Счастливый билет в армейский балет. Ушачанин Никита Савченко служил в балетной группе Академического ансамбля песни и танца Вооружённых Сил РБ

Образование и молодежь

На старонках газеты ўжо прайшла серыя матэрыялаў пра ўшачан, што скончылі сёлета тэрміновую службу ў беларускай арміі. У гэтага ж артыкула даволі незвычайны сюжэт. Яго героем стане сяржант Мікіта Саўчанка. У час сваіх армейскіх будняў ён вывучаў не толькі азы баявой і страявой падрыхтоўкі, а і… танцавальныя элементы, бо праходзіў службу ў балетнай групе Акадэмічнага ансамбля песні і танца Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Трэба сказаць, што трапіць у склад аднаго з самых вядомых і праслаўленых творчых калектываў нашай краіны – гэта вялікі гонар. Летась ваенны ансамбль адзначыў сваё 80-годдзе, яго артысты поруч з беларускімі вайскоўцамі прайшлі ўсе нялёгкія выпрабаванні: уздымалі баявы дух салдат Вялікай Айчыннай, выступалі перад воінамі-афганцамі і ліквідатарамі чарнобыльскай аварыі. З гэтым калектывам у свой час былі звязаны такія зоркі, як Уладзімір Мулявін, Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў, Руслан Аляхно.

Відавочна, што першым пытаннем нашай размовы з Мікітам стала тое, якія шляхі прывялі яго ў ансамбль. “Танцамі я захапляўся з дзяцінства, – расказвае хлопец. – Базавыя навыкі атрымаў на харэаграфічным аддзяленні Ушацкай ДШМ, а развіў іх падчас вучобы ў Віцебскім каледжы культуры і мастацтваў. Ну а паколькі склад Акадэмічнага ансамбля песні і танца перыядычна абнаўляецца за лік тых, хто праходзіць тэрміновую службу, мне прапанавалі ўзяць удзел у спробах. Каб трапіць у групу, трэба было паказаць класічны станок, народны і сучасны танец – я, напрыклад, выконваў хіп-хоп. І, па ўсім відаць, спадабаўся харэографам!”

Мабыць, хтосьці падумае, што праходзіць службу ў творчым калектыве – гэта як выцягнуць шчаслівы білет. З пункту гледжання магчымасці рэалізаваць свой творчы патэнцыял – сапраўды так, але ў плане нагрузкі на вайскоўца такі варыянт ніяк не лягчэйшы. Проста ў дзень службы трэба ўмясціць і ваенныя заняткі па агульнай для ўсіх праграме, і некалькі гадзін рэпетыцый. “Вытрымаць такі графік дапамагала фізічная загартоўка, – кажа Мікіта. – Затое колькі яркіх успамінаў умясцілі паўтара года службы! Давялося, напрыклад, прымаць удзел у “Армейскіх гульнях” у Маскве, выступаць у пасольствах і на палігонах, у Палацы Рэспублікі на святочным канцэрце да Дня абаронца Айчыны, з юбілейнай праграмай “Айчыне служым!” праехалі па розных гарнізонах Беларусі”.

Трэба сказаць, што рэпертуар балетнай групы даволі разнастайны: гэта, канечне, і ўсімі любімыя ваенныя нумары кшталту “Смуглянкі” ды “Яблычка”, і сучасныя танцы з элементамі акрабатыкі. Ну а сваім любімым нумарам праграмы Мікіта называе “Траецкую кадрылю”, у якой народны каларыт спалучаецца з гумарыстычнай падачай.

…І вось скончана служба ў арміі. Хлопец вярнуўся на малую радзіму, каб колькі часу правесці з роднымі, якія, да слова, цалкам адабраюць яго жаданне прысвяціць жыццё творчасці. “Кожны павінен займацца тым, да чаго ляжыць душа!» – адзначае бацька маладога чалавека Андрэй Мікалаевіч Саўчанка. Зрэшты, за час службы Мікіта настолькі з’яднаўся са слаўным армейскім калектывам, што мяркуе і надалей застацца ў ім, заключыўшы грамадзянскі кантракт.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *