Скоро День Святого Валентина! Какими подарками удивляют своих любимых ушачане?

Общество

Дзень святога Валянціна ўжо зусім хутка. Але яшчэ ёсць крыху часу, каб набыць ці змайстраваць прэзент, прыдумаць які-небудзь прыемны сюрпрыз для вашых каханых. Мы ж пацікавіліся ў некаторых чытачоў пра самыя запамінальныя падарункі і цікавыя гісторыі, звязаныя з гэтым адметным для многіх святам.

Юлія ФЕДАРЭНКА:

– З’яўляюся студэнткай Полацкага каледжа ВДУ імя П.Машэрава, а мой каханы – ураджэнец Ільюшына Дзмітрый Міхейка – працуе ў Вялікадолецкім лясніцтве. Пазнаёміліся мы больш чатырох гадоў назад, калі сястра Дзімы пераязджала ў шматкватэрны дом, у якім жыве мая сям’я, а ён выклікаўся памагатым. Ну хто б тады падумаў, што выпадковая сустрэча ў пад’ездзе перарасце ў светлае пачуццё?! Падтрымлівалі адносіны праз інтэрнэт, потым пачалі сустракацца… Самая ж важная для абаіх нас падзея адбудзецца ў бліжэйшую пятніцу, 14 лютага. Менавіта ў Дзень святога Валянціна мы вырашылі афіцыйна ўзаконіць свае адносіны: лічым, што гэта вельмі сімвалічна!

Анатоль ПАЎЛАЎ:

– Зусім нядаўна мы з жонкай Юліяй адкрылі ва Ушачах магазін “Пуся”, дзе прапаноўваем цацкі і гульні беларускай вытворчасці. І адным з першых нашых пакупнікоў стаў малады чалавек, які набыў у падарунак сваёй жонцы 2-метровага мішку: перад гэтым яны разам заходзілі ў нашу краму і дзяўчына, убачыўшы плюшавага велікана, выказала захапленне, так што, думаю, будзе рада такому сюрпрызу. Увогуле лічу, што цацкі – цудоўны падарунак і для дарослых.Яны кранальна кажуць каханым пра нашы пачуцці – а некаторыя нават у прамым сэнсе: бачыце, вось гэтыя панды і мядзведзікі трымаюць у лапах сэрцы з пяшчотнымі надпісамі, а менавіта такія словы хочуць чуць – і не толькі на свята – нашы каханыя.

Наталля КЛАЧОК:

– Мой муж Аляксандр – самы лепшы, і я дзякую Богу, што мне пашанцавала з ім сустрэцца. Люты для нас увогуле адметны месяц, бо апроч Дня святога Валянціна будзем таксама 25-га чысла адзначаць 8-годдзе сумеснага жыцця. За гэты час у нас нарадзілася трое дзетак: старэйшая дачка ўжо ходзіць у школу, сярэдні сынок – у садок, а малодшай хутка споўніцца 9 месяцаў, і муж заўсёды дзеліць са мной усе клопаты па іх выхаванні. Мяне вельмі крануў падарунак, які ўжо паспеў мне паднесці Саша да Дня закаханых, – гэта бранзалет з забаўнымі дзіцячымі фігуркамі і выгравіраванымі на іх імёнамі Даша, Паша і Насця. Ён заказаў гэты сувенірчык на адмысловым сайце ў інстаграме, я ж апранаю бранзалет, як самую дарагую каштоўнасць.

Ігар ЧОРНЫ:

– Цалкам не адмаўляю гэтае свята, што прыйшло да нас з заходняй культуры, аднак застаюся прыхільнікам славянскіх традыцый і мяркую, што лепш было б адзначаць Дзень закаханых летам, у дзень Святых Пятра і Фяўроніі, якіх нашы праваслаўныя продкі лічылі заступнікамі сям’і, кахання і вернасці. Лепшым жа знакам увагі да падобнага свята, як гэта ні банальна, лічу кветкі. А яшчэ гэты дзень – добрая нагода, каб папрасіць у сваёй другой палавінкі прабачэння за крыўды, без якіх, на жаль, рэдка абыходзіцца сямейнае жыццё.

Вольга ХАМЯНОК:

– Мая гісторыя на тэму Дня закаханых будзе датычыцца школьных падзей. Прайшоў пэўны час, таму, думаю, ужо можна “зняць з душы цяжар” і раскрыць гэты невялічкі сакрэт. Неяк на адным з урокаў напярэдадні Дня закаханых я прапанавала васьмікласнікам у якасці творчага задання намаляваць “валянцінкі”. Такія прыгожыя вырабы шкада было проста пакласці на паліцу, і на наступным уроку я раздала іх дзесяцікласнікам, пажартаваўшы, што гэта ім ад паклонніц. Тыя ж надта сур’ёзна аднесліся да гэтага факта і некалькі дзён намагаліся высветліць, хто менавіта ў іх закаханы, вялі дыпламатычныя размовы, заглядалі ў вочы патэнцыяльным дамам сэрца. Адзін хлопец нават пачаў рабіць дамашняе заданне і насіць на ўрок сшытак, каб заслужыць мой давер і выведаць запаветнае імя. Але ж я, канечне, не магла “выдаць чужую тайну”… Зараз гэтыя дзеці ўжо выраслі і, спадзяюся, кожны з іх сустрэне сапраўднае каханне, без якога наша жыццё страчвае многія фарбы.

Падрыхтавалі Н.БАГДАНОВІЧ і К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *