И машинист, и диспетчер, и… «профессор»! Два десятка лет посвятил коммунальной сфере Дмитрий Хамёнок

Экономика и малый бизнес

Як вядома, без вады – ні туды і ні сюды. “Аб’екты ў нас стратэгічныя, – характарызуе сваю дзейнасць машыніст помпавых установак ушацкага ўчастка філіяла “Наваполацкводаканал” Дзмітрый Канстанцінавіч Хамёнак. – Без вады, як і без электрычнасці, немагчыма ні работа прадпрыемстваў, ні жыццядзейнасць чалавека. Ну вось уявіце сабе, напрыклад, не дай Бог дзесьці пажар, выратавальнікі падключаюцца да гідранта, а там няма напругі – у нас адна з самых запатрабаваных і неабходных службаў!”.

На балансе ўшацкага ўчастка маюцца самыя розныя аб’екты водазабеспячэння і водаадвядзення. Гаспадарка вялікая і клопатная – помпы, свідравіны, сеткі, вежы, калонкі… І ўсё павінна бесперабойна працаваць. Сёлета восенню споўніцца дваццаць год з таго моманту, як Д.Хамёнак уладкаваўся ў камунгас, са складу якога адносна нядаўна быў вылучаны ўчастак водаканала. Прыгадваючы пачатковы перыяд працы і сённяшні дзень, Дзмітрый Канстанцінавіч кажа, што сучаснае абсталяванне ў параўнанні з тым, што было два дзесяцігоддзі таму, “проста космас”. У 2000 годзе ўвесь гарпасёлак абслугоўвала ўсяго адна свідравіна па вуліцы Савецкай, дзе пастаянна былі ўключаны помпы. Дапаўняў сістэму забеспячэння водазабор на цэнтральнай кацельнай, які ўключалі раніцай і ўвечары, калі асабліва павялічваўся расход вады. Зразумела, што пры аварыях наступствы насельніцтва адчувала адразу. Здаралася, у шматкватэрных дамах у “гадзіну пік” на верхніх паверхах не было вады нават пры максімальнай і бесперабойнай рабоце абсталявання.

Зараз жа яе спажываецца па гарпасёлку ў сярэднім каля 900 метраў кубічных у суткі – за гады працы Д.Хамёнак лічбамі аперыруе без замінкі.

– У летні сезон, калі паліваюць агароды, расход узрастае да 1500 кубаметраў, – расказвае Дзмітрый Канстанцінавіч, з якім падчас яго змены сустрэўся на самай новай станцыі гарпасёлка ля фізкультурна-аздараўленчага комплексу. – Цяпер у нас чатыры водазаборы: ля райбальніцы, на вуліцы Е.Лось, у “царскім сяле” і вось тут. Уся сістэма закальцаваная, мы можам на адной свідравіне спыніць абсталяванне для прафілактыкі або рамонту і людзі гэтага не заўважаць – неабходны аб’ём “выцягнуць” астатнія водазаборы. Тут, напрыклад, пастаянна працуюць тры помпы ў аўтаматычным рэжыме. Прыборы разумныя, але вельмі капрызныя. Скажам, калі часам прападае электраэнергія, то пасля аднаўлення падачы току абсталяванне самастойна запрацуе зноў. А вось пры адключэнні са скачком напружання, як было ў мінулыя выхадныя пры моцным ветры, без чалавечага фактару сістэма ўжо функцыянаваць не зможа – запускаць і настройваць яе прыходзіцца ў ручным рэжыме.

Таму кожную змену Д.Хамёнак і яго калегі машыністы не толькі сочаць за парадкам на каналізацыйна-помпавай станцыі, а і накіроўваюцца на ўсе чатыры аб’екты водазабору для праверкі работы сістэм. А гэта – круг у 8 кіламетраў, і для аператыўнасці мужчыны выкарыстоўваюць уласны аўтатранспарт.

Антураж у памяшканні станцыі ля комплексу і сапраўды “касмічны”: рухавікі, вентылі, прыборы, электрашчытавыя са шматлікімі датчыкамі. Разабрацца ў тэхнічных тэрмінах, якія называе Д.Хамёнак, няма ніякай магчымасці. Тым больш здзіўляюся, што спецыяльнай адукацыі ў яго няма – усяму вучыўся на месцы. І зараз ведае не толькі абсталяванне, а і дасканала валодае прынцыпамі яго работы, таму і ўносіў некалькі рацыяналізатарскіх прапаноў, якія знайшлі падтрымку спецыялістаў-гарантыйшчыкаў. І часам, калі іх выклікаюць ва Ушачы з якой-небудзь прычыны, яны на поўным сур’ёзе адказваюць: “У вас свой “прафесар” ёсць!”. Калі ж дзяжурства выпадае на выхадны дзень, прыходзіцца, па словах Дзмітрыя Канстанцінавіча, быць адначасова і машыністам, і дыспетчарам, і вадзіцелем, і слесарам, бо аварыйную брыгаду выклікае толькі тады, калі немагчыма аднаму выправіць сур’ёзную паломку.

Сябе мужчына называе “тэхнічным чалавекам”. Правы вадзіцеля атрымаў яшчэ ў школе, да таго як перайшоў ва УП ЖКГ Ушацкага раёна, працаваў 15 год у сельгаспрадпрыемстве ў родным Селішчы, дзе механізатарскай справай займаўся і яго бацька. Жыве Дзмітрый Канстанцінавіч у вёсцы і зараз, мае трактар, грузавы аўтамабіль і… “залатыя рукі”, аб чым сціпла ўмоўчвае, але пра гэта вам скажа любы з яго аднавяскоўцаў, ці, напрыклад, старшыня Кубліцкага сельвыканкама Марыя Васільеўна Ярмош, для якой Д.Хамёнак з’яўляецца адным з галоўных памочнікаў падчас суботнікаў. “Я мабыць і сёння б у гаспадарцы працаваў, каб не тыя часы развалу, – кажа Дзмітрый Канстанцінавіч. – Не люблю скакаць з месца на месца, ды трэба было дзяцей падымаць”. Прынцыповы, з характарам, ён не лезе за словам у кішэню і не баіцца адстойваць сваю кропку зроку пры зносінах з любым начальствам, але калі бярэцца за справу, то любую даводзіць да канца з “прафесарскай” дакладнасцю.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *