Как вести себя на водоёмах подскажет… летний патруль!

Профилактика и безопасность

Гарачае надвор’е на мінулым тыдні падштурхнула беларусаў адправіцца на азёры. На жаль, з пачаткам купальнага сезону ўжо прыйшлі і трагічныя весткі: у Пухавіцкім раёне патанула сямейная пара, а ў Смаргонскім – 10-гадовая дзяўчынка…

Як сябе паводзіць на вадзе, на мінулым тыдні на берагах Вечалля нагадваў ушачанам летні патруль – супрацоўнікі МНС сумесна з членамі маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных, актывістамі БРСМ штогод праводзяць такую прафілактычную акцыю.

Разлічвайце свае сілы!

Спрыяльныя ўмовы для купання – бязветранае надвор’е, тэмпература паветра 25 і больш градусаў, а вады – не ніжэй 18. Нельга плаваць у стане ап’янення, ныраць у незнаёмых месцах. Калі вас захапіла цячэннем, трэба плыць па ім, паступова пад невялікім вуглом набліжаючыся да берага. Калі трапілі ў вір, набярыце як мага больш паветра ў лёгкія, пагрузіцеся ў ваду і, зрабіўшы моцны рывок убок, усплывайце.  Плаваць на надзіманых матрацах і камерах небяспечна – іх можа аднесці ад берага. Нельга ныраць пад плыўцоў, хапаць іх за ногі, “тапіць”, падаваць ілжывыя сігналы аб бедстве. Не набліжайцеся да лодак і катэраў.

Што рабіць, калі тоне чалавек?

Калі вы бачыце, што чалавек тоне, клічце на дапамогу, тэлефануйце па нумарах 101, 112. Выратавальным сродкам можа стаць круг, надзіманы матрац, дошка і іншае. Калі добра плаваеце, не губляйце часу: набліжайцеся да тонучага не спераду, каб у прыступе панікі ён не зацягнуў у ваду, а са спіны. Падхапіце яго пад рукі ці за валасы, перавярніце тварам уверх і плывіце да берага. Там, калі тапельцу дрэнна, пакладзіце яго на сагнутае калена жыватом (тварам уніз), так вада выйдзе з лёгкіх. Галава пры гэтым павінна вісець ніжэй грудной клеткі. Перавярніце пацярпелага, пакладзіце на спіну, праверце пульс і дыханне. Калі  іх няма – пачынайце рабіць штучнае дыханне і непрамы масаж сэрца.

* * *

“Мы заклікаем людзей не пакідаць дзяцей без нагляду, тлумачыць ім, як паводзіць сябе на вадзе, і самім выконваць правілы: прыклад бацькоў – лепш усялякіх слоў”, – адзначае інспектар сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС Крысціна Карзянок. Праводзіць жа такія выезды патруль плануе да канца лета ва ўсіх месцах адпачынку, у тым ліку і ў лясных масівах для папярэджання пажараў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *