Воспитанники Ушачской детской школы искусств покорили жюри на региональном фестивале-конкурсе юных исполнителей в Новополоцке

Наши дети

“Гукі мары” – такую назву прыдумалі ў Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы для Першага адкрытага рэгіянальнага фестывалю-конкурсу юных выканаўцаў. Сцэна праекта стала пля­цоўкай, дзе навучэнцы і педагогі дзіцячых школ мастацтваў, вакальных студый Віцебшчыны змаглі паказаць свае таленты і выкладчыцкі ўзровень.

Адразу варта выказаць вялікія кампліменты ў адрас арганізатараў, якія падрыхтавалі і правялі мерапрыемства на вельмі высокім узроўні. І, вядома ж, кожны ўдзельнік марыў, каб менавіта гукі яго твора найбольш уразілі кампетэнтнае журы, у склад якога ўваходзілі выкладчыкі каледжа. І дружнай ушацкай вакальнай камандзе, якую дэлегавала ў Наваполацк наша школа мастацтваў, гэта цалкам удалося!

Тон фестывалю задалі вакалісты самай масавай намінацыі, дзе за перамогу спрачаліся каля 40 удзельнікаў ва ўзросце 10-13 гадоў. Ушачы ў ёй прадставілі нашы правераныя “байцы конкурснага фронту” – навучэнкі эстраднага аддзялення Надзея Раманоўская і Паліна Салаўёва. “У падобных сітуацыях удзельнікам удвая больш складана, бо яны канкурыруюць не толькі з канкурсантамі з іншых гарадоў, а і паміж сабой, таму падрыхтавалі з дзяўчынкамі песні зусім рознага кшталту: Надзя выконвала беларускамоўную “Гэта зямля”, якая ўжо прайшла праверку адборачнымі турамі “Славянскага базару ў Віцебску”, а Паліна – джазавы хіт Дзюка Элінгтона”, – расказвае педагог Алена Анатольеўна Сазонава. І гэты ход спрацаваў: журы не змагло вырашыць, хто з нашых салістак быў лепш, і прысудзіла абе­дзвюм першае месца!

Але ж гэтым удзел ушачан у конкурсе не абмежаваўся: на ім дэбютавала вакальная група “Friends Time”, у склад якой уваходзяць навучэнцы эстраднага аддзялення Ягор Обух, Паліна Сазонава, Анастасія Полазава, а таксама прыгаданыя вышэй дзяўчынкі. Узнік гэты калектыў пры падрыхтоўцы да канцэрта, што ладзіўся ва Ушачах да 50-гадовага юбілею школы мастацтваў. Песня “Музыка-рака”, якую квінтэт выконвае на чатыры галасы, прагучала на наваполацкай сцэне вельмі ярка і дасканала. Журы нічога не заставалася, як прысудзіць ушачанам яшчэ адну перамогу – у намінацыі “Эстрадны вакал. Ансамблі”.

“Хоць вучуся ўжо ў выпускным класе школы мастацтваў, але для мяне гэта быў першы конкурс такога ўзроўню, – дзеліцца ўражаннямі Насця Полазава. – Вельмі рада, што змагла пераадолець хваляванне і ўнесці ўклад у перамогу нашай групы!”

“Думаю, мы даказалі, што Ушацкая школа мастацтваў сапраўды адна з лепшых у сваёй справе. Уяўляеце, як было прыемна, калі пасля выступленняў падыходзілі некаторыя калегі і цікавіліся, ці можна прыехаць да нас на майстар-клас, а праз некалькі дзён на імя дырэктара ўстановы С.В.Парашкіна прыйшоў Ліст падзякі ад арганізатараў за высокі ўзровень падрыхтоўкі дзяцей, – адзначае А.Сазонава. – Хачу выказаць удзячнасць выкладчыку харэаграфічнага аддзялення Наталлі Веньямінаўне Кораневай, якая дапамагла аздобіць выступленне групы танцавальнай кампазіцыяй, і, канечне, дзецям і іх бацькам. Галоўнае ж, што гэты поспех зарадзіў усіх жаданнем пакараць новыя конкурсныя вяршыні!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Нумары з удзелам прыгаданых вакалістаў і іншых навучэнцаў эстраднага, а таксама харэаграфічнага аддзяленняў Ушацкай ДШМ ушачане ўбачаць на канцэрце “Музычны калейдаскоп”, які зараз рыхтуюць юныя артысты і іх педагогі. На мерапрыемстве можна будзе паглядзець і работы выхаванцаў аддзялення выяўленчага мастацтва. Канцэрт адбудзецца 29 лютага ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці. Кошт білета – 2 рублі, пачатак – у 13.00.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *