ОАО «Агро-Селище» лидирует по темпу посевной кампании

Сельское хозяйство

Калі перад чарговым выездам на палі ўдакладнялі ў галоўнага інжынера “Агра-Селішча” Уладлена Паўлаўца, дзе ў гэты дзень працуюць сейбіты, ён зазначыў: “Заедзеце за Баяршчыну і прыглядайцеся, у якім баку ўздымаецца воблака пылу”.

С.Кляпец.

І сапраўды, па такім арыенціры мы лёгка вызначылі месца, дзе старажыл гаспадаркі Генадзь Хадасевіч запрацоўваў насенне кукурузы ва ўжо прыкметна перасохлую глебу. Але трэба зазначыць, што задачу адсеяцца ў спрыяльныя тэрміны прадпрыемства з большага выканала і адным з першых у раёне выйшла на фінішны адрэзак: на ўчарашнюю раніцу тут было засеяна 75 працэнтаў запланаваных плошчаў. Яны, канечне, не такія вялікія: пад яравую сяўбу сёлета было адведзена 950 гектараў – удвая менш, чым, напрыклад, у “Маяка-Ушацкага”, аднак селішчанцы суадносяць свае планы з рэальнымі магчымасцямі. Большую стаўку зрабілі на зерневыя і зернебабовыя, якія будуць расці на 573 гектарах, тады як мінулай вясной пад іх адводзілі 329. У пераліку яравых культур перавагу аддалі пшаніцы, пасеянай на 282 гектарах, гэта самы вялікі клін сярод гаспадарак раёна. Павялічыліся плошчы зерневых за кошт адналетніх траў, якіх сёлета пасеюць прыкметна менш.

Ёсць і яшчэ адзін паказчык, дзе гаспадарка атрымала раённае лідарства, чаму, праўда, не абрадавалася: маразамі было знішчана аж 104 гектары азімай свірэпіцы, і гэтыя плошчы зараз давялося перасяваць. Такія сюрпрызы ў зоне рызыкоўнага земляробства не ў навіну, але настрою аграрыям, канечне, не дадаюць. Яшчэ адна акалічнасць, якая абцяжарвае пасяўную – адсутнасць у штаце прадпрыемства агранома. Адказныя рашэнні па размеркаванні культур па ўчастках давялося прымаць маладому дырэктару Сяргею Плігаўку, які адзначае, што вялікую дапамогу ў гэтым яму аказвалі спецыялісты райсельгасхарча, улічваў кіраўнік і меркаванні вопытных механізатараў.

Г.Кандрацкі.

Шмат увагі дырэктар надае якасці пасяўных работ. Гэты важнейшы аспект знаходзіцца пад пастаянным кантролем абласных і раённых службаў, і сказаць, што ўсё тут атрымліваецца бездакорна, нельга. Хоць фактар стомленасці, канечне, уплывае на ўважлівасць, але аграрыі перажываюць за вынік і, калі ўзнікае патрэба, праходзяць праблемныя ўчасткі “ў два сляды”.

У адказнасці ж і сумленнасці мясцовых работнікаў сумнявацца не даводзіцца. Шмат сезонаў за плячыма ў Аляксандра Бараўцова, які прыкладаў свае сілы на ўзворванні. Да слова, на неблагія тэмпы пасяўной паўплываў і той фактар, што шмат зябліва было ўзнята восенню: калі леташняй вясной давялося ўзворваць 811 гектараў, то зараз – 493. Хапіла справы Юрыю Юркевічу, Ільі Загародняму і іншым работнікам, што былі заняты на падрыхтоўцы глебы. Не самую “камфортную”, але вельмі патрэбную місію выконваў Сяргей Кляпец: спачатку ўносіў пад зерневыя калій, а ў сераду падкормліваў КАСам свежазасеяныя кукурузныя палеткі. І хоць выглядаў моцна стомленым і паказваў нам рэспіратар ды капот трактара, які ад асеўшага пылу афарбаваўся ў шэры колер, – настрой у яго быў пазітыўны.

Добразычліва сустрэў нас і Генадзь Кандрацкі, які на рарытэтнай 53-цы падвёз на поле насенне. “Мая “бабулька” не падвяла, пасяўную без паломак адбегала! Яна ж працуе з 83-га, на год пазней за мяне ў сельскую гаспадарку прыбыла”, – вобразна распавядаў ветэран працы пра сваю машыну. Дарэчы, гаспадарскія адносіны да тэхнікі – моцны бок “Агра-Селішча”. Тутэйшы аўтапарк не можа пахваліцца “абноўкамі”, але інжынер і механізатары вельмі рупліва захоўваюць тое, што маюць, а аператыўная і якасная падрыхтоўка трактароў да сёлетняй сяўбы, канечне, таксама паўплывала на годныя паказчыкі.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *