Первый случай коронавируса и ажиотаж в аптеках. Выясняем ситуацию: стоит ли волноваться ушачанам?

Здравоохранение Падзеі

Тэма каранавірусу зараз вельмі актуальная. Адказаць на найбольш хвалюючыя жыхароў нашага раёна пытанні, звязаныя з яго распаўсюджаннем і прафілактыкай, мы папрасілі спецыялістаў шэрагу службаў Ушаччыны.

Пацверджаны адзін выпадак

Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Ушацкага раёна Паўла Аляксандравіча Саўчанкі, на 29 сакавіка ў нас пацверджаны адзін выпадак заражэння каранавірусам COVID-19. Самаадчуванне пацыента добрае, аднак ён ізаляваны і знаходзіцца ў інфекцыйным аддзяленні райбальніцы. Экстранна былі абследаваны і ізаляваны грамадзяне, якія цесна кантактавалі з хворым. Ва ўсіх іх тэсты аказаліся адмоўнымі, аднак медыкі будуць працягваць назіранне за гэтымі людзьмі на працягу 14 дзён. Зараз пад іх увагай і так званыя кантакты другога ўзроўню.

У “інфекцыі” знаходзіцца зараз таксама адзін чалавек, што вярнуўся з краіны з неспрыяльнай эпідсітуацыяй. Вынікі праведзеных лабараторных даследаванняў на момант падрыхтоўкі артыкула яшчэ не былі вядомыя.

Новая сітуацыя – новыя ўмовы

Эпідсітуацыя, вядома, аказала значны ўплыў на работу ўстаноў аховы здароўя, у тым ліку Ушацкай ЦРБ. У прыярытэце зараз аказанне дапамогі на доме пажылым грамадзянам і тым, што маюць хранічныя захворванні. На каранціне знаходзіцца стацыянар райбальніцы – наведваць пацыентаў забаронена, а вось перадаць ім штосьці можна праз работнікаў прыёмнага пакою. Як нам расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Наталія Васільеўна Дрозд, на больш позні тэрмін перанесены планавыя вакцынацыі і работа дзённага стацыянару. Ролю своеасаблівага “кол-цэнтра” ўзяла на сябе рэгістратура – звяртацца сюды па нумары 5-21-57 рэкамендуецца абсалютна ўсім, хто адчуў недамаганне ці па іншых прычынах мае намер прыйсці ў паліклініку.

Асартымент абнаўляецца

Баючыся заражэння, многія ўшачане актыўна рушылі за сродкамі прафілактыкі і рознымі медыкаментамі. Прычым, як расказала загадчыца цэнтральнай аптэкі №65 г.п.Ушачы І.М.Жынь, набывалі медыкаменты і сродкі аховы з характэрнай для нашага народа запаслівасцю: калі медыцынскія маскі – то адразу для ўсіх членаў сям’і і знаёмых, калі парацэтамол – то па дзесяць і нават больш упаковак. У выніку тое-сёе з паліц ушацкіх аптэк на дзень-два знікла. Аднак панікаваць у такой сітуацыі не трэба! Як запэўніла Ірына Мікалаеўна, усё пералічанае ёсць на складзе і па меры неабходнасці падвозіцца. Чарговая “порцыя” медыцынскіх масак (звыш 500 штук) паступіла ў продаж ужо сёння, заўтра пашырыцца і пералік прэпаратаў, у тым ліку супрацьвірусных, для дзяцей. Дарэчы, часовая адсутнасць таго ж парацэтамолу таксама не павінна пужаць: у аптэках прадстаўлена звыш 20 відаў лекавых сродкаў, у складзе якіх ён ёсць. Маску ж заўсёды можна зрабіць самому з марлі ці бінту.

Аўтобусы не адмяняюцца

Занепакоіла многіх і інфармацыя ў інтэрнэце пра спыненне работы грамадскага транспарту ў абласным цэнтры, дзе зараз назіраецца неспрыяльная эпідэмічная сітуацыя, і закрыццё дарог на ўездзе ў горад. Маўляў, усё гэта прывядзе да адмены рэйсаў з райцэнтра ў Віцебск і ў адваротны бок. Аднак, як запэўніла начальнік участка Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацка Кацярына Аркадзьеўна Марачкіна, звесткі з сусветнай павуціны не адпавядаюць рэчаіснасці, усе аўтобусы і маршрутныя таксі ў абласны цэнтр ходзяць па звычайным графіку. Калі нешта зменіцца, ушачан пра гэта абавязкова праінфармуюць праз адмысловыя аб’явы на аўтастанцыі і на старонках “Патрыёта”. Не лішнім будзе нагадаць, што патрабаванням да санітарнай апрацоўкі салонаў грамадскага транспарту – поручняў, сядзенняў – зараз надаецца асаблівая ўвага.

З дастаўкай на дом

Працягваюць сваю работу “гарачыя лініі” (5-03-75, 5-75-42) па садзейнічанні непрацаздольным адзінокім грамадзянам, інвалідам 1 і 2 груп у набыцці і дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці, медыкаментаў. Па словах намеснік дырэктара ТЦСАН Ганны Карлаўны Лышко, пакуль ад жыхароў раёна паступіла два звароты – абодва хутка вырашаны сіламі сацслужбы і філіяла аблспажыўтаварыства. Калі будзе такая неабходнасць, падключацца і валанцёры з ліку актывістаў раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і БРСМ. Дарэчы, звязацца з моладдзю для вырашэння пытанняў, звязаных, скажам, з заказам тавараў праз інтэрнэт, можна з панядзелка па суботу з 9.00 да 17.00 па нумары 5-77-84.

За дзецьмі “прыгледзяць” педагогі

Яшчэ да пачатку вясенніх канікул бацькі школьнікаў задаліся пытаннем арганізацыі вольнага часу для дзяцей. Калі старэйшых хлопчыкаў і дзяўчынак, пакуль мама і тата на рабоце, можна пакінуць дома, з малодшакласнікамі ўзнікае праблема (з бабулямі і дзядулямі – так званай “групай рызыкі” – ва ўмовах пандэміі кантактаваць спецыялісты не рэкамендуюць). У аддзеле па адукацыі гэта добра разумеюць, таму адмяняць на бягучым тыдні работу лагераў на базе Ушацкай школы і раённага цэнтра дзяцей і моладзі не сталі. Праўда, істотна зменшылі колькасць наведвальнікаў лагераў і, улічваючы ўсе санітарна-эпідэміялагічныя патрабаванні, скарэкціравалі план работы з дзецьмі.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *