В десятке лучших юных исполнителей страны. Ушачанка Надежда Романовская выступила в финале национального отбора к международному детскому музыкальному конкурсу «Витебск-2020»

Общество

У мінулую суботу ў прыгожай старажытнай Лідзе, сёлетняй культурнай сталіцы нашай краіны, гучалі пазыўныя “Славянскага базару ў Віцебску” – менавіта гэты горад Гродзеншчыны быў выбраны месцам правядзення фінальных этапаў нацыянальнага адбору да XVIII міжнароднага дзіцячага музыкальнага конкурсу “Віцебск-2020” і конкурсу маладых выканаўцаў, якія праводзяцца ў рамках фестывалю мастацтваў. У кожным прымалі ўдзел па 10 артыстаў, якія спрачаліся за адзінае месца пераможцы. Наш Прыдзвінскі рэгіён заўсёды меў слаўныя традыцыі ў прыгаданых творчых спаборніцтвах. Вось і сёлета па трыа канкурсантаў было ўраджэнцамі Віцебшчыны ў кожным адборы. Для нас жа конкурс быў адметны тым, што ўпершыню ў гісторыі ў фінал трапіла ўшачанка.

Аб шляху Надзі Раманоўскай да гэтага дасягнення мы расказвалі. Нагадаем, што для таго, каб трапіць у лік дзесяці лепшых юных выканаўцаў краіны, дзяўчынка прайшла рэгіянальны этап, на якім ад кожнай вобласці і горада Мінска выбіралася па 5 удзельнікаў. Наступны крок – запіс відэакліпа і яго адпраўка на суд журы, якое выбірала лепшых да ўдзелу ў фінале. За ўсім гэтым стаяць месяцы напружаных рэпетыцый і працы педагога, загадчыка эстраднага аддзялення Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў Алены Анатольеўны Сазонавай, якая раскрыла талент Надзі, прымусіла паверыць у тое, што яна можа канкурыраваць з выхаванцамі вядомых прадзюсарскіх цэнтраў і эстрадных студый. На рэпетыцыі вядучым, якімі сталі Дзмітрый Карась і ўладальніца Гран-пры мінулагодняга дзіцячага конкурсу Ксенія Галецкая, прыйшлося некалькі разоў паўтарыць назву невядомага дагэтуль гарпасёлка. Усе астатнія канкурсанты прадстаўлялі буйныя гарады – Мінск, Гомель, Магілёў, Віцебск, Жодзіна. Дарэчы, у фінал не трапіла ніводнага прадстаўніка з Брэсцкай вобласці і з Гродзеншчыны, дзе праводзіўся гала-канцэрт. І гэта яшчэ адно пацвярджэнне таму, што ўмовы адбору і патрабаванні да канкурсантаў былі вельмі высокія. Трэба адзначыць, што ў нашым гарпасёлку ў гэты дзень хварэлі не толькі за Надзею – у фінальны этап адабраўся і юны віцяблянін Елісей Касіч, унук ушачан Алены Віктараўны і Аляксандра Вітальевіча.

Атмасфера свята, якую стварылі арганізатары, захапіла дзяцей, перанесла на дзівосны музычны востраў. Вось толькі падыход да выканаўчага майстэрства, галасоў, умення ствараць вобраз і трымацца на сцэне ў членаў журы быў зусім не дзіцячы. Юныя канкурсанты выконвалі па два творы – на беларускай і замежнай мовах.

– Гэтыя дзесяць рабят – ужо пераможцы, – казала старшыня журы, першы намеснік міністра культуры Рэспублікі Беларусь Наталля Карчэўская. – Наогул, дзіцячыя конкурсы ацэньваць куды складаней, чым дарослыя – заўсёды ёсць верагоднасць “павесціся” і прыйсці ў замілаванне ад дзіцяці, нявольна адсунуўшы на другі план яго прафесіяналізм… Дзесяць чалавек на месца – такую канкурэнцыю складана вытрымаць нават дарослым.

Але конкурс ёсць конкурс і ў ім павінен быць абраны лепшы. Дыплом пераможцы і хрустальная ліра – ва ўраджэнкі Віцебшчыны, а зараз жыхаркі беларускай сталіцы Ангеліны Ламака.

Сказаць, што астатнія ўдзельнікі не засмуціліся, будзе пакрывіць душой, бо хоць і ў рознай ступені, але кожны спадзяваўся на поспех. Вось толькі ўзяць такую вышыню з першай спробы ўдаецца вельмі рэдка – для той жа А.Ламака шчаслівай стала трэцяя. Ды і большасць удзельнікаў фінальнага адбору маюць за плячыма вопыт розных творчых рэспубліканскіх і нават міжнародных праектаў кшталту “Голас. Дзеці”, у пэўным сэнсе ўжо заявілі аб сабе, як, напрыклад, Марыя Альхафэз ці Арына Пехцерава, якія з’яўляюцца даволі вядомымі ў краіне выканаўцамі. Члены журы, сярод якіх былі і зоркі беларускай эстрады, раілі дзецям не апускаць рукі, развучваць новыя нумары і спрабаваць свае сілы ў наступны раз.

За два дні, праведзеных у Лідзе, невялікай камандзе ўшачан удалося абзавесціся новымі знаёмымі і пачуць у свой адрас многа цёплых слоў. Напрыклад, знакамітая спявачка Жанэт адзначыла вакальныя здольнасці і артыстызм Н.Раманоўскай і педагагічны талент А.Сазонавай: “У вас ёсць усё, каб развівацца і заявіць пра сябе”, далейшых поспехаў ім жадаў вядомы беларускі спявак і шоўмэн Дзяніс Дудзінскі, а з удзельніцай фінальнага адбору конкурсу маладых выканаўцаў Алінай Чыжык з Гродна Надзя нават паспела пасябраваць! Абедзве канкурсанткі падчас жараб’ёўкі ў Лідскім замку выцягнулі першыя нумары, пад якімі вельмі няпроста выходзіць на сцэну, асабліва калі гэта дэбют на такім узроўні. Аліна высока ацаніла вобраз “сапраўднай беларусачкі” і сцэнічныя касцюмы Надзі і не верыла, што ўбор для беларускай песні стварыла не спецыяліст-дызыйнер, а ўшачанка Іна Ларчанка, а шыкоўныя прычоскі юнай вакалісткі з’яўляюцца справай рук таксама нашай зямлячкі Аляксандры Коршун, якая ахвяравала ўласным часам і паехала ў Ліду разам з Надзеяй. Таксама вельмі ўдзячна творчая каманда і бацькі канкурсанткі педагогам дзіцячай школы мастацтваў, якія дапамаглі матэрыяльна, бо падрыхтавацца да такога конкурсу не вельмі танна. І, канечне, асобны дзякуй усім ушачанам, якія падбадзёрвалі, перажывалі і падтрымлівалі.

А ў Надзі акрамя дыплома ўдзельніцы і падарункаў арганізатараў пасля конкурсу засталася надзея паспрабаваць свае сілы ў адборы наступнага года – узрост дазваляе, бо яна была адной з самых юных удзельніц. Страху і няўпэўненасці, якія прыйшлося пераадоль­ваць, ужо няма, затое ёсць вопыт і жаданне стаць лепш.

Дзмітрый Раманоўскі.



1 комментарий по теме “В десятке лучших юных исполнителей страны. Ушачанка Надежда Романовская выступила в финале национального отбора к международному детскому музыкальному конкурсу «Витебск-2020»

  1. Смотрела концерт в прямом эфире. Надя держалась молодцом! Если и волновалась, то заметно не было. Поздравляем нашу артистку, все равно она была самая «белорусочка»!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *