Тасс при штабе бригады Дубова. История одного экспоната

Общество

Наяўнасць у партызан уласнай мастацкай галерэі – падзея сама па сабе ўнікальная. Няхай размяшчалася яна ў хаце, а палотны – са звычайнай прасціны, затое папулярнасць – непадробна высокая. Мсціўцы часта наведвалі выставу карцін Абрыньбы і Гуціева і, канечне, ахвотна пазіравілі, калі выпадаў гонар трапіць у гісторыю. Дарэчы, гэта атрымалася дзякуючы таму, што палотны самалётамі ў 1943 годзе былі перапраўлены ў Маскву, экспанаваліся нават у знакамітай Траццякоўскай галерэі. Сёння мы раскажам пра гісторыю адной з карцін – “Выхад брыгады Дубава на аперацыю”, што захоўваецца ў фондах нашага музея.

Яе эскіз дэталёва абмяркоўваўся мастаком Мікалаем Абрыньбай з кіраўніцтвам брыгады, якое і прапанавала спіс 28 заснавальнікаў злучэння, што асабліва вызначыліся ў баях. Злева камандзірскі састаў: у поўны рост камбрыг Фёдар Дуброўскі і камісар Уладзімір Лабанок, побач – начальнік штаба Сямён Барадаўкін, кадравы артылерыст камандзір атрада Дзмітрый Караленка, намеснік па гаспадарчай часці Міхаіл Жукаў. За імі – тры сябры Васіль Нікіфараў, Міхаіл Дзідзенка, Барыс Звонаў, потым Дзмітрый Фралоў і Анатоль Марунька. Крайні злева – Уладзімір Качан – адзіны, хто атрымаў гэта права не за баявую дзейнасць, а за агульны ўклад. Ён, у ранейшым настаўнік, акрамя работы ў штабе вёў летапіс брыгады. На конях з аўтаматамі Міхаіл Чайкін і Іван Чарноў. Крайні справа – прадстаўнік абкама партыі Іван Кіціца, які таксама выходзіў з брыгадай на ўсе рэйды. Яны ў атрадзе з першых дзён зараджэння на Ушаччыне партызанскага руху. Літаральна ўсіх пісалі з натуры спачатку вугалем, які мастак таксама рабіў сам, “засмажыўшы” запячатаныя глінай у бляшанцы з пяском галінкі бярозы і вярбы. Толькі камандзіра атрада А.Маруньку, што загінуў у снежні 1942 у баі пад Каменем, малявалі па здымку з пашпарта.

Пра кожнага з іх можна пісаць асобны нарыс, але сёння хочацца падрабязней расказаць пра яшчэ аднаго “службоўцу” на пярэднім плане карціны. Гэта сабака Тасс, такое імя па назве тэлеграфнага агенцтва даў яму партызан Юрый Смаляк.

Якой была першая мянушка пагранічніка – невядома. А служыў ён менавіта на савецкай заставе ў Кублічах. Калі трапіў у палон – стаў поўнасцю адпавядаць пародзе – нямецкая аўчарка. Маёр Цімс – камендант утворанага ў мястэчку гарнізона – перавыхаваў сабаку пад сябе. І забаўляўся, калі той па камандзе на яго вачах ірваў у кроў жанчын. У верасні 1942 года партызаны правялі дзёрзкую аперацыю – выкралі каменданта з гарнізона “на вачах” у паліцаяў і немцаў. А на наступную раніцу ў партызанскі лагер у лес па следзе прыйшоў і Тасс. Спачатку жыў на прывязі ў зямлянцы У.Е.Лабанка. Але паколькі да камісара штодня прыходзіла шмат людзей, а чалавек 16 ужо зведалі зубы нямецкай аўчаркі, Уладзімір Елісеевіч перадаў яго мастаку Мікалаю Абрыньбу. Ён і пасябраваў з сабакам, якога па сутнасці выратаваў ад расстрэлу.

Сімпатыі паміж імі паўсталі таксама не адразу. Тасс быў вельмі злы і дзюжы, памерам з цяля – калі М.Абрыньба сядзеў на стуле – галава сабакі знаходзілася на ўзроўні пляча. Таму Абрыньба рабіў з нямецкага служкі савецкага “партызана” з дапамогай сілы. Засунуў у ашчэраную ляпу руку па локаць, моцна прыцягнуў за ашыйнік і асядлаў, пасля чаго добра адсцябаў плёткай. Аднак з першага разу паважаць сябе не прымусіць. Прыведзены ў зямлянку Тасс не дакрануўся ні да вады, ні да ежы, а раніцай гыркаў так, што партызаны не рашаліся спускацца з нараў. Зноў спецаперацыя, ужо з дапамогай таварышаў, і зноў Абрыньба верхам на сабаку…

Тасс не вылазіў з-пад нараў дзень. Тады Абрыньба сам палез пад іх і пачаў асцярожна гладзіць лапу – сабака адварочваўся. На другі дзень дазволіў дакрануцца да галавы, увечары выпіў вады, а потым стаў ва ўсім слухаць гаспадара – і толькі яго. Кідаўся да любога, калі Абрыньба падчас гутаркі з таварышамі незнарок махнуў рукой. І моцна крыўдзіўся, калі на яго павышалі голас. Сам таксама не брахаў без справы. На загад “голас” гаўкаў толькі адзін раз, скажаш два – два. Вельмі разумны быў. Захоча пагуляць, а Абрыньба піша карціну – возьме ў зубы палена і чакае. Бачыць, што на яго не звяртаюць увагі – прынясе шалік, шапку, кажух і зноў з паленам сядзе ля выхаду. Засмяецца гаспадар і пойдзе выгульваць сябра. Тасс заўсёды быў побач ва ўсіх баявых аперацыях. Служыў ён і брыгадзе, лавіў уцякаючых здраднікаў.

Загінуў Тасс таксама як салдат, падчас бою, калі камандзір брыгады Мікалай Бурко папрасіў Абрыньбу памяняцца аўчаркамі, узяўшы для спакою на заданне абучанага і праверанага Тасса.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *