С душой к каждому пациенту относится медсестра терапевтического отделения ЦРБ Валентина Романовская

Здравоохранение

Мілая сэрцу сястрычка. Так пяшчотна называюць В.В.Раманоўскую многія пацыенты тэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай ЦРБ. Высокі ціск, мігрэні – любая хвароба адступае, калі за справу бярэцца гэтая прыветлівая жанчына.

У школе ўраджэнка вёсачкі Зарэчча, што пад Улай, не надта любіла хімію і біялогію, але паступаць вырашыла ў медвучылішча – хацела дапамагаць людзям. Падчас вытворчай практыкі яна ўпершыню трапіла на Ушаччыну. Тады і падумаць не магла, што наш край стане для яе другой радзімай.

Працоўную дзейнасць у 1988-м В.В.Раманоўская пачынала ў Магілёўскай абласной дзіцячай бальніцы. Пасля аварыі на ЧАЭС менавіта ў гэтую і Гомельскую вобласці размяркоўвалі большасць выпускнікоў-медыкаў. Валянціна мела магчымасць уладкавацца бліжэй да дома, аднак паехала ў Магілёў. Адпрацаваўшы два з паловай гады, выйшла замуж за нашага земляка, пераехала ва Ушачы і ўладкавалася ў радзільнае аддзяленне.

– Многія мамачкі ўжо бабулямі сталі, а пра наша знаёмства ў знакавы момант жыцця памятаюць дагэтуль, вітаюць пры сустрэчы, – расказвае В.В.Раманоўская. – Цёплыя адносіны захаваліся і паміж работнікамі раддома. Дарэчы, і зараз у медыцыне Зоя Карпенак, Любоў Аўдошка, Вольга Раманоўская, Тамара Тарасевіч.

Давялося папрацаваць Валянціне Васільеўне і ў гінекалогіі, прыёмным пакоі, хірургіі. Апошнія ж тры гады дбае пра пацыентаў у тэрапеўтычным аддзяленні.

– Такая работа патрабуе фізічных і душэўных сіл. Бывае, усю ноч прастаіш ля хворага, прыйдзеш дадому і яшчэ доўга думаеш, як ён там, – кажа В.В.Раманоўская.

Кропельніцы, ін’екцыі, суправаджэнне пацыентаў на прыём да спецыялістаў, ультрагукавое даследаванне… Клопатаў у медсястры нямала. Улічваючы ж тое, што асноўны кантынгент аддзялення – людзі пажылога ўзросту, якім часта не хапае ўвагі, даводзіцца быць і псіхолагам: аднаму патлумачыць, што ў 90 гадоў галаўныя болі – з’ява нядзіўная, другога адгаварыць ад беспадстаўнага вымярэння ціску праз кожныя пяць хвілін.

Ва ўмовах пандэміі В.В.Раманоўскай давялося перакваліфікавацца: сваё дзяжурства яна несла ўжо ў пульманалагічным аддзяленні, аказваючы дапамогу вялікай колькасці пацыентаў з пнеўманіямі, у тым ліку каранавіруснымі. Адначасова на двух пастах магло знаходзіцца да 50 чалавек. Аднак на занятасць і рызыку заразіцца жанчына не скардзілася: трэба – значыць трэба.

Пасля ж змены Валянціна Васільеўна спяшаецца дамоў, гатуе другой палавінцы сваю каронную страву – манты, чакае вестачкі ад дзяцей. Малодшая дачка Марыя летась скончыла музвучылішча і зараз працуе ў Верхнядзвінску. Старэйшы Сяргей – асістэнт кафедры будаўнічай вытворчасці Полацкага палітэхнічнага ўніверсітэта, аспірант, прадстаўнік рэспубліканскага банка адоранай і таленавітай моладзі.

– Я па-сапраўднаму шчаслівы чалавек, – кажа жанчына. – Сакрэт просты – займацца любімай справай, бачыць вакол сябе толькі добрае, не шкадаваць цеплыні людзям, якія знаходзяцца побач.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *