Заброшенные и недостроенные здания не место для игр и фотосессий! Ушачские спасатели провели рейд по потенциально опасным объектам

Профилактика и безопасность

На Віцебшчыне штогод ад знешніх прычын гіне каля двух дзясяткаў дзяцей. Пытанне іх бяспекі становіцца асабліва актуальным менавіта на канікулах, калі падлеткі больш часу праводзяць на вуліцы.

Між тым, вольнае баўленне часу без нагляду дарослых часта прыводзіць іх на патэнцыяльна небяспечныя аб’екты. І вельмі часта доступ туды ніяк не абмежаваны. Гэта кар’еры, штучныя вадаёмы, воданапорныя вежы, будоўлі, палігоны цвёрдых бытавых адходаў, невыкарыстоўваемыя будынкі сацыяльнага і вытворчага прызначэння – у пашпарце аб’ектаў, якія ўяўляюць пагрозу жыццю і здароўю людзей на тэрыторыі Ушаччыны, такіх значыцца больш за паўсотні, а ёсць яшчэ значная колькасць старых і трухлявых дамоў.

Нядаўна выратавальнікі сумесна са спецыялістам па ахове працы ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама правялі рэйд па такіх аб’ектах.

– Нічога дрэннага тут не робім, проста гуляем у вайнушку! – казалі хлопчыкі, якіх удзельнікам рэйду ўдалося застаць у Слабадзе. Калісьці былая школа набыла другое жыццё і ў яе будынках з’явіўся турыстычны аб’ект. Аднак хутка ён спыніў сваю дзейнасць і збудаванні пачалі разбурацца. З дзецьмі і іх бацькамі была праведзена прафілактычная гутарка аб тым, што гульні ў падобных месцах могуць абярнуцца трагедыяй. Напрыклад, пару гадоў таму ў Магілёве трое дзяцей 9 і 10 гадоў пайшлі гуляць у недабудаваны дом, дзе на іх абрушылася бетоннае перакрыцце. Двое хлопчыкаў аказаліся пад заваламі: адзін загінуў на месцы, а другі са шматлікімі цяжкімі траўмамі быў дастаўлены ў бальніцу. За яго жыццё змагаліся самыя вопытныя медыкі краіны, але праз паўтара тыдня ён памёр…

Рэйд прайшоў на тэрыторыі Сарочынскага, Глыбачанскага, Вяркудскага сельсаветаў, аднак небяспечныя аб’екты ёсць у многіх кутках раёна. Напрыклад, у Жарах і Старым Сяле – гэта калісьці жылыя двухпавярхоўкі. Аб былой магутнасці млына ў канцы вуліцы Каранеўскага ва Ушачах сведчыць прыгожы здалёк цагляны будынак, а вось з бяспекай тут не ўсё так вясёлкава. Дзеці і падлеткі пра гэта не задумваюцца: аб тым, што ў аварыйным збудаванні ступала іх нага падказваюць малюнкі і надпісы на сценах.

Асобна хацелася б спыніцца на такім гістарычным аб’екце, як касцёл у Селішчы. Будынак 18 стагоддзя з часам разбураецца і таксама ўяўляе рэальную пагрозу для людзей, аднак нягледзячы на гэта яго антураж выклікае ўсё большую цікавасць не столькі ў дзяцей, колькі ў моладзі: то і справа можна ўбачыць ў інтэрнэце здымкі ўшачан акурат ля сцен касцёла, а некаторыя тут нават праводзяць вясельныя фотасесіі!

“Кантроль за патэнцыйна небяспечнымі аб’ектамі вядзецца пастаянна з мэтай мінімізаваць узнікненне пажараў, абмежаваць доступ і папярэдзіць траўматызм. Устанаўліваюцца спецыяльныя інфармацыйныя таблічкі. У цэлым у вобласці пастаўлена задача максімальна зменшыць колькасць аварыйных і неэксплуатуемых будынкаў, прыцягваючы дзеля гэтага не толькі сродкі мясцовых бюджэтаў, а і сілы іншых арганізацый”, – адзначае начальнік РАНС І.В.Кошкін.

Але ўсё ж, нягледзячы на прымаемыя меры, першы заслон у справе бяспекі дзяцей – задача бацькоў. Менавіта яны сваім прыкладам павінны паказваць, а таксама тлумачыць, як трэба сябе паводзіць, каб не трапіць у бяду. У прыгаданым вышэй магілёўскім выпадку трэці хлопчык застаўся ў жывых дзякуючы наказам мамы, якая строга забараніла заходзіць у падобныя будынкі…

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *