Сбор подписей в поддержку кандидатов

Актуально

Зараз у Беларусі праходзіць другі перадвыбарны этап – збор подпісаў у падтрымку патэнцыяльных кандыдатаў у прэзідэнты, які будзе працягвацца да 19 чэрвеня ўключна. Пра некаторыя аспекты гэтага працэсу мы папрасілі расказаць старшыню Ушацкай раённай камісіі па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Ганну Генадзіеўну КАНДРАЦКУЮ.

– Подпіс у падпісны ліст у падтрымку асобы, што мяркуе вылучыцца кандыдатам у прэзідэнты, мае права ставіць грамадзянін Рэспублікі Беларусь, які дасягнуў 18 год і валодае выбарчым правам.

Зборшчыкі подпісаў (пры згодзе грамадзян) могуць наведваць іх на доме. Пры гэтым яны павінны прад’явіць сваё пасведчанне і пашпарт, а з улікам складанай эпідэмічнай сітуацыі – быць у масцы і пальчатках. Паставіць подпіс за асобу, якая прэтэндуе на кандыдацкі статус, можна таксама на пікетах у дазволеных месцах.

Даныя аб выбаршчыку (прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, нумар пашпарта ці іншага дакумента, што засведчвае асобу) запісаць у ліст можа як ён сам, так і зборшчык, аднак дату і подпіс выбаршчык абавязкова павінен паставіць уласнаручна.

Выбаршчык можа падпісацца за некалькіх патэнцыяльных кандыдатаў, аднак толькі аднойчы – за адну і тую ж асобу. Да здачы падпісных лістоў у камісію па выбарах можна зняць свой подпіс, але для гэтага трэба падаць у камісію адпаведную заяву.

Сапраўднасць сабраных подпісаў будзе пракантралявана. Парадак адбору падпісных лістоў для праверкі вызначаецца на пасяджэнні адпаведнай камісіі.

У падпісных лістах, што будуць пададзены ў нашу камісію, павінны быць подпісы выбаршчыкаў, што пражываюць на тэрыторыі Ушацкага раёна.

Нагадаю, што права збіраць подпісы атрымалі 15 ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у ЦВК. Каб іх вылучэнец стаў кандыдатам у прэзідэнты, трэба сабраць у яго падтрымку не менш 100 тысяч подпісаў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *