Машинно-тракторный парк Ушачского лесхоза пополнился новой техникой высокой проходимости

Общество

У суботу трактарыст Сарочынскага лясніцтва на тралёўцы і вывазцы лесу Віктар Паўлавіч Рубанік рыхтаваў тэхніку да выезду. З настроем і ўсмешкай на твары, бо займаўся не рамонтам свайго 10-гадовага трактара, а змазваў хадавую частку цялежкі новенькай пагрузачна-транспартнай машыны “Беларус” МПТ-461.2 – дзве адзінкі такой тэхнікі паступілі на мінулым тыдні ва Ушацкі лясгас.

Большасць з нас бачыць драўніну на перавозцы магутнымі самазваламі, але яны, зразумела, да месцаў нарыхтоўкі не даязджаюць. І да таго як лес трапляе на іх борт, вывозяць яго з нетраў дзялянак менавіта вось такія цялежкі – сапраўдныя “рабочыя конікі” лесаводаў. Зіма сёлета не спрыяла інтэнсіўнасці тралёўкі. Калі ў папярэднія гады маразы дазвалялі заязджаць на забалочаныя ўчасткі, то зараз зрабіць гэта праблематычна. Механізаваным цялежкам МПТ-461.1, якія выпускаліся раней на базе мадыфікацый трактара МТЗ-82, элементарна не хапае вагі і моцы рухавіка, каб вывезці 6-7 кубічных метраў драўніны з лесасекі па бездарожжы. У адрозненні ад іх, асновай новай тэхнікі з’яўляецца энерганасычаны лесагаспадарчы “Беларус” Л1221 з павышанай умяшчальнасцю цялежкі, што дазваляе і браць большы аб’ём драўніны за рэйс, і за кошт высокай праходнасці паскорыць яе дастаўку.

Пра гэтыя тэхнічныя нюансы па дарозе ў лясніцтва расказваў галоўны механік прадпрыемства Васіль Уладзіміравіч Рудзёнак, які і ездзіў атрымліваць тэхніку ў Мозыр. З рашэннем дырэктара лясгаса Сяргея Аляксандравіча Даніловіча аб яе набыцці ён цалкам згодны: “Канечне, можна і патрэбна ўкладаць сродкі ў рамонт, гэта на першы погляд і танней. Але паступовая замена абсталявання неабходна – часта рамонт зношаных трактароў абыходзіцца вельмі дорага, з’яўляецца немэтазгодным – былы трактар В.П.Рубаніка будзе спісаны. Да таго ж з-за недахопу запчастак не атрымліваецца своечасова арганізаваць вываз драўніны”.

Галоўны механік уручыў механізатарам ключы ад новай тэхнікі. У Вялікадолецкім лясніцтве яе прыняў Пётр Мікалаевіч Правада, які таксама з’яўляецца вопытным механізатарам, як і яго калега не першы год працуе на тралёўцы і вывазцы лесу, быў у камандзіроўках у Мінскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцях. А вось яго трактар не спішуць – Вялікадолецкае лясніцтва ў ліку перадавых, нарыхтоўвае ў сярэднім звыш тысячы кубічных метраў драўніны ў месяц і ім дарэчы будзе дзве адзінкі на вывазе. Тое, што другі МПТ-461.2 дастаўся Сарочынскаму, таксама абгрунтавана – лясніцтва займае значную тэрыторыю, тут вялікія адлегласці перавозак і яго трэба было ўмацаваць.

“Важна эксплуатаваць новую тэхніку ўвесь светлавы дзень”, – даводзіў механізатарам новыя вытворчыя заданні кіраўніцтва В.У.Рудзёнак. – Перабояў з палівам не будзе”. І калі на старой тэхніцы норма па вывазцы драўніны за месяц складала 600-700 метраў кубічных, то на новых машынах трэба рабіць 1000. “Мы не супраць працаваць і ў суботу, – казалі трактарысты. – Разумеем, што наша зарплата залежыць ад аб’ёмаў”.

Памятаю, як раней на ЗіЛах і “Уралах”, якія былі асноўнай тэхнікай на вывазцы ў лясніцтвах, элементы кіравання пагрузачным маніпулятарам знаходзіліся на прычэпе. У сучасных жа трактарах рычагі абсталяваны ў кабіне: снег, дождж і маразы механізатарам не перашкода. Заводам таксама прадугледжаны і ўстаноўлены ўсе неабходныя элементы аховы.

Тэхніка, якую на спецыяльных лафетах даставілі прама з Мозырскага машынабудаўнічага завода, каштуе 250 тысяч рублёў. Расплачвацца за яе лясгас будзе з сакавіка на працягу 10 месяцаў роўнымі долямі, таму трактары ўжо працуюць, каб хутчэй акупіць сябе і пачаць прыносіць прыбытак.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *