Подведены итоги и награждены победители ежегодного районного смотра-конкурса на лучшее благоустройство и санитарное состояние населённых пунктов, содержание объектов производственного и социально-культурного назначения

Благоустройство Официально Саветы і жыццё Экономика и малый бизнес

Падведзены вынікі раённага агляду-конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне і санітарны стан населеных пунктаў, утрыманне аб’ектаў вытворчага і сацыяльна-культурнага прызначэння. Перад членамі журы стаяла вельмі складаная задача — вылучыць лепшых з лепшых. Па кожнай з намінацый было прадстаўлена па некалькі прэтэндэнтаў, характарыстыка аб’ектаў суправаджалася мультымедыйнай прэзентацыяй. Аднак меркаванні членаў журы ўсё роўна разыходзіліся і пераможца вызначаўся толькі падлікам галасоў.Ну як вылучыць лепшы населены пункт раёна, калі яны такія розныя. Вяркудскае Крывушчына ўздоўж маляўнічага возера аблюбавалі дачнікі і стварылі там мноства цікавых сядзіб, падтрымліваюць парадак мясцовыя гаспадары і іх дзеці. У Кубліцкім Лісічыне парадак наогул заўсёды, бо тут не дзеляць участкі на свае і чужыя, а дружна збіраюцца на любое мерапрыемства, як і ў Красным Глыбачанскага сельсавета. Значна папрыгажэў аграгарадок Вялікія Дольцы, у ім можна вылучыць цэлыя кварталы — большыя чым кожная з папярэдніх вёсак. Хоць і раскінулася на двух берагах Ушачы доўгая Гута, аднак зімой і летам мае выгляд. Ну а Матырына — багаты, заможны населены пункт, дзе гаспадары не саступаюць адзін аднаму ў задумах па афармленні і вельмі дружна збіраюцца на суботнікі па добраўпарадкаванні могілак і працяглай тэрыторыі…

У апошнія гады ўшанаванне пераможцаў раённага агляду-конкурсу на лепшае было прымеркавана да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі, але сёлета было вырашана вылучыць яго ў асобную імпрэзу – і гэта натуральна, бо свята перарасло былы фармат. Аб гэтым сведчыла запоўненая зала раённага Дома культуры: галоўныя героі мерапрыемства праявілі выключную “дысцыплінаванасць”, і нават пераможцам намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак” шаноўны ўзрост не перашкодзіў прыехаць у райцэнтр з самых аддаленых вёсак. Паглядзець на ўладальнікаў узорных аб’ектаў прыйшлі сябры, знаёмыя, проста неабыякавыя ўшачане. І калі напярэдадні гаспадары дэманстравалі камісіі свае сядзібы, вытворчыя аб’екты і тэрыторыі, то дзень ўзнагароджання стаў своеасаблівай прэзентацыяй іх саміх, нагодай дастаць з шафаў лепшыя ўборы і атрымаць прыемныя эмоцыі.

І, трэба сказаць, яны гэтую ўрачыстасць заслужылі. Бо, як адзначыла ў прывітальным слове старшыня раённага Савета дэпутатаў Вольга Мікалаеўна Захарэнка, добраўпарадкаванне – гэта не разавая акцыя, а штодзённая карпатлівая работа, на якую натхняе людзей жаданне быць сапраўднымі гаспадарамі сваёй зямлі. Калі навокол чыста і прыгожа – не толькі адпачываецца, але і працуецца лепш. Яскравы доказ гэтаму – пераможца амаль усіх “сельскагаспадарчых” намінацый ААТ “Ільюшынскі”. Дырэктар гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Халімоненка ўзнімаецца на галоўную сцэну раёна за прызамі з зайздросным пастаянствам, сёлета ж прывёз з аграгарадка цэлую дэлегацыю – лепшым прызнана не толькі само сельгаспрадпрыемства, але і малочнатаварны комплекс Ільюшына, а таксама машынны двор і мясцовае паштовае аддзяленне. А вось у кар’еры старшыні Вялікадолецкага сельсавета Алега Леанідавіча Сыса падобных перамог яшчэ не было – ён самы малады сярод сваіх калег як па ўзросце, так і па стажы работы, але гэта не перашкодзіла сёлета вывесці сельсавет у лідары адпаведнай намінацыі.

Увогуле ж цудоўнымі ўзорамі добраўпарадкавання могуць пахваліцца кожная з адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак раёна. Ну як, скажыце, не навесці прыгажосць на сваёй сядзібе селішчанцам Віктару Віктаравічу і Жанне Аляксандраўне Жмайловічам, калі жывуць яны па Кветкавым завулку? “Вось і стараемся трымаць марку, – кажуць муж і жонка. – Дзве дачкі вельмі дапамагаюць, прыязджаюць да нас амаль кожныя выхадныя, прывозяць расаду, шукаюць праз інтэрнэт цікавыя ідэі кветнікаў і малых архітэктурных форм”. Таксама для сваіх дачушак і з іх дапамогай стварае прыгажосць і ўтульнасць ля дома Лідзія Аляксееўна Шахноўская з Кубліч. З ранняй вясны да позняй восені патанае ў кветках сядзіба Галіны Мікалаеўны Панамаровай са Старага Сяла Жарскага сельсавета. Яе тыпавы домік адразу можна знайсці ў вёсцы па разных налічніках і прыгожай драўлянай агароджы – гэта справа ўмелых рук спадарожніка жыцця жанчыны. А вось Мікалай Віктаравіч і Ларыса Паўлаўна Азевічы сваю агароджу называюць тынам. Над вырабам плеценага 60-мятровага плоту працавала ўся сям’я. Набытую ў Бярэзінскім запаведніку асіну спачатку вымочвалі, каб надаць ёй патрэбныя кандыцыі, затое зараз кожны, хто праходзіць ля сядзібы, спыняе позірк на арыгінальнай і, як сцвярджае гаспадар, адносна недарагой па кошце агароджы.

Ну а стымулам і далей упрыгожваць сваю тэрыторыю і імкнуцца стаць пераможцам конкурсу з’яўляюцца каштоўныя падарункі, на набыццё якіх раённы бюджэт выдзеліў 33 мільёны рублёў. Прадпрыемствы і арганізацыі атрымалі абсталяванне для падсветкі і святочнай ілюмінацыі, а гаспадары дамоў узорнага парадку і лепшых ветэранскіх падворкаў – карысную бытавую тэхніку. Так, Уладзіміру Ільічу і Фені Аляксандраўне Мялешкам з Двор Пліна будзе дарэчы электрамясарубка, бо “сыравіна” для яе гадуецца на падворку, а на кухні ў старэйшыны вёскі Пятніцы Пятра Іванавіча Грышчанкі апроч звычайнай печы цяпер ёсць і мікрахвалевая.

Агульным жа падарункам для ўсіх прысутных стала тэматычная канцэртная праграма, прысвечаная Дню Кастрычніцкай рэвалюцыі. Сярод гледачоў было шмат людзей, большая частка жыцця якіх прыпала на савецкую эпоху, а таму зал з задавальненнем падпяваў рэвалюцыйныя песні хору народнага клуба “Ветэран”, апладзіраваў юным выканаўцам заліхвацкага “Яблычка”.Трэба адзначыць, што па некаторых намінацыях пераможцы паўтарыліся з мінулым годам. А ўсё таму, што прынцыпу — каб некага не пакрыўдзіць — не прытрымліваліся. Калі сапраўды самая дагледжаная і цікавая тэрыторыя «Ушачырайгаза», то і атрымлівае ён першае месца трэці раз запар. Не першы год шыльда «Дом узорнага парадку» мацуецца на доме Званковых. Не толькі таму, што сядзіба дагледжана, а і таму, што кожны год яна прырастае новымі элементамі добраўпарадкавання.

Прывядзём поўны пералік аб’ектаў і сядзіб, якія прызнаны лепшымі з лепшых, і з якіх варта браць прыклад:

Лепшы сельсавет» Вялікадолецкі, старшыня Алег Леанідавіч Сыс.

«Лепшае прадпрыемства гарадскога пасёлка Ушачы»філіял «Ушачырайгаз», дырэктар Аляксей Яўгенавіч Кавалёў.

«Лепшае сельскагаспадарчае прадпрыемства»адкрытае акцыянернае таварыства «Ільюшынскі», дырэктар Сяргей Анатольевіч Халімоненка.

«Лепшая жывёлагадоўчая ферма» — малочнатаварны комплекс аграгарадка Ільюшына, загадчыца Тамара Якаўлеўна Пугач.

«Лепшы машынны двор» – машынны двор ААТ «Ільюшынскі», галоўны інжынер Аляксей Сяргеевіч Клопаў.

«Лепшая ўстанова адукацыі» — «Яслі-сад № 3 г.п.Ушачы», загадчыца Святлана Іванаўна Лёля.

«Лепшая ўстанова культуры» — Вяркудскі сельскі Дом культуры, дырэктар Ірына Аляксандраўна Краснова.

«Лепшая ўстанова аховы здароўя» — «Ушацкая цэнтральная раённая бальніца», галоўны ўрач Мікалай Мікалаевіч Каспіровіч.

«Лепшае аддзяленне паштовай сувязі» — аддзяленне сувязі Ільюшына ўчастка Ушачы Полацкага РВПС, начальнік Любоў Антонаўна Мікіцевіч.

«Лепшы сельскі населены пункт»вёска Матырына Ушацкага сельсавета, старэйшына Тамара Антонаўна Каваленка.

«Лепшы старэйшына»Пётр Іванавіч Грышчанка з вёскі Пятніцы Сарочынскага сельсавета.

У намінацыі «Дом узорнага парадку» перамогу атрымалі сядзібы:

па г.п.Ушачы — Аляксандра Міхайлавіча і Марыны Анатольеўны Званковых (вул. Авангардная, д.5); Вячаслава Міхайлавіча і Ларысы Пятроўны Асіповічаў (вул.М.Бабаедава, д.34); Мікалая Віктаравіча і Ларысы Паўлаўны Азевічаў (вул. Рамантыкаў, д.2).

Вялікадолецкі сельсавет — Сяргея Іванавіча і Валянціны Станіславаўны Тычынаў (в.Касары, вул. Садовая, д. 2);

Вяркудскі сельсавет — Сяргея Уладзіміравіча і Іны Генадзьеўны Паўловічаў (в.Дубраўка, вул.Цэнтральная, д.27);

Глыбачанскі сельсавет — Уладзіміра Фёдаравіча і Святланы Васільеўны Зайцавых (аг.Глыбачка, вул. Сонечная, д. 9);

Жарскі сельсавет — Панамаровай Галіны Мікалаеўны (в.Старое Сяло, вул.Савецкая, д. 12);

Кубліцкі сельсавет — Віктара Віктаравіча і Жанны Аляксандраўны Жмайловічаў (в.Селішча, зав.Кветкавы, д.2);

Сарочынскі сельсавет — Уладзіміра Васільевіча і Святланы Мікалаеўны Маковічаў (в.Слабада, вул.Школьная, д. 8);

Ушачскі сельсавет — Міхаіла Васільевіча і Зоі Віктараўны Стрыжонкаў (в.Лутава Сяльцо, вул.Цэнтральная, д. 48).

У намінацыі «Лепшы ветэранскі падворак»

г.п. Ушачы — Пятра Пятровіча і Зінаіды Еўдакімаўны Жогаляў (вул.Калінінская, д.59), Цімафея Уладзіміравіча і Тамары Мікалаеўны Кроцікаў (вул.Горькага, д.34-1), Таранды Зоі Пятроўны (вул.Авангардная, д.18);

Вялікадолецкі сельсавет — Пятра Пятровіча і Алены Васільеўны Зенюкоў (в.Царкавішча, вул.Маладзёжная, д.65);

Вяркудскі сельсавет — Уладзіміра Мікалаевіча і Антаніны Тарасаўны Курачкіных (в.Усая, д.7);

Глыбачанскі сельсавет — Каваленка Валянціны Іванаўны (аг.Глыбачка, вул.Цэнтральная, д.18);

Жарскі сельсавет — Лапёнак Галіны Аляксандраўны (в.Вацлавова, д.50);

Кубліцкі сельсавет — Шахноўскай Лідзіі Аляксееўны (аг.Кублічы, вул.Паркавая, д.1);

Сарочынскі сельсавет — Магеркі Валянціны Мікалаеўны (в.Слабада, вул.Школьная, д.20);

Ушацкі сельсавет — Уладзіміра Ільіча і Фені Аляксандраўны Мялешкаў (в.Двор Пліна, вул.Партызанская, д.6).

У сувязі з тым, што ні адным прадпрыемствам гандлю і комплексным прыёмным пунктам не выкананы асноўныя крытэрыі, вызначаныя інструкцыяй аб аглядзе-конкурсе, пераможцы ў гэтых намінацыях не вызначаліся.

Н.БАГДАНОВІЧ, В.КАРАЛЕНКА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *