Достойно завершить пятилетку. На заседании Ушачского райисполкома обсудили итогоги социально-экономического развития района

Общество

У апошнім пасяджэнні райвыканкама, якое праходзіла на мінулым тыдні, прыняў удзел старшыня Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў У.У.Цярэнцьеў. Напачатку Уладзімір Уладзіміравіч выканаў прыемную місію – уручыў падзяку Прэм’ер-міністра Беларусі С.С.Румаса дырэктару тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна А.У.Хвашчэўскай (на здымку). Нагадаем, што менавіта наша ўстанова ў мінулым годзе па выніках работы за 2018-ы была занесена на рэспубліканскую Дошку гонару, узначальвала ТЦСАН у гэты час якраз Алеся Уладзіміраўна, якая падзякавала за падтрымку ў рабоце раённым уладам, кіраўнікам арганізацый і прадпрыемстваў Ушаччыны і грамадскасці.

У.У.Цярэнцьеў адзначыў, што сацыяльная сфера нашага раёна выглядае вельмі дастойна, створаны належныя ўмовы для адукацыі і ўсебаковага развіцця дзяцей і моладзі, заняткаў жыхароў фізкультурай і спортам, для сацыяльнай падтрымкі ўсіх катэгорый грамадзян, аховы здароўя, арганізацыі культурна-масавых мерапрыемстваў. Гэта пацвердзілі ў сваіх выступленнях начальнікі аддзелаў райвыканкама па адукацыі Наталля Васільеўна Стрыжонак і ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Пётр Аляксандравіч Алексяёнак пры абмеркаванні пытання аб выкананні ў 2019 годзе ва Ушацкім раёне комплексу мерапрыемстваў па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка” на 2016-2020 гады. Па словах У.У.Цярэнцьева, дасягненняў у гэтай сферы хапае і Ушаччына ўносіць дастойны ўклад у тое, што наша вобласць па многіх накірунках у апошні час аказваецца сярод лідзіруючых рэгіёнаў краіны. Напрыклад, па выніках работы за мінулы год Віцебскі аблвыканкам узнагароджаны граматай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і вымпелам у намінацыі “За значны ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі”, а галоўнае ўпраўленне аблвыканкама па адукацыі прызнана лепшым у сістэме адукацыі краіны. Добрыя паказчыкі паказаў рэгіён у развіцці сацыяльна-працоўнай сферы – дыпломам першай ступені ў рэспубліканскіх спаборніцтвах адзначаны камітэт па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва Віцебскага аблвыканкама. А зусім нядаўна міністр абароны Беларусі В.Г.Хрэнін на зборах на палігоне “Лосвіда” ўручыў спецыяльны вымпел старшыні Віцебскага аблвыканкама Мікалаю Мікалаевічу Шарснёву за першае месца ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны па выніках 2019 года.

Ёсць значныя дасягненні і ў матэрыяльнай сферы. Напрыклад, экіпаж С.Грэкава і М.Герасімца з Аршанскага камбіната хлебапрадуктаў на жніве мінулага года намалаціў 7059 тон зерня – лепшы вынік у краіне. Менавіта на Віцебшчыне ў гаспадарчы абарот прыцягнута самая вялікая колькасць маёмасці, якая не выкарыстоў­валася або гэта рабілася неэфектыўна – здадзена ў арэнду або перададзена бязвыплатна 39 аб’ектаў. Ёсць і іншыя дасягненні на рэспубліканскім узроўні.

Намеснік жа старшыні райвыканкама Валянціна Леанідаўна Хамёнак знаёміла прысутных са справамі раённымі пры аналізе вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця за мінулы год. Пытанне гэта, здаецца, разглядалася не так і даўно, але не па ўсіх паказчыках тады былі вядомы канчатковыя лічбы. Зараз жа вынікі падведзены. Рост экспарту паслуг без уліку рэспубліканскіх арганізацый склаў 140,1 працэнта да ўзроўню 2018-га пры заданні 105,5. Добра спрацавалі ў гэтым напрамку санаторый “Лясныя азёры”, значны прырост забяспечаны лясгасам і ТДА “Вікінг-турыстык”, 25,5 тысячы долараў ЗША зарабіў на замежных наведвальніках фізкультурна-аздараўленчы комплекс. Асноўнымі відамі экспарту паслуг з’яўляюцца турыстычныя (83,3 працэнта) і медыцынскія (8,9), 2,9 прыйшліся на будаўнічыя (ТДА “АлексНутта”). Асноўнымі спажыўцамі паслуг нашых экспарцёраў з’яўляліся наведвальнікі з Расійскай Федэрацыі (90,7 працэнта), але карысталіся імі і грамадзяне Германіі, Італіі, Ізраіля, Польшчы, Латвіі, Літвы, Нідэрландаў, Эстоніі, Сербіі, Харватыі і Турцыі – геаграфія значна пашырылася.

Забяспечаны рост паказчыка аб’ёму будаўніча-мантажных работ – 150,2 працэнта пры заданні 107. Значна павялічылі аб’ёмы лясгас, дзе будаваліся вытворчыя памяшканні ў лясніцтвах і лесагаспадарчыя дарогі, санаторый “Лясныя азёры”, які ўзводзіў домікі для адпачынку, участак электрасувязі РУП “Белтэлекам” – рэканструкцыя ліній сувязі ў гарпасёлку і Матырыне. Традыцыйна вялікую ўдзельную вагу займае ўзвядзенне аб’ектаў прыватнікамі (2525 кв.м.), здадзены ў эксплуатацыю 40-кватэрны жылы дом. А самы значны аб’ём будаўніча-мантажных работ (2810 тысяч рублёў) забяспечаны філіялам “Зара” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, дзе быў рэалізаваны інвестпраект на ферме “Хадакова”, а ў першым квартале бягучага года плануецца завяршыць яшчэ адзін – па рэканструкцыі былой МТФ “Слабада” пад вытворчасць па вырошчванні свіней.

Таксама дасягнуты паказчык па стварэнні новых арганізацый – 4, адкрыта 62 новых працоўных месцы, назіраецца станоўчая дынаміка па ўводзе ў эксплуатацыю жылля – 2936 кв.м., рознічным тавараабароце гандлю (102,2 працэнта), выканана заданне па росце сярэднямесячнай заработнай платы – яе памер у мінулым годзе склаў 711,8 рубля пры заданні 696,5.

Разам з тым, не дасягнуты ўзровень мінулага года па вытворчасці прамысловай прадукцыі і валовай вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце грамадскага харчавання, рэнтабельнасці продажу і зніжэнні ўзроўню затрат, прыцягненні прамых замежных інвестыцый, экспарце тавараў. Праведзены аналіз сведчыць, што гэтаму ёсць і шэраг аб’ектыўных прычын. Так, напрыклад, паказчык экспарту тавараў склаў толькі 57 працэнтаў з-за такіх фактараў, як поўнае спыненне з верасня мінулага года вытворчасці на ААТ “Ушачы”, адкуль ішлі найбольшыя аб’ёмы прадукцыі за мяжу – у сярэднім на 48 тысяч долараў у месяц. Таму нават значнае павелічэнне экспартных паставак лясгасам, ТДА “АлексНутта”, райспажыўтварыствам не кампенсавалі страт. Адмоўна адбілася закрыццё ААТ “Ушачы” і на паказчыку вытворчасці прамысловай прадукцыі, хаця ў цэлым галіна спрацавала рэнтабельна і бясстратна, традыцыйна забяспечыў стабільную работу філіял “Ушацкі” ЗАТ “Віцебскаграпрадукт”, на ТАА “Твестуба” рост аб’ёмаў склаў 144,5 працэнта.

У.У.Цярэнцьеў застаўся задаволены тым, што пры аналізе выканання паказчыкаў кіраўніцтва раёна не проста канстатавала або не замоўчвала праблемы ў асобных галінах народнагаспадарчага комплексу, а шукала прычыны негатыўных з’яў, шляхі выхаду на больш высокі ўзровень і ў сувязі з гэтым акрэсліваліся задачы. Бягучы год стане завяршальным у пяцігодцы і яшчэ ёсць час і магчымасці паправіць становішча. У прыватнасці, старшыня райвыканкама Уладзімір Генадзьевіч Аўдошка запатрабаваў ад кіраўнікоў прадпрыемстваў выканання бізнес-планаў, запланаваных паказчыкаў і рэнтабельнай працы. За ўсім гэтым стаіць паляпшэнне фінансавага стану арганізацый, а значыць і рост зарплат, даходаў насельніцтва, адлічэнняў у бюджэт.

У наступным годзе пастаўлена задача прыцягнуць 500 тысяч долараў замежных інвестыцый, і калі ў апошнія гады ў гэтым плане раёну не было чым пахваліцца, то сёлета ўжо зарэгістравана прадпрыемства з удзелам замежнага інвестара, якое будзе рэалізоўваць праект па здабычы і перапрацоўцы торфу. Запланавана стварэнне 60 новых рабочых месцаў, і гэта выглядае рэалістычным за кошт уводу ў эксплуатацыю двух гандлёвых аб’ектаў, прыгаданай рэканструкцыі МТФ “Слабада”, а таксама рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па стварэнні прыватнымі прадпрыемствамі вытворчасцей драўнянага вугалю і паліўных пялетаў.

У цэлым за 2016-2019 гады раёнам дасягнуты праграмныя значэнні па 9 з 14 асноўных паказчыках. Не выкананы заданні па прадукцыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, рознічным тавараабароце грамадскага харчавання і экспарце тавараў без уліку рэспубліканскіх арганізацый. Таму, каб рэалізаваць праграму пяцігодкі, неабходна па некаторых паказчыках скарэкціраваць планы на 2020-ы. У прыватнасці, па валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі пры заданні ў 106 працэнтаў неабходна забяспечыць тэмп росту не ніжэй 117. І У.Г.Аўдошка зазначыў, што гэта рэальна, бо сённяшнія паказчыкі ў аграрнай галіне зусім сціплыя і значна павысіць вытворчасць таго ж малака можна. Для гэтага неабходна захаванне тэхналогій догляду за жывёлай, а фінансаваму аздараўленню сельгаспрадпрыемстваў павінен паспрыяць Указ Прэзідэнта краіны ад 25 лютага 2020 г. №70 “Аб развіцці аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *