В здравнице всё спокойно! Информация о том, что в «Лесные озёра» из санатория «Лётцы» перевезли заражённых коронавирусом, является фейком

Общество

Днямі давялося пачуць “навіну”, што ў санаторыі “Лётцы” выявілі хворых на каранавірус і з гэтай прычыны адпачываючых сталі экстранна развозіць па іншых здраўніцах. Маўляў, два аўтобусы “небяспечных гасцей” прыбылі і ў нашы “Лясныя азёры”, тым самым стварыўшы падставу для пагаршэння эпідэмічнай сітуацыі на Ушаччыне.
Мы вырашылі наведацца ў санаторый, каб высветліць сітуацыю. Адразу скажам, што па афіцыйнай інфармацыі, “Лётцы” насамрэч зараз памянялі свой статус: з-за росту захваральнасці ў абласным цэнтры здраўніцу часова перапрафілявалі пад каранцінны аб’ект для размяшчэння так званых кантактаў першага ўзроўню. Менавіта каб вызваліць санаторый, людзей, што там адпачывалі, накіравалі ў іншыя здраўніцы. Пэўная іх частка сапраўды пераехала ў “Лясныя азёры”. “Усе нашы госці здаровыя, – сцвярджае дырэктар здраўніцы Віктар Мікалаевіч Грынкевіч.
– Медыцынскі агляд яны праходзілі і пры паступленні ў “Лётцы”, і адразу, як прыбылі да нас. Больш таго, зараз у санаторыі прыняты звышардынарныя меры для своечасовага выяўлення захворванняў: тройчы на суткі кожнага адпачываючага аглядае ўрач, наяўнасць рэспіраторных сімптомаў правяраецца і ў персаналу здраўніцы – у кожнай службе вызначаны адказныя асобы, якія за гэтым сочаць.
Выконваюць у санаторыі і ўсе рашэнні органаў абласной і раённай заканадаўчай улады, рэкамендацыі Мінздрава. Каб абмежаваць кантакты, адпачываючыя размеркаваны ў пакоях па адным (за выключэннем сямей), харчаванне арганізавана ў дзве змены, павялічана колькасць прыбіранняў у памяшканнях, пры мыцці посуду, падлогі выкарыстоўваюцца антысептыкі. Скарочаны рэжым работы кафэ “Ландыш”: прыйсці сюды можна з 13 да 19 гадзін, аднак кухня працуе даўжэй, таму заказаць любімыя стравы магчыма і ўвечары – іх упакуюць на вынас у пластыкавыя кантэйнеры.
Ну а якія ўражанні ад “Лясных азёр” склаліся ў саміх гасцей? Запыталіся пра гэта ў тых, хто прыехаў з “Лётцаў”.
– Мы ў вашым санаторыі пяты дзень, – кажуць віцябчане Аксана і Міхаіл Федчанкі. – Калі паведамілі, што трэба будзе адправіцца ў “Лясныя азёры”, пачалі чытаць водгукі ў інтэрнэце – і ўсё станоўчае аказалася рэальным. Проста ў захапленні ад урачоў і ўсяго медперсаналу! Доктар Кавалёў з яго ўдарна-хвалевай тэрапіяй – сапраўдны чараўнік, у маладога масажыста Марыны Грыневіч – проста залатыя рукі… Адным словам, апісваць нашы ўражанні можам доўга. Так што скажам галоўнае: здаецца, знайшлі для сябе новы любімы санаторый.
А вось сяброўкі з Жодзіна Таіса Сацукевіч і Віка Валёха ў нашай здраўніцы ўжо адпачывалі два гады таму. “Было добра, а стала яшчэ лепш!” – коратка ацанілі яны ўбачанае. А яшчэ падзякавалі, што з-за ўзнікшай сітуацыі з тэрміновай неабходнасцю перапрафілявання “Лётцаў” адпачынак ім усё ж не прыйшлося перарываць. Жанчыны яго цалкам заслужылі, бо працуюць у службе “хуткай дапамогі”. І нам вельмі хочацца, каб у “Лясных азёрах” яны ў тым ліку ўмацавалі імунітэт – у цяперашняй сітуацыі гэта вельмі важна. Ужо ў другой палове красавіка яны зноў выйдуць на сваю рызыкоўную і надзвычай патрэбную зараз работу, з новымі сіламі прыйдуць на дапамогу калегам, якія зараз на перадавой барацьбы з эпідэміяй. Сёння ж, да слова, у Таісы Уладзіміраўны дзень нараджэння і правесці яго яна збіраецца на прыродзе. Як медык, яна раіць ушачанам выходзіць на прагулкі, але, канечне, у бязлюдных месцах. А яшчэ лічыць, што адна з галоўных парад у цяперашні час – ні ў якім разе не панікаваць, бо напружаны нервовы стан вельмі негатыўна ўплывае на арганізм, перашкаджае яму змагацца з вірусамі.
Ушачане па-ранейшаму могуць атрымліваць у санаторыі медыцынскія паслугі. Для гэтага ў здраўніцы створаны так званы “зялёны калідор”, які дазваляе максімальна зменшыць кантактаванне. Цяпер за медыцынскай даведкай для лячэння не трэба ісці ва Ушацкую ЦРБ: працэдуры назначыць урач санаторыя. На КПП здраўніцы варта паведаміць пра мэту візіту, дзяжурны патэлефануе ў лячэбны корпус, вас сустрэнуць і правядуць у кабінет, дзе няма чаргі.
Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымку: начальнік сектара маркетынгу С.Сляцкі, В.Валёха, В.Грынкевіч, Т.Сацукевіч.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *