В Ореховской школе традиционно вырастили хорошую рассаду томатов и перцев для себя и на реализацию населению

Образование и молодежь Общество

Пакуль дзеці адоль­ваюць фінішны адрэзак навучальнага марафону, год аграрны – у самым разгары. Кіпяць агародніцкія клопаты і ў Арэхаўскай школе. У канцы лютага ў адмысловыя скрыні, закупленыя за сродкі, атрыманыя за перамогу ў конкурсе “Прышкольны ўчастак як адукацыйная пляцоўка для сучасных бяспечных агратэхналогій” у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth “Школьны сад”, былі пасаджаны таматы і перцы. Нядаўна ж расада з падаконнікаў “пераехала” ў прасторную цяпліцу на прысядзібным участку. Яе, дарэчы, нядаўна мадэрнізавалі: на змену драўляным прыйшлі цагляныя стэлажы, якія для большай надзейнасці вырашана апусціць на зямлю. Мінімізаваць рызыку падмярзання раслін дапамагае дадатковы ўкрыўны матэрыял.

Як нам расказала гаспадыня прысядзібнага ўчастка, майстар вытворчай справы К.Гірсёнак, для пасадкі сёлета выкарыстоўвалася насенне беларускіх, расійскіх і польскіх гатункаў. Атрымана звыш 1500 адзінак расады добрай якасці. Частка ўжо прададзена насельніцтву па прымальным кошце – 50 капеек за штуку.

– У нас нямала пастаянных кліентаў з ліку педагогаў, бацькоў школьнікаў, знаёмых, якія закупляюцца цэлымі “партыямі”, – расказвае педагог. – Нехта аддае перавагу раннім ці сярэдняспелым памідорам, салатным ці разлічаным на кансерваванне, хтосьці ацэньвае найперш высакаросласць раслін. Стараемся ўлічыць густы кожнага! Сёлета падабралі 33 гатункі таматаў і звыш 10 – перцаў. Сярод навінак – “Жаночае шчасце”, якое паспела палюбіцца ўшачанам, а таксама “Блакітная лагуна” з арыгінальнай афарбоўкай пладоў.

Актыўна ўдзельнічаюць у агародніцкіх справах і школьнікі. На ўроках грамадска карыснай працы яны займаюцца палівам, праполкай расады. Частыя госці ў цяпліцы – сёлетнія выпускнікі, якія ўжо другі год навучаюцца ў класе аграрнага профілю, атрымліваючы спецыяльнасць “агароднік”. На заняткі па правілах пікіроўкі, падкормкі раслін, тэхніцы бяспекі пры рабоце на ўчастку і многім іншым адведзена шэсць гадзін у тыдзень. Навыкі, якія атрымліваюць вучні, безумоўна, будуць добрым багажом для дарослага жыцця. Ну а сродкі ад рэалізацыі расады ўмацоўваюць матэрыяльную базу школы.

Таматы і перцы для ўласных патрэб хутка “пераедуць” у суседнюю, крыху меншую па памеры цяпліцу. Уладарамі ж гэтай стануць агуркі, дыні, кавуны. Не пустуюць зараз і падаконнікі навучальнай установы – на іх размешчаны скрыні з расадай кветак. Астра, петунія, лабелія, цынія, агератум, аднагадовы флокс, гацанія, цалозія грабеністая, аксаміткі ў канцы мая ўпрыгожаць тэрыторыю не толькі школы, але і некаторых іншых арганізацый Ушаччыны – заказы на такую прадукцыю ўжо ёсць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *