В Ушачах после реконструкции открылся детский ясли-сад №4

Общество

Зараз у дашкольных установах і школах поўным ходам ідзе адукацыйны працэс. У тым ліку і ў дзіцячым яслях-садзе №4 гарпасёлка, які год таму ў гэту пару года быў бязлюдным. Узведзенаму ў 1982 годзе будынку абнаўленне было жыццёва неабходна, таму ў красавіку мінулага года сад закрылі на капітальны рамонт. І да новага навучальнага ён атрымаў другое жыццё, а 26 жніўня расчыніў дзверы пасля мадэрнізацыі і капітальнага рамонту.
Пра гэту падзею мы ўжо паведамлялі ў папярэдніх матэрыялах, але яе сацыяльная значнасць заслугоўвае больш падрабязнага аповеду. Моманту, калі ў пакоях груп зноў зазвіняць дзіцячыя галасы, з жаданнем і нецярпеннем чакалі не толькі педагогі самога садка, а і іх калегі з іншых дашкольных устаноў, на якіх была ўскладзена дадатковая нагрузка. Разам з кіраўніцтвам аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, дырэктарамі школ раёна яны таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. А ганаровымі гасцямі адкрыцця сталі старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, наш дэпутат у галоўным заканадаўчым органе краіны Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка і старшыня райвыканкама Віктар Віктаравіч Родзіч.

Ясны сонечны дзень яшчэ больш расквецілі ўсмешкі дзяцей, педагогаў і маленькіх дзетак, прычым многія з самых юных удзельнікаў мерапрыемства яшчэ нават не дасягнулі “садаўскага” ўзросту. Напрыклад, Мікалай Жыцінёў, які і сам прыклаў рукі да будоўлі аб’екта, прыйшоў на ўрачыстасць з маленькай дачушкай, якая ў будучым стане яго наведвальнікам – з вуліцы Віцебскай вадзіць яе сюды намнога зручней, чым у дашкольную ўстанову ля райбальніцы. Назіралі за цырымоніяй адкрыцця і жыхары навакольных дамоў, якія паспелі прывыкнуць да сучаснага прыгожага аб’екта.

Перад тым як разам з В.В.Родзічам перарэзаць сімвалічную чырвоную стужку, У.П. Андрэйчанка падкрэсліў важную ролю сістэмы адукацыі і выхавання ў падрыхтоўцы маленькіх грамадзян нашай краіны, станоўчую дынаміку нараджальнасці ў Беларусі. Гэта было б немагчыма без той належнай увагі, якую дзяржава ўдзяляе дэмаграфічнай сітуацыі, падтрымцы сямей, асабліва шматдзетных. У краіне пастаўлена задача да 2020 года ў поўным аб’ёме забяспечыць усіх малышоў месцамі ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Ва Ушацкім раёне гэта праблема вырашана.

У.П.Андрэйчанка падкрэсліў, што для таго каб сад прыняў выхаванцаў да новага навучальнага года, мясцовыя ўлады рабілі ўсё магчымае і нават звыш таго. Ён павіншаваў іх з паспяховым выкананнем пастаўленай задачы, падзякаваў будаўнікам, якія працавалі над мадэрнізацыяй аб’екта. У асноўным яна вялася сіламі віцебскага ТАА “Дэльта”, кіраўнік якой Валерый Казюра хваляваўся на цырымоніі адкрыцця нават больш, чым выхавальнцы сада. Асабістых слоў удзячнасці ад старшыні заканадаўчага органа краіны ўдастоілася загадчык установы адукацыі С.А.Тарасевіч. І яны цалкам заслужаныя, бо Святлана Анатольеўна на працягу ўсіх этапаў рэканструкцыі была непасрэдным яе ўдзельнікам – пры неабходнасці “перакваліфікоўвалася” ў маляра або тынкоўшчыка.

Ад старога будынка засталіся толькі сцены. Работнікі “Дэльты” выканалі замену даху, мадэрнізаваны ўсе інжынерныя сістэмы і камунікацыі, закуплена сучаснае абсталяванне для сталовай, мэбля ва ўсе групы. Для ажыццяўлення працэсу выхавання дзяцей на сучасным узроўні маюцца і цацкі, і дыдактычныя матэрыялы з вучэбнымі дапаможнікамі, прасторная і прывабная музычная зала, гульнявы комплекс на дваровай тэрыторыі.

Віктар Віктаравіч Родзіч адзначыў, што адкрыццё дашкольнай установы, размешчанай у цэнтры гарпасёлка – важная падзея ў жыцці раёна, агучыў яе практычную карысць, зручнасць для жыхароў. Сем’і, якія выхоўваюць малышоў, атрымалі магчымасць аптымальна арганізаваць рэжым свайго рабочага дня – любы з бацькоў пацвердзіць, што з раніцы дарагая кожная хвіліна. З гэтымі словамі, напрыклад, на сто працэнтаў згодзен намеснік начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Андрэй Міхайлавіч Уліновіч, які таксама быў на мерапрыемстве. Яго маленькай прыгажуні Ксеніі, ды і самім бацькам, можна раніцай паспаць на паўгадзіны больш – зараз наведваць сад дзяўчынка будзе за некалькі соцень метраў ад дома.

З першага верасня ва ўстанове пад наглядам вопытных і кваліфікаваных педагогаў займаюцца 125 выхаванцаў, а сам будынак упрыгожыў гарадскі пасёлак. Тут аднавіла работу “школа маці”, высокай з’яўляецца аснашчанасць гульнявым і вучэбным матэрыялам. А дзякуючы спонсарскай дапамозе шэфаў гэты паказчык яшчэ больш узрос. Не з пустымі рукамі на цырымонію адкрыцця завіталі дырэктары прадпрыемства меліярацыйных сістэм Васіль Станіслававіч Спірчонак і ПУП “Ляснеўшчына” Сяргей Дзмітрыевіч Маслюк, ПМК66 Аляксандр Лукіч Фамёнак – развіваючыя гульні і дываны ў пакоі сада сталі добрым дадаткам да віншаванняў. Старшыня праўлення райспажыўтаварыства Лілія Альбінаўна Долгая ўручыла С.А.Тарасевіч грашовы сертыфікат, прадстаўнікі камунгаса таксама ўнеслі сваю лепту ў паляпшэнне матэрыяльнатэхнічнай базы дашкольнай установы.

Быў на мерапрыемстве і традыцыйны канцэрт, які падрыхтавалі навучэнцы і педагогі ўстановы. Шмат цёплых слоў ад імя бацькоўскага камітэта выказала Анастасія Долгая. А дырэктар ТАА “Дэльта” В.Казюра зазначыў, што яго работнікі працавалі на многіх аб’ектах, і ў параўнанні з дашкольнымі ўстановамі абласнога цэнтра, наш яслісад №4 як мінімум ні ў чым не ўступае. Як і наогул сістэма адукацыі нашага раёна, якая кожны год радуе выдатнымі ўмовамі для навучання і выхавання, а таксама іх вынікамі.

Дзмітрый РАМАНОЎСКІ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *