В Ушачах почтили память воинов-интернационалистов

Общество

У пятніцу ля выдатнай выставы, прысвечанай нашым землякам, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны доўг у Афганістане, Пётр Міхайлавіч Турчыновіч не змог стрымаць слёз, калі гарэзы-шасцікласнікі, сцішыўшыся пад уплывам гісторый аб той далёкай вайне, кранулі яго за рукаў пінжака: “А за што Вы свой ордэн атрымалі?” Ад нахлынуўшых успамінаў расказ у воіна-афганца толкам не атрымаўся, але яго дапоўніла навуковы супрацоўнік музея народнай славы Святлана Канстанцінаўна Турло: “Яны ўсе героі, усе, хто васямнаццацігадовымі юнакамі трапілі ў сапраўднае пекла…”

Мерапрыемствы, прысвечаныя Дню памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў, спецыяльна перанеслі з суботы на пятніцу менавіта дзеля таго, каб максімальна задзейнічаць у іх правядзенні вучняў. Пачаліся яны з традыцыйнага мітынгу ля памятнага знака ў скверы, дзе прадстаўнікі раённай улады, працоўных калектываў усклалі вянкі і кветкі да пастамента з БТРам. Са словамі павагі за выкананы інтэрнацыянальны доўг да воінаў-афганцаў звярнуўся начальнік адасобленай групы Ушацкага раёна ваеннага камісарыята Лепельскага і Ушацкага раёнаў Леанід Пятровіч Шахноўскі. Пажаданні моцнага здароўя, вытрымкі адрасаваў сваім баявым таварышам, іх родным і блізкім старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз ветэранаў вайны ў Афганістане” Анатоль Валянцінавіч Рудкоўскі.

Няспынны бег часу гартае дні, месяцы, гады, але памяць незагойнай ранай баліць у сэрцы кожнага, хто ўдзельнічаў у баявых дзеяннях пад гарачым сонцам гэтай краіны. У фае Ушацкай школы, куды перамясціліся ўдзельнікі мерапрыемства, на фотаздымках выставы воіны-афганцы ўбачылі сябе маладых, сваіх сяброў, якімі яны былі дзясяткі гадоў таму. Многія з іх у мінулую пятніцу “трапілі ў акружэнне” – напрыклад, Васілю Віктаравічу Полазаву (на здымку), які служыў механікам-вадзіцелем, прыйшлося расказваць дапытлівым дзецям асаблівасці ўнутранага ўстройства бронетранспарцёра – ніяк не разумелі малыя, як туды ўмяшчалася звыш дзясятка байцоў. Большасць экспанатаў нашаму музею перадаюць родныя ўжо пасля смерці вэтеранаў баявых дзеянняў. З вялікай цікавасцю разглядалі школьнікі прадметы з асабістага рэчавага мяшка Мікалая Ключонка, аднаго з трох ушачан, якія загінулі ў Афганістане: салдацкі кацялок, кружку і лыжку, наборы для шыцця і галення – здавалася б, зусім мірныя, але без іх на вайне ніяк. Але значную частку рэчаў воіны-інтэрнацыяналісты аддаюць добраахвотна самі, хаця і цяжка з імі развітвацца. Вось і Мікалай Рашыдавіч Джураеў сваю панаму-афганку і штык-нож перадаў яшчэ пры жыцці. А калі ў мінулым годзе яго не стала, пінжак з узнагародамі таты і некаторыя іншыя прадметы музею ахвяравала яго дачка Валерыя Мікалаеўна, трэнер Ушацкай ДЮСШ. Яе бацька таксама паспеў папрацаваць на новым фізкультурна-аздараўленчым комплексе, вучыў самых маленькіх наведвальнікаў настольнаму тэнісу і заслужыў іх любоў і павагу: “Гэта ж мой трэнер, – казаў, гледзячы праз шкло на фатаграфію М.Р.Джураева, другакласнік. – Ён быў вельмі добры, мне яго не хапае…”.

“31 год назад апошнія савецкія салдаты пакінулі афганскую зямлю, — казала ў сваёй прамове старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў Н.М.Марковіч. — І вы з годнасцю выканалі свае баявыя задачы”. Наталля Мікалаеўна адзначыла, што сёння воіны-інтэрнацыяналісты з’яўляюцца надзейнымі памочнікамі ў справе ваенна-патрыятычнага выхавання моладзі, сваёй працай уносяць значны ўклад у развіццё нашага грамадства, падзякавала ім за мужнасць і цвёрдую грамадзянскую пазіцыю. У актавай зале школы гучалі музыка і песні, прысвечаныя воінам-афганцам, нумары ў выкананні работнікаў культуры краналі сэрца кожнага гледача. Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана па праву лічыцца і беларускім, бо ў той вайне прымалі ўдзел больш чым 30 тысяч нашых суайчыннікаў, у тым ліку і звыш 100 ушачан. Суровыя падзеі таго часу набатам гучаць у сэрцах родных і блізкіх людзей, чые сыны, браты назаўсёды засталіся ў афганскай зямлі. Усе прысутныя ўшанавалі памяць загінуўшых землякоў хвілінай маўчання, успомнілі пайменна і тых воінаў-інтэрнацыяналістаў, што, вярнуўшыся з чужыны, адышлі ў вечнасць ужо ў мірны час. У зале панавала цішыня, калі са словамі ўдзячнасці да арганізатараў мерапрыемства і ўласным вершам звяртаўся актывіст раённай арганізацыі Уладзімір Якаўлевіч Андрыковіч, і кожны ўважліва ўглядаўся ў кадры кінахронікі, якая вяртала вэтеранаў “неаб’яўленай” вайны туды, “за рэчку”.

Як і кожны год, воіны-афганцы наведалі магілы Аляксандра Клачка, Мікалая Ключонка і Міхаіла Хрыпача, загінуўшых падчас баявых дзеянняў, разам з Н.М.Марковіч і намеснікам старшыні райвыканкама Аленай Васільеўнай Пашковіч сустрэліся з іх роднымі, усклалі кветкі да магіл сяброў, што пайшлі з жыцця пасля вяртання на радзіму. І, канечне, заехалі да Аляксандра Казьяніна, які з-за хваробы не можа далучыцца да мерапрыемстваў таварышаў, гэта таксама стала традыцыяй. Яны памятаюць усіх, хоць і збіраюцца не так часта, як хацелася б, саромеюцца ўвагі і не патрабуюць нейкіх асаблівых адносін да сябе. І гэтым яшчэ больш заслугоўваюць павагі – простыя знешне людзі і разам з тым мужныя салдаты і афіцэры, героі далёкай вайны незалежна ад звання і тэрміну службы.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *