Жителя Ушач будут судить за мошенничество на 100 тысяч рублей

Происшествия

На мінулым тыдні пракуратура Віцебскай вобласці вывучыла і накіравала ў суд Першамайскага раёна г.Віцебска даволі незвычайную крымінальную справу ў адносінах мужчыны, які ашукваў і раскручваў на грошы знаёмых дзяўчат. Для нас жа гэта гісторыя цікавая тым, што яе галоўным фігурантам з’яўляецца 32-гадовы жыхар Ушач.

Малады чалавек (назавём яго М.), які ўжо быў раней судзімы за махлярства, прыдумаў не надта мудрагелістую схему, якая, аднак, спраўна прыносіла яму добры даход на працягу двух год. На сайце ў інтэрнэце ён знаёміўся з дзяўчатамі з розных гарадоў, а каб заваяваць іх давер, у асобных выпадках прадстаўляўся супрацоўнікам органаў унутраных спраў. Пад чары віртуальнага казановы трапілі шэсць жыхарак Віцебска, Мінска, Полацка, Гродна і Міёр. Усім ім М. расказваў гісторыі, ды такія шчымлівыя, што дзяўчаты з гатоўнасцю пазычалі хлопцу грошы, бралі для яго крэдыты ў банках, куплялі рэчы.

Так, напрыклад, у мінулым сакавіку наш зямляк напісаў у сацыяльных сетках жыхарцы Міёр, што трапіў у надта цяжкую жыццёвую сітуацыю – маўляў, тэрмінова патрэбны грошы на рамонт аўтамабіля. Добрая дзяўчына падставіла плячо, пазычыўшы яму 900 рублёў. Акрылены такім поспехам, віртуоз ачмурэння ўгаварыў сяброўку ўзяць для яго крэдыт, а потым – яшчэ і аформіць растэрміноўку на два смартфоны коштам па 2000 рублёў кожны. Усяго яму ўдалося вывудзіць у яе больш 15000 рублёў! Калі ж напрыканцы лета “спонсарша” ўрэшце рэшт уцяміла, што вяртаць даўгі і разлічвацца па крэдытах “гаротнік” не збіраецца, яна звярнулася ў міліцыю…

Крымінальная справа ў адносінах ушацкага махляра знаходзілася ў вытворчасці Следчага камітэта па Віцебскай вобласці. У ходзе расследавання за М. налічылі аж 50 эпізодаў махлярскай дзейнасці, а сума, на якую яму ўдалася пажывіцца за кошт даверлівых кабет, склала больш 100 тысяч рублёў!

Нашаму земляку прад’яўлена абвінавачванне ў махлярстве ў асабліва буйных памерах: адпаведна санкцый часткі 4 артыкула 209 КК яму пагражае да 10 год пазбаўлення волі.

Ну а гэта гісторыя можа паслужыць чарговым урокам для даверлівых асоб, якія так лёгка паддаюцца чарам прайдзісветаў. Здавалася б, ну як можа той, хто ў сваім розуме, аддаць усе зберажэнні чалавеку, з якім меў зносіны толькі праз інтэрнэт? Але, відаць, прымаўка пра тое, што жанчына кахае вушамі, застанецца актуальнай ва ўсе часы. З гэтай нагоды хочацца ў чарговы раз параіць грамадзянам не быць легкадумнымі і не пазычаць грошы малазнаёмым. Ну а калі ўсё ж сабраліся гэта зрабіць – не палянуйцеся аформіць здзелку натарыяльна.

Н.АВАДНЁВА, намеснік пракурора Ушацкага раёна.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *