В Ушачском районе выявлено 5 фактов нарушения требований самоизоляции

Здравоохранение Общество

Па інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на 22 мая ў краіне зарэгістраваны 34303 выпадкі заражэння COVID-19, вылечаны 12833 пацыенты. На Ушаччыне ў стацыянары знаходзіцца зараз 13 чалавек з пацверджаным каранавірусам, 16 праходзяць лячэнне дома, 32 ужо вылечаны і выпісаны. Сярод аптымістычных навін – паступовае змяншэнне ў раёне колькасці пнеўманій, якія разглядаюцца зараз як верагодны выпадак каранавіруса.

Інфіцыраваныя каранавірусам, а таксама кантактныя асобы, якія знаходзяцца на ўмовах самаізаляцыі па месцы жыхарства, – па-ранейшаму на асаблівым кантролі супрацоўнікаў міліцыі, раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, бальніцы. Праверкі таго, ці захоўваюць яны вызначаныя законам патрабаванні, праводзяцца штодзённа рознымі спосабамі. Да прыкладу, па мабільным ці дамашнім тэлефоне і падчас адмысловых рэйдаў – але без прамога кантакту з гэтымі людзьмі. На 20 мая ў спісе правяраючых ва Ушацкім раёне значылася 43 адрасы.

Як нам расказаў начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Аляксей Антуновіч, выяўлена пяць фактаў парушэння патрабаванняў самаізаляцыі. Прычым, адзін мужчына “засвяціўся” на гэтым тройчы: спачатку ён без належнай “амуніцыі” – медыцынскай маскі і гумовых пальчатак – з Градзянца накіраваўся за пакупкамі ў магазін “На Віцебскай”, потым гэтак жа вольна наведаў адну з устаноў у гарпасёлку, а пазней устроіў сабе нецвярозае застолле на лаўцы ў двары дома. Пра ўсё гэта супрацоўнікам міліцыі паведамілі нераўнадушныя суседзі. Так паступілі і жыхары аграгарадка Ільюшына, калі ўбачылі ў мясцовым аддзяленні пошты сваю “самаізаляваную” зямлячку. “Першаадкрывальнікам” жа па такім правапарушэнні стаў жыхар гарпасёлка – на званок правяраючых па тэлефоне ён не адказаў, дзверы дома аказаліся зачыненымі… Як пазней высветлілася, мужчына паехаў на дачу ў вёску Белае. Вось толькі за жаданне пасадзіць агарод у перыяд самаізаляцыі ў адносінах яго быў складзены адміністрацыйны пратакол па арт.23.4 КаАП Рэспублікі Беларусь. Варта нагадаць, што яго санкцыя прадугледжвае штраф да 50 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт. Да таго ж на 50 працэнтаў будзе зменшана дапамога па часовай непрацаздольнасці. Зрэшты, па заканчэнні перыяду самаізаляцыі будуць прыцягнуты да адказнасці і іншыя парушальнікі.

– Выхад з дому дазволены толькі ў выпадку крайняй неабходнасці: пры патрэбе схадзіць у прадуктовы магазін ці аптэку, вынесці бытавыя адходы. Прычым, усё гэта дазволена рабіць ва ўстановах і месцах, якія знаходзяцца ў крокавай даступнасці, – нагадвае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ушацкага раёна Павел Саўчанка. – Пры выхадзе з дому абавязкова выкарыстанне сродкаў абароны, нельга дапускаць якія-небудзь кантакты. Такія патрабаванні для самаізаляваных прапісаны ў Пастанове Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь № 208 ад 8 красавіка 2020 года “Аб увядзенні абмежавальнага мерапрыемства”.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *