Более 40 лет в сфере культуры Ушаччины отработал Михаил Богданович

Экономика и малый бизнес

З Міхаілам Аляксандравічам Багдановічам завочна знаёмы кожны ўшачанін – па ўязным знаку ў райцэнтр, дэкарацыях сцэны падчас любога свята, па афішах, эмблемах, візітоўках… Знаёмы з яго творчым почыркам, які больш сарака гадоў суправаджае ўсе значныя падзеі нашага краю. Знаёмы з Домам рамёстваў, які ён да нядаўняга часу ўзначальваў.

– Сёння, якраз перад 69-гадовым Днём нараджэння, выходжу на заслужаны адпачынак, – казаў у мінулую пятніцу перад кіраўніцтвам раёна, калегамі мастак. – Усе 40 гадоў, што адпрацаваў у сферы культуры Ушаччыны, былі самымі шчаслівымі. Калі б нехта прапанаваў перагледзець з вышыні свайго сталага ўзросту жыццё, штосьці змяніць, напэўна, нічога б не ўзяўся перайначваць. Справа, якой займаўся, была па душы! Ды і з калегамі мне пашанцавала.

У іх прысутнасці М.А.Багдановічу была ўручана Ганаровая грамата раённага Савета дэпутатаў. У яго адрас прагучала шмат цёплых слоў. Успаміналі, як у канцы 70-х гадоў мінулага стагоддзя пасля заканчэння мастацка-графічнага факультэта Віцебскага педінстытута Міхаіл Аляксандравіч, адмовіўшыся ад навуковай кар’еры ў Акадэміі навук у Мінску, выкладчыцкай дзейнасці ў абласным цэнтры, прыехаў ва Ушачы і быў адзіным на той час настаўнікам малявання, чарчэння і працы з вышэйшай адукацыяй, працаваў у Ленінскай і Ушацкай школах. Многа работ – пейзажаў, партрэтаў – напісаў сам, а яшчэ больш дзяцей навучыў маляваць у студыі Дома піянераў. Калі ж у раёне ў 1980-м адкрылася мастацкая майстэрня, М.А.Багдановіч без ваганняў змяніў сферу дзейнасці – стаў культработнікам, а значыць, і артыстам, і вядучым, і дэкаратарам у адной асобе. Калі ж выдавалася вольная хвілінка, любіў парыбачыць, займаўся калекцыяніраваннем: збіраў этыкеткі ад запалак, плакаты, юбілейныя медалі.

– На пенсіі для такіх заняткаў будзе яшчэ больш часу, – з аптымізмам зазначае Міхаіл Аляксандравіч. – Але галоўная задача, якую стаўлю перад сабой на бліжэйшую перспектыву, – гэта падрыхтоўка да свайго 70-гадовага юбілею творчай выставы ў музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка. Не хацелася б дэманстраваць старое – планую здзівіць і парадаваць землякоў выключна новымі творамі мастацтва, выкананымі ў розных тэхніках. Работу над імі ўжо распачаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *