Профсоюзный лидер и опытный бухгалтер. Более трёх десятков лет трудится в ОАО «Ильюшинский» Жанна Клопова

Общество

Адной з самых актыўных, дзейсных прафсаюзных арганізацый у сельгаспрадпрыемствах Ушаччыны несумненна можна назваць “пярвічку” ААТ “Ільюшынскі”. Прафсаюзным жа лідарам і “рухавіком” карысных спраў на прадпрыемстве вось ужо 15 гадоў з’яўляецца Жанна Васільеўна Клопава.

Увесь яе працоўны шлях звязаны з аграрнай галіной і нашым раёнам. У 1989-м годзе ўраджэнка суседняй Лепельшчыны пасля заканчэння Полацкага сельгастэхнікума па размеркаванні прыехала працаваць бухгалтарам у “Чырвоны прамень”. Пасля далучэння гэтай гаспадаркі да “Ільюшынскага” ўлілася ў новы калектыў, але нязменнымі засталіся яе абавязкі і старанныя адносіны да справы. Таму калі на выбарчым прафсаюзным сходзе вылучалі старшыню “пярвічкі”, работнікі прапанавалі кандыдатуру Жанны Васільеўны. І ўжо тры пяцігодкі запар яна імкнецца апраўд­ваць аказаны давер.

Што дае нам прафсаюз? На гэтае пытанне ільюшынцам ёсць што адказаць! Калектыўным дагаворам, заключаным паміж адміністрацыяй і прафкамам, прадугледжаны комплекс сацыяльных гарантый і матэрыяльнага заахвочвання работнікаў. Напрыклад, дзіцячыя пуцёўкі ў лагер “Турасполле” бацькі школьнікаў атрымліваюць абсалютна бясплатна. Члены прафсаюза могуць паправіць сваё здароўе ў санаторыях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, аплаціўшы 50 працэнтаў кошту пуцёўкі. “Заўсёды прапаноўваю гэта зрабіць нашым працаўнікам, аднак мала хто карыстаецца такой магчымасцю і аддаюць перавагу адпачынку дома”, – расказвае Ж.В.Клопава. Ніколі не застаецца прафсаюз убаку ад важных падзей у жыцці сваіх работнікаў: да вяселля яны атрымліваюць 5 базавых велічынь, столькі ж – пры нараджэнні першага дзіцяці, а тыя, хто адпраўляецца служыць у армію – дзве. Памятаюць у гаспадарцы і пра ветэранаў – на юбілейныя даты ці калі праводзяць на заслужаны адпачынак, яны не застаюцца без падарункаў. Да навагодніх святаў кожны член прафсаюза, а таксама іх дзеці да 16 гадоў атрымліваюць ласункі. Усяляк падтрымліваюць і маладых спецыялістаў: калі ім патрэбна мэбля, рэчы першай неабходнасці, то гаспадаркай выдаецца беспрацэнтны крэдыт на набыццё такіх тавараў, ёсць дамоўленасць з райспажыўтаварыствам. Выдзеленая сума потым часткамі ўтрымліваецца з заработнай платы. Ну і, канечне, пры ўмове дасягнення высокіх паказчыкаў працаўнікі заахвочваюцца не толькі прэміямі, а і жывымі падарункамі – бычкамі. Зараз жа ў “Ільюшынскім” стартуе ўнутрыгаспадарчае спаборніцтва сярод занятых на яравой сяўбе. Удзельнічае калектыў і ў спартыўных, грамадска-палітычных мерапрыемствах раёна, а вось у сумесныя паездкі і экскурсіі з-за занятасці выбіраюцца нячаста.

“Як кажуць, адзін у полі не воін, і многае ў мяне не атрымалася б без падтрымкі калектыву. З кадравіком і ідэолагам Таццянай Барысаўнай Бондаравай мы наогул працуем у цесным тандэме”, – гаворыць Ж.В.Клопава.

Нельга не адзначыць, што ільюшынская “пярвічка” адна з нямногіх, якая практычна не мае запазычанасці па адлічэннях у райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Жанна Васільеўна не лічыцца з асабістым часам, калі трэба давесці да ладу бухгалтарскія справы ці прыняць удзел у суботніку, скрупулёзна адносіцца да падлікаў і з павагай да акружаючых, умее выслухаць, дапамагчы і даць дзейсную параду маладым калегам. Аб тым, што яна выдатна спраўляецца і з асноўнымі працоўнымі абавязкамі, і з грамадскай нагрузкай, сведчаць многія ўзнагароды. Напрыканцы мінулага года Ж.В.Клопавай была ўручана Ганаровая грамата Віцебскага абласнога аб’яднання Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі. А ў пачатку года за шматгадовую добрасумленную працу ў галіне сельскай гаспадаркі Падзяку жанчыне ўручыў старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка. З нагоды юбілею прымала яна нядаўна віншаванні ад калег, знаёмых, а таксама родных: любячы муж, двое сыноў, нявесткі і дзве ўнучкі ганарацца ёй і натхняюць на працоўныя дасягненні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *