В рамках республиканской профсоюзной акции «Наш животновод» на Ушаччине прошло соревнование среди животноводческих ферм

В общественных организациях Сельское хозяйство

Беларускі прафсаюз работнікаў аграпрамысловага комплексу сёлета праводзіць рэспубліканскую акцыю “Наш жывёлавод”, галоўная мэта якой – заахвочванне работнікаў жывёлагадоўчай галіны і стварэнне належных бытавых умоў на рабочых месцах. У нашым раёне ў рамках акцыі было вырашана правесці раённае спаборніцтва і вызначыць лепшую малочнатаварную ферму сярод гаспадарак раёна. Днямі інтрыга вырашылася і сталі вядомы два пераможцы, якія атрымалі падарункі.

“Цяпер некалі працаваць, будзем пра перакусы думаць, дамашнія катлеты і піражкі ў новай мікрахвалевай печы грэць!” – жартавалі работнікі ільюшынскага комплексу і шчыра радаваліся каштоўнаму падарунку, які адразу ж заняў пачэснае месца ў пакоі для адпачынку і прыёму ежы. Так, менавіта гэты жывёлагадоўчы калектыў стаў адным з пераможцаў раённага спаборніцтва.

– Трэба адзначыць, што да вызначэння лепшых мы падыходзілі грунтоўна і максімальна справядліва. У склад спецыяльна створанай  камісіі ўваходзіў першы намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сяргеевіч Садоўскі, прадстаўнікі райсельгасхарча і ветстанцыі. Мы аб’ехалі ўсе жывёлагадоўчыя фермы, а ключавымі фактарамі былі не толькі вытворчыя паказчыкі, а і ўтрыманне жывёлы, парадак на тэрыторыі каля аб’ектаў, выкананне працоўнай дысцыпліны работнікамі. На ільюшынскім комплексе хаця і не рэкордныя, але прыстойныя паказчыкі: надоі на карову па выніках года лепшыя ў раёне, шмат увагі ўдзяляецца навядзенню парадку: на тэрыторыі зроблены клумбы, пафарбаваны памяшканні. Ды і на гэтым аб’екце працуе нямала людзей, а значыць наша акцыя заахвоціць вялікую колькасць жывёлаводаў”, – адзначае старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Кацярына Аляксандраўна Рэут.

Не толькі мікрахвалёўцы радаваліся ільюшынцы: калектыву быў уручаны яшчэ і электрачайнік, набор посуду. Далучылася да акцыі і раённае аб’яднанне прафсаюзаў –  яго старшыня Марыя Аляксееўна Шаўчэнка паднесла працаўнікам вялізны каравай, а таксама набор духмянага чаю непасрэдна загадчыцы комплексу Ларысе Сяргееўне Івановай. Яна ўзначаліла комплекс нядаўна, але яе мэтанакіраванасць і арганізатарскія здольнасці адзначае як кіраўніцтва гаспадаркі, так і непасрэдныя падначаленыя.

Такі ж набор каштоўных прэзентаў быў падораны на гэтым тыдні і другому пераможцы спаборніцтва – калектыву малочнатаварнай фермы “Міхалкаўшчына” КУСГП “Вялікадолецкае”. Бытавая тэхніка была вельмі дарэчы для іх сціплага пакою адпачынку. На аб’екце працуе ўсяго тры даяркі і тры жывёлаводы, аднак яны вельмі стараюцца, каб паспяваць выконваць немалы аб’ём работы. Радуе вока і парадак на тэрыторыі фермы. Калі трэба, нароўні з усімі за любую справу бярэцца і загадчыца Людміла Мікалаеўна Салавей, якая на працягу апошняга года з’яўляецца яшчэ і старшынёй прафсаюзнай “пярвічкі” сельгаспрадпрыемства.

У адрас усіх працаўнікоў ферм прагучалі пажаданні моцнага здароўя, поспехаў і годнай зарплаты. А пасля некалькіх урачыстых хвілін у разгар рабочага дня аграрыі зноў вярнуліся да выканання сваіх абавязкаў. Тым часам рэспубліканская прафсаюзная акцыя “Наш жывёлавод” працягваецца, у яе рамках на працягу года яшчэ плануецца ўзнагародзіць лепшых працаўнікоў галіны за асабістыя высокія паказчыкі ў вытворчасці.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *