынамі катэгорыі D і F. Адметна, што на працягу 1,5 месяца (столькі доўжыцца курс) на заняткі ў Градзянец прыязджалі не толькі ўшачане, а і навучэнцы з Шаркаўшчыны, Чашнікаў, Лепеля, Полацка, Бешанковіч – наш цэнтр рыхтуе кадры для арганізацый усёй вобласці.

Прынамсі, не толькі для іх. Калі мы прыехалі ў Градзянец, інструктар Сяргей Качан якраз праводзіў практычны занятак па кіраванні камбайнам для прыватніка з Шаркаўшчыны. “Развіваю асабістую падсобную гаспадарку, разглядаю магчымасць стаць фермерам. І ўвогуле лічу, што новыя веды ніколі не будуць лішнімі”, – патлумачыў ён сваё рашэнне прайсці перападрыхтоўку. Урок ішоў паспяхова, вучань дакладна выконваў заданні на палігоне. Пры гэтым зазначыў, што хоць мае вялікі вопыт работы вадзіцелем і трактарыстам, працаваў і на гусенічным транспарце, але ў “карабля палёў” – свая спецыфіка: трэба прывыкнуць да зусім іншых габарытаў і радыусаў, не так проста выконваць разварот. “Вучоба ва ўшацкім цэнтры мне спадабалася, таму, карыстаючыся момантам, хачу падзякаваць і Сяргею Мікалаевічу Качану, і Сяргею Іосіфавічу Чырвонаму, які выкладаў устройства і абслугоўванне, правілы дарожнага руху і аказання першай дапамогі. Цяпер засталося толькі падмацаваць атрыманыя веды практыкай у сельгаспрадпрыемстве свайго раёна (яна прадугледжана і для прыватнікаў), так што ўнясу лепту ў сёлетнюю ўборачную”, – падзяліўся трактарыст.

Падчас заняткаў па ваджэнні.
  • Інфармацыю наконт фарміравання розных вучэбных груп можна атрымаць па нумарах 8-02158-5-70-31, (8-029) 345-40-07, (8-029) 511-40-07.

Дарэчы, калі навучанне работнікаў прадпрыемстваў ажыццяўляецца за сродкі бюджэту і даходаў цэнтра (арганізацыі, якія накіравалі вучняў, аплачваюць толькі паліва і гаруча-змазачныя матэрыялы), то прыватнікам курс перападрыхтоўкі на D і F абыходзіцца ў 1400 рублёў. Мяркуючы па тым, што жадаючых дастаткова, сума прымальная.

Каб аказваць такія паслугі, вядома ж, трэба мець адпаведны аўтапарк, і над вырашэннем гэтай задачы працуе ўвесь дружны калектыў цэнтра. Відавочна, што разлічваць на тэхніку з завадскога канвеера ім не даводзіцца, таму ўся надзея – на залатыя рукі работнікаў: так, камбайн, які мы бачылі на палігоне, сабраны з дзвюх спісаных ушацкімі гаспадаркамі адзінак, прыкладна такое ж паходжанне мае і энерганасычаны трактар. Атрымаўшы другое жыццё, тэхніка спраўна служыць высакароднай справе – забеспячэнню народнай гаспадаркі работнікамі запатрабаваных спецыяльнасцяў.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *