Как в Ушачах соблюдаются меры профилактики в общественных местах в связи с коронавирусом

Общество

На момант падрыхтоўкі артыкула (раніца 3 красавіка) у Беларусі зарэгістравана 304 выпадкі заражэння на каранавірус COVID-19, памерлі чацвёра чалавек, вылечыліся 53. Ва Ушацкім раёне па-ранейшаму пацверджаны толькі адзін факт заражэння, пацыент адчувае сябе добра і, знаходзячыся ў інфекцыйным аддзяленні райбальніцы, чакае выніковага тэста.

Як нам расказала намеснік галоўнага ўрача па медыцынскім абслугоўванні насельніцтва Н.В.Дрозд, ва Ушацкай ЦРБ біялагічны матэрыял для наступнага лабараторнага даследавання на COVID-19 узяты ўжо ў 58 чалавек. Вынікі ва ўсіх выпадках, акрамя прыгаданага вышэй, аказаліся адмоўнымі. Пад назіраннем медыкаў зараз – 18 кантактных асоб: 10 з іх знаходзяцца ў бальніцы, 8 – дома на ўмовах самаізаляцыі.

Належная апрацоўка

Усё менш грамадзян карыстаюцца зараз паслугамі грамадскага транспарту. На мінулым тыдні па маршрутах “Ушачы–Віцебск” і “Віцебск–Ушачы” пасажыраў практычна не было. У гэтай сувязі прыватнае прадпрыемства “Вітбустранс”, якое ажыццяўляла перавозкі, з 1 красавіка адмяніла ранішні і вячэрні рэйсы. Але як нам паведамілі на ўчастку Ушачы філіяла АТП №6 г.Наваполацк, самы запатрабаваны ў жыхароў раёна дзённы рэйс – з адпраўленнем у абласны цэнтр у 13.00 – захаваны.

Клапоцяцца ў АТП і пра годны санітарны стан салонаў грамадскага транспарту. Упэўніліся ў гэтым, “сустрэўшы” на аўтастанцыі Ушачы некалькі рэйсавых аўтобусаў. Адразу пасля іх прыбыцця абслугоўваючы персанал спецыяльным растворам апрацоўвае поручні, сядзенні і нават аконныя рамы. У ліку абавязковых працэдур – праветрыванне.

Завочная сувязь

Бадай, самым запатрабаваным месцам у многіх пажылых людзей (галоўнай групы рызыкі!) з’яўляецца пошта. Чэргі, большую частку якіх складаюць менавіта пенсіянеры, ва Ушачах выстройваюцца і зараз. І дарэмна! РУП “Белпошта” прапануе адзначанай катэгорыі абслугоўванне на доме. Такім чынам можна атрымаць пенсію (дапамогу), аплаціць камунальныя паслугі, выпісаць друкаваныя сродкі масавай інфармацыі. Заяўку на аказанне такога роду паслуг ва Ушачах можна падаць па тэлефоне 5-72-73 ці нумары кантакт-цэнтра РУП “Белпошта” 154 (званок бясплатны).

Мінімізаваць наведанне сэрвісных цэнтраў раіць і РУП “Белтэлекам”. Аформіць заяўку на падключэнне новай паслугі, змяніць тарыфны план ці задаць пытанне спецыялісту можна праз сэрвіс “Мой Белтэлекам”, што ўстанаўліваецца ў якасці дадатка на смартфон, планшэт ці дамашні камп’ютар. Аналагічныя прапаноы ёсць на сайтах beltelecom.by, yasna.by, byfly.by, zala.by. Неабходную ж кансультацыю кругласутачна можна атрымаць па нумары 123 (званок платны).

Дапамогуць не толькі адзінокім

У тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працягвае сваю работу “гарачая лінія” па пытаннях садзейнічання ў набыцці і дастаўцы прадуктаў харчавання, прадметаў першай неабходнасці, лекаў. Разлічваць на гэта зараз могуць не толькі інваліды 1 і 2 груп, адзінокія непрацаздольныя грамадзяне, аднак і тыя пенсіянеры, што маюць блізкіх, але пражываюць адны.

На 3 красавіка ўзгаданай прапановай сацслужбы скарысталіся трое жыхароў раёна.

Лепш – дыстанцыйна

Як вядома, грамадзянам зараз рэкамендавана максімальна скараціць прабыванне ў грамадскіх месцах, а візіты ў банк замяніць дыстанцыйным абслугоўваннем. Як патлумачылі нам у ЦБП №237 “Белаграпрамбанка”, з гэтай нагоды ў ім вылучаны спецыяльны нумар 5-88-44, пазваніўшы па якім, ушачане могуць атрымаць кансультацыю па ўстаноўцы мабільнага і інтэрнэт-банкінга, высветліць усе пытанні, якія не датычацца банкаўскай тайны. У ЦБУ №221 “Беларусбанка” таксама працуюць асобныя нумары для атрымання кансультацый: 147 і 5-85-90 – па агульных пытаннях, 5-88-96 – для тых, хто афармляе крэдыты на будаўніцтва жылля.

Сярод кліентаў банкаў шмат пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі па рэспіраторных захворваннях. Ім, вядома ж, пажадана пакуль увогуле ўстрымацца ад наведвання банка. Калі ж у гэтым маецца неадкладная патрэба – у “Беларусбанк” лепей планаваць свой візіт з 9 да 11 гадзін, у “Белаграпрамбанк” – з 14.00 да 15.30, такі час спецыяльна вылучаны для абслугоўвання людзей сталага ўзросту ў мэтах змяншэння кантактаў. Адпаведна, астатніх кліентаў просяць устрымацца ў гэты час ад наведання.

Тым жа кліентам, што прыходзяць у банк, трэба выконваць правілы бяспекі: захоўваць сацыяльную дыстанцыю, пры неабходнасці апрацоўваць рукі ў санітарнай зоне.

Уваход закрыты!

Трапіць на прывычную дагэтуль фотасесію ў аздараўленчы лагер “Сонейка”, што ў перыяд вясенніх канікул адкрываецца на базе Ушацкай школы, цяпер не атрымалася. У перыяд няпростай эпідэмічнай сітуацыі ўваход сюды (як і ва ўсе іншыя ўстановы адукацыі раёна) чужых асоб строга забаронены! Больш таго, змяніўся тут і “ўнутраны распарадак”. Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце С.Д.Галай, каб знізіць рызыку заражэння, два атрады лагера ўпершыню “раз’ехаліся” па розных паверхах. Большасць мерапрыемстваў праводзяцца ў прасторных актавай і спартыўнай залах, на свежым паветры. Няма праблем і з арганізацыяй харчавання школьнікаў: сталовая на 200 пасадачных месцаў дазваляе вытрымліваць бяспечную дыстанцыю паміж дзецьмі.

І ўсё ж многія бацькі вырашылі падстрахавацца і па магчымасці пакінуць сыноў і дачок дома. Па словах начальніка “Сонейка” Л.А.Бабаедавай, з 45 запісаных у лагер школьнікаў штодня наведвалі яго толькі каля 15-20.

Абедаюць паасобку

Аднымі з першых адгукнуліся на новыя патрабаванні часу аб’екты грамадскага харчавання. Каб захаваць бяспечную адлегласць паміж наведвальнікамі, у кафэ “Папараць-кветка” па-іншаму расставілі сталы. Між тым, “вытрымаць дыстанцыю” і так можна без праблем: колькасць кліентаў у гэтай кропцы скарацілася амаль напалову. Нават у абедзенны перапынак большасць пасадачных месцаў, што непрывычна, застаюцца пустымі. Абслугоўванне – выдача прадукцыі і разлік на касе – ажыццяўляецца работнікамі ў масках і гумавых пальчатках. Заўсёды пад рукой – санітайзеры.

Пра сродкі аховы для сваіх работнікаў і кліентаў паклапаціліся таксама магазіны раёна. Некаторыя (да прыкладу, “Востаў чысціні”) прадугледзелі ў гандлёвых залах яркія “напаміналкі” аб неабходнасці захавання дыстанцыі.

***

Ушачане за мяжой

Святлана Кашко. Жыве ў Барселоне (Іспанія), трымае пастаянную сувязь з роднымі, у прыватнасці з сям’ёй Каваленка:

– Раней кожную раніцу рабіла прабежкі да мора – жывём у кватэры на ўскрайку горада. Калі пачалося масавае заражэнне, у горадзе ўвялі надзвычайнае становішча, забаранілі людзям без справы пакідаць кватэры. Дазвалялася толькі ў магазін і аптэку ў вызначаныя гадзіны, абавязкова ў пальчатках, масцы і даўгой накідцы. Прычым і там нельга было хадзіць і разглядаць паліцы, пакупнік павінен дакладна сказаць, што патрэбна, і хутка пакінуць установу. Проста выйсці на вуліцу дазвалялася толькі для выгулу сабак. І іх пачалі “браць на пракат”. Жывёла нават і не хацела ўжо гуляць, а яе цягнулі чарговыя “гаспадары”. Зараз новы ўсплёск захворвання і ў саміх не паўстае жадання выходзіць з кватэры – нуль кантактаў, сядзім з зачыненымі вокнамі. Ніхто не працуе. Інфармацыю атрымліваем праз інтэрнэт і тэлебачанне. Смяротнасць дасягнула да 900 чалавек у суткі. Хаваць нябожчыкаў не паспяваюць, пачалі крэміраваць.

Таццяна Леанідаўна Власенка:

– На поўначы Італіі, у горадзе Бальцана зараз у ліцэі вучыцца малодшая дачка Вера. Навучанне дыстанцыйнае, аднак праграму не мянялі, “падсунуць” выкладчыкам спісаны ў інтэрнэце адказ таксама не атрымаецца. Іспыты па тэмах ідуць у анлайн-рэжыме: пытаюцца – адказваеш. У магазін ці аптэку дазволена выходзіць, маючы на руках запоўненую анкету, у якой пазначаны маршрут. Яе паказваеш паліцэйскаму. Прагулкі без мэты забаронены. Штраф за выхад без справы даходзіць да 3 тысяч еўра.

Марыя Аляксееўна Шаўчэнка:

– Сястра Алёна працуе ў лагістычнай фірме ў Маскве. Зараз яе супрацоўнікі пераведзены на працу на аддаленні – пастаянна знаходзяцца за камп’ютарам. З’явіцца ў фірму пры неабходнасці можна толькі на таксі (зразумела, у масцы і пальчатках), назад могуць развозіць на сваім аўтобусе. Аднак больш чым хваробы супрацоўнікі баяцца скарачэння. Паколькі кампанія як і многія іншыя працуе не на поўную загрузку, нядаўна да таго ж былі аб’яўлены канікулы, то пачалі “сартаваць” супрацоўнікаў на незаменных, заменных і тых, без каго можна абысціся. Усе баяцца аказацца ў трэцяй групе.

Ларыса Аляксееўна Алабіна:

– Хаця дачка жыве на самым поўдні Італіі, дзе не такое страшнае становішча, як на поўначы, аднак усё роўна хвалююся. Кожны дзень трымаем сувязь. У горадзе таксама аб’яўлены каранцін, ніхто проста так не ходзіць. І зяць, і ўнук вучацца і працуюць дыстанцыйна, выходзяць толькі за прадуктамі (у магазін запускаюць па 10 чалавек), а таксама падыхаць свежым паветрам. Паколькі жывуць у сваім доме з немалым унутраным дваром, то з гэтым праблем няма. Ну а асабістыя меры перасцярогі павышаныя.

Падрыхтавалі Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *