По традиции ко Дню молодёжи в Ушачах называют имена лучшей работающей молодёжи района

Образование и молодежь

Сярод юнакоў і дзяўчат Ушаччыны нямала старанных, умелых у сваёй прафесіі людзей, актыўных, гатовых узяцца за любую даручаную справу. Стала добрай традыцыяй напярэдадні Дня моладзі ўшаноўваць маладых работнікаў арганізацый і прадпрыемстваў раёна. Сёлетні год не стаў выключэннем.

У бухгалтарскіх пытаннях УП ЖКГ заўсёды парадак, бо за іх адказвае Кацярына ГЛЕБКА. У арганізацыі яна з 2014 года, а апошнія тры гады выконвае адказную місію галоўнага бухгалтара. Яна паспяхова спраўляецца з вялікім аб’ёмам работы, дакладная і акуратная. Без Кацярыны каманда ЖКГ не адпраўляецца на раённыя і галіновыя спартыўныя мерапрыемствы. Ужо не раз заваёўвала перамогі ў лыжных гонках, захапляецца плаваннем, тэнісам, шахматамі і шашкамі.

Выкладчык дзіцячай школы мастацтваў па класе фартэпіяна і канцэртмайстар Аляксандра ЗІЛЬБЕРТ умее знайсці падыход да кожнага вучня, стараецца быць для іх не проста педагогам, а старэйшым сябрам. Дзяўчына цудоўна спявае і ўжо не раз станавілася пераможцам конкурсаў розных узроўняў, адно з апошніх дасягненняў – Дыплом 1 ступені на міжнародным “Кубку сяброўства”. За 5 гадоў работы яе выканаўчае майстэрства ацанілі і многія ўшачане на раённых канцэртах.

З усімі камп’ютарнымі тэхналогіямі Лізавета БОЛЬЦ на “ты” – у раённым фізкультурна-спартыўным клубе яна працуе інжынерам-праграмістам. Хоць і выконвае свае абавязкі крыху менш года, але паспела сябе праявіць. Напрыклад, пры непасрэдным удзеле дзяўчыны выдадзены буклеты з інвестыцыйнымі прапановамі па будаўніцтве інтэрната для спартсменаў і лыжаролернай трасы. Калегі цэняць яе не толькі за прафесійны падыход да работы, а і за добразычлівасць, стараннасць.

Ірына БАЙРАМАВА на працягу двух гадоў паспяхова спраўляецца не толькі з абавязкамі метадыста аддзела маркетынгу і гаспадарчага абслугоўвання раённага цэнтра культуры і народнай творчасці: ёй нярэдка давяраюць быць вядучай на мерапрыемствах, сустракаць гасцей у народным касцюме ці прымаць удзел у прадстаўленнях. Напрыклад, падчас навагодніх святаў яна ўдала выканала ролю Шахеразады. А яшчэ Ірына ўзначальвае “пярвічку” Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.

Кіраўнік гурткоў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, харэограф Юлія КАЗАК умее зацікавіць як падлеткаў, так і маленькіх непасед. Без удзельнікаў яе танцавальных студый “Авантаж” і “Страказа” не абыходзяцца раённыя канцэрты. Юлія не абмяжоўваецца танцамі і калі трэба выходзіць на сцэну ў іншых амплуа. А яшчэ дзяўчына захапляецца фітнэсам: на яе заняткі па зумбе і пілатэсе на фізкультурна-аздараўленчым комплексе двойчы на тыдзень з задавальненнем спяшаюцца ўшачанкі.

Без Андрэя СМАЛЯКА не абыходзіцца ні адна важная сельскагаспадарчая кампанія ў КУСГП “Вялікадолецкае”. Напрыклад, гэтай вясной трактарыст-машыніст на “Кіраўцы” пад сяўбу падрыхтаваў больш за 800 гектараў глебы, у цяперашні час задзейнічаны на корманарыхтоўцы, а кожнае жніво перасядае на камбайн. Ужо неаднойчы ён станавіўся пераможцам раённых спаборніцтваў, а летась у складзе дэлегацыі раёна прымаў удзел у “Дажынках”, дзе быў адзначаны ўзнагарадой абласнога галіновага прафсаюза.

Малады кіраўнік ААТ “Агра-Селішча” Сяргей ­ПЛІГАЎКА ўзначаліў прадпрыемства ў снежні мінулага года. Пра сельскую гаспадарку ён ведае ўсё не толькі таму, што атрымаў адпаведную адукацыю, а і таму, што пачынаў кар’еру механізатарам. Дзякуючы сваёй працавітасці, мэтанакіраванасці, уменню будаваць зносіны з людзьмі яму ўдаецца спраўляцца з нялёгкімі абавязкамі. Ён не толькі перспектыўны кіраўнік, а і любячы муж, мнагадзетны тата.

Акампаніятар аўтаклуба раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Аляксандр ГРЫНЕВІЧ займаецца не толькі музычным суправаджэннем мерапрыемстваў і рэпетыцый, а і сам выходзіць на сцэну ў якасці артыста. Падчас выканання знакамітых шлягераў яму падпявае і апладзіруе ўся зала. Аляксандр чалавек творчы – піша вершы, спявае, іграе на гітары. У калектыў Цэнтра ён уліўся сёлета, а да гэтага паспеў папрацаваць у Доме рамёстваў і адслужыць у арміі.

Трактарыст-машыніст ААТ “Дземенец” Ілья ­СПІРЫДОВІЧ самы малады сярод прадстаўнікоў Дошкі гонару. У гаспадарку ён прыйшоў летась, але пра аграрную галіну ведае не па чутках, бо змалку шмат часу праводзіў з бацькам, які таксама працуе механізатарам у “Дземенцы”. Хлопец стараецца не падводзіць родную гаспадарку, добра разбіраецца ў тэхніцы. У мінулым годзе на першым сваім прафесійным свяце за старанні нават адзначаўся ў ліку лепшых маладых спецыялістаў раёна.

Раман ЛАДЗІК у філіяле “Маяк-Ушацкі” працуе адносна нядаўна, але вельмі плённа. На трактары МТЗ-1523 ён восенню і вясной узворваў глебу. Прычым, сёлета стаў абсалютным рэкардсменам у раёне, узараўшы без малага 500 гектараў. У цяперашні час Раман заняты на касьбе траў і зноў жа паказвае лепшыя вынікі. Спрыяе поспеху не толькі стараннасць, а і тое, што тэхніка ў яго руках заўсёды знаходзіцца ў спраўным стане.

Трактарысту-машыністу КУСГП “Вялікадолецкае” ­Віталю БУКА можна смела даручыць любое заданне – прадстаўнік працоўнай дынастыі Букаў ніколі не падвядзе. У роднай гаспадарцы ён шчыруе ўжо амаль дзесяцігоддзе. На розных работах ад узворвання да адвозкі зерня не раз уваходзіў у лік пераможцаў раённых спаборніцтваў. Заўсёды ў ідэальным стане знаходзіцца і даручаная яму тэхніка. Паспявае ён папрацаваць і на ўласнай сядзібе ў аграгарадку.

За два гады работы дарожным майстрам ва Ушацкім ДРБУ-105 Сяргей ЛАДЗІК разабраўся ва ўсіх нюансах справы і зарэкамендаваў сябе з лепшага боку. Ураджэнец Ушаччыны добра ведае мясцовыя дарогі і стараецца зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб жыхарам і гасцям раёна было камфортна па іх перамяшчацца. Кіраўніцтва ж прадпрыемства характарызуе яго як працалюбівага і адказнага работніка, які не баіцца цяжкасцей.

У калектыў цэнтральнай райбальніцы медыцынская сястра дзіцячай кансультацыі ­Анастасія ПОЛАЗАВА ўлілася тры гады таму, але ўжо паспела заваяваць любоў маленькіх пацыентаў, павагу іх бацькоў, калег. Аб высокім прафесіяналізме дзяўчыны сведчыць і яе перамога ў раённым конкурсе прафесійнага майстэрства сярод маладых медыкаў сярэдняга звяна. Вольны час Насця любіць праводзіць на прыродзе з блізкімі і сябрамі, захапляецца спортам і вакалам. Яе жыццёвы дэвіз: “Што ні робіцца – усё да лепшага”.

Любая справа, за якую ў Арэхаўскай школе бярэцца ­Кацярына ГІРСЁНАК, удаецца на “ўра”. Даць вучням неабходны багаж ведаў па геграфіі, настаўнікам якой з’яўляецца, падрыхтаваць адну з лепшых у раёне метадычных распрацовак – не праблема! Як майстар вытворчай справы вучыць дзяцей агранаміі, прычым, робіць гэта непасрэдна на прысядзібным участку школы, гаспадыняй якога з’яўляецца. Паспявае ўшачанка і гонар роднай альма-матэр на спартыўных, інтэлектуальных спаборніцтвах абараніць, і ў розных акцыях БРСМ паўдзельнічаць.

З афармленнем прававых дакументаў у ТЦСАН Ушацкага раёна праблем не ўзнікае: гэтае пытанне кантралюе граматны спецыяліст – юрысконсульт цэнтра Юлія ІВАНОВА. У сацыяльнай сферы яна працуе другі год, мае вышэйшую адукацыю па спецыяльнасці. Гэта своеасаблівая палачка-выручалачка для калег – заўсёды пракансультуе, дапаможа ў вырашэнні юрыдычных праблем. Актыўная яна і ў грамадскім жыцці: з’яўляецца вядучым спецыялістам па арганізацыйна-кадравай рабоце раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, членам райкама БРСМ.

З найноўшымі тэхналогіямі Наталля САКАЛОВА на “ты”. Ва Ушацкім участку электрасувязі РУП “Белтэлекам”, дзе яна працуе ўжо сем гадоў, з’яўляецца спецыялістам па продажы – вывучае рынак паслуг, знаходзіць патэнцыяльных кліентаў, праводзіць перагаворы, кансультацыі. Пры ўдзеле Наталлі ў раёне праведзена мадэрнізацыя тэлефоннай сеткі, укаранёны новыя тэхналогіі. Актыўна ўдзельнічае яна і ў грамадскім жыцці арганізацыі, раённых культурна-масавых мерапрыемствах. Вольны час праводзіць з сям’ёй: мужам і трыма дзеткамі.

Шэдэўраў, якія зрабіла са сваімі выхаванцамі педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Любоў ПРАШКЕВІЧ, нямала. Сведчанне таму – выставы дэкаратыўна-прыкладной творчасці да раённых святаў, перамогі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах. На гуртках па выяўленчым мастацтве, фітадызайне, фларыстыцы, шыцці, якія шосты год вядзе гэты апантаны творца, тэхнік-тэхнолаг швейнай вытворчасці па спецыяльнасці, заўсёды ажыўлена – школьнікі цікава праводзяць час з любімым педагогам і атрымліваюць карысныя навыкі.

З нецярпеннем чакаюць заняткаў, каб атрымаць новыя веды па гісторыі і грамадазнаўстве, вучні Глыбачанскай школы. Такі інтарэс да прадметаў прывіў ім Дзмітрый ­ПАРШОНАК. Пад яго кіраўніцтвам дзеці паспяхова ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях, алімпіядах, акцыях. Як педагог-арганізатар, ініцыіруе культурна-масавыя, спартыўныя мерапрыемствы. Натхняе на вывучэнне роднага краю, арганізуе цікавыя паходы па Ушаччыне. Прапагандуе здаровы лад жыцця, захапляецца турызмам.

На перадавых пазіцыях інжынер электрасувязі Ушацкага ўчастка электрасувязі РУП “Белтэлекам” Ілья ЖАВАРАНАК ужо неўпершыню. За дзевяць гадоў працоўнага стажу адзначаны шэрагам узнагарод, двойчы заносіўся на Дошку гонару філіяла. Якасная работа сродкаў сувязі, сеткі перадачы даных у раёне – яго заслуга. Штодня займаецца мантажом і настройкай электраабсталявання, даведзеныя паказчыкі часта нават перавыконвае, у адсутнасць кіраўніка станцыйнай групы выконвае яго функцыі.

У педагогіку Марыя АЛЕКСАНДРОВІЧ прыйшла чатыры гады таму і ўжо здолела даказаць адданасць справе. У Вялікадолецкай школе выкладае гісторыю і грамадазнаўства. Сёлета прымала ўдзел у раённым конкурсе прафмайстэрства “Настаўнік года”. Сваю прафесію Марыя параўноўвае з акцёрскім мастацтвам – трэба ўмець уцягнуць “гледача ў гульню”. І з гэтым паспяхова спраўляецца – яе навучэнцы неаднаразова перамагалі ў розных конкурсах, фестывалях, прымалі ўдзел у міжнародных канферэнцыях, акцыях.

Настаўнік фізічнай культуры і здароўя Арэхаўскай школы Крысціна ГОЛУБЕВА алімпійскіх чэмпіёнаў пакуль не вырасціла. Аднак – не сумняваюцца блізкія і калегі – гэта папраўна! Педагог прывівае дзецям любоў да спорту, бярэ на сябе і розныя арганізацыйныя справы. Крысціна – практык, і асабісты прыклад цэніць вышэй за словы. Прымае ўдзел у спартыўна-масавых мерапрыемствах, турыстычных злётах. У вольны час наведвае трэнажорную залу “Юнацтва-Ушачы”, любіць паплаваць у басейне.

Настаўнік тэхнічнай працы, фізікі і астраноміі Арэхаўскай школы Аляксандр ГРЫСЮК заўсёды ў акружэнні вучняў. Яны не толькі з задавальненнем прыходзяць на яго ўрокі, але і імкнуцца правесці вольны час з педагогам. Знайсці падыход да падлеткаў, прывіць любоў да прадметаў дапамагаюць вышэйшая адукацыя па спецыяльнасці, апантанасць сваёй прафесіяй. Вольны час Аляксандр любіць праводзіць з сябрамі, удзельнічае ў спартыўных, турыстычных, інтэлектуальных спаборніцтвах.

Бухгалтар ТЦСАН Ушацкага раёна ­Алена БАЯРОНАК – у рэжыме пастаяннага самаўдасканалення. Атрыманая ў 2014-м вышэйшая адукацыя яе не “супакоіла” – актыўна ўдзельнічае ў прафесійных семінарах, трэнінгах, кантралюе змены ў заканадаўстве. Уся дакументацыя, за якую адказвае, у ідэальным стане. Крыху сціплая, тактоўная, лёгка знаходзіць кантакт з людзьмі. Вольны час жыхарка Арэхаўна стараецца праводзіць з блізкімі – мужам і дзеткамі. Здаровага ладу жыцця прытрымліваецца сама і раіць гэта іншым.

Кожны занятак, які праводзіць у раённым цэнтры дзяцей і моладзі педагог дадатковай адукацыі Вольга ПУГАЧОВА, – у пэўным сэнсе адкрыццё. Спецыяліст з дыпломам ВНУ, якога таксама нярэдка можна ўбачыць на сцэне, вучыць сваіх выхаванцаў цікавай мове танца, асновам вакальнай культуры. Прычым, робіць гэта з абавязковым улікам інтарэсаў, магчымасцяў, узроставых асаблівасцяў дзяцей. Як вынік – шматлікія перамогі апошніх на творчых конкурсах рознага ўзроўню.

З розных масажных прыёмаў штодня складае для хворых эфектыўныя лячэбныя праграмы медбрат фізіятэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай ЦРБ ­Уладзіслаў ­ЯКУБЁНАК. Аб прафесіі медыка, якой прысвяцілі жыцці маці і многія блізкія, хлопец марыў з дзяцінства. За тры гады працоўнага стажу, частка якога прайшла ў хірургічным аддзяленні, займеў нямала сяброў, удзячных пацыентаў. Ва ўсім імкнецца да дасканаласці, летась стаў студэнтам, завочна атрымлівае спецыяльнасць біяэколага.

У скарбонцы дасягненняў вучняў Віталя ДЗЯМІДАВА ёсць перамогі на прадметных алімпіядах, творчых і спартыўных конкурсах, хаця ў Глыбачанскай школе ён усяго два гады – выкладае працоўнае навучанне, з’яўляецца кіраўніком фізічнага выхавання. За высокія вынікі ў прафесійнай дзейнасці ўзнагароджаны дыпломам ІІ ступені ў конкурсе прафмайстэрства “У нагу з часам”. Прымае актыўны ўдзел у школьных і раённых мерапрыемствах, валанцёрскім руху, дэманструе клас у турызме.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *