Каждый маршрут — любимый. Три десятка лет в отдалённые населённые пункты Ушаччины торопится привезти товары водитель-продавец Ушачского филиала Александр Дрозд

Экономика и малый бизнес

Да жыхароў нават самых аддаленых вёсак раёна штодня спяшаюцца аўтамагазіны Ушацкага філіяла абл­спажыў­таварыства. З двайной прафесіяй “вадзіцель плюс прадавец” ужо без малога тры дзясяткі гадоў выдатна спраўляецца Аляксандр Уладзіміравіч Дрозд.

Яшчэ са школьных гадоў ураджэнец вёскі Глінішча хацеў стаць толькі вадзіцелем. Гэтую місію яму даверылі падчас службы ў арміі, якую праходзіў у ракетнай брыгадзе. Пачынаў жа сваю працоўную кар’еру ў саўгасе “Касары”, а праз год перабраўся ва Ушачы, дзе працаваў у КБА. “7 гадоў маёй работы супалі з росквітам прадпрыемства. Было тады выязное абслугоўванне і я, як вадзіцель, шмат калясіў па раёне. А ў 1991-м уладкаваўся ў спажыўкааперацыю, дзе з таго часу і з’яўляюся вадзіцелем-прадаўцом і шчыра прызнаюся – люблю сваю справу”, – лаканічна расказвае аб працоўным шляху Аляксандр Уладзіміравіч.

За гэты час усе дарогі раёна і вёскі ён вывучыў як свае пяць пальцаў. Няма такога населенага пункта, які б не ведаў А.У.Дрозд. Апошнім часам абслугоўвае селішчанска-плінскую зону і падчас размовы без запінак выдае спіс вёсак, куды яму трэба накіравацца. Перад тым жа як адправіцца ў дарогу, заязджае ў хлебапякарны цэх, “затарваецца” на базе філіяла. Часам і ў аптэку зазірне – хоць лекі не ўваходзяць ў асартыментны пералік аўтакрамы, не можа адмовіць просьбам пажылых вяскоўцаў. “Сёння ў аўтамагазіне можна ку­піць усё неабходнае, былі б грошы. Калі ж чагосьці няма, то заўсёды прыслухоўваюся да пажаданняў спажыўцоў ці прымаю заказы. Вязу пры заяўцы і нехарчовыя тавары, напрыклад, нядаўна пажылой жанчыне тэрмінова спатрэбіўся руберойд, а з’ездзіць за ім у райцэнтр магчымасці не было. Які мой любімы маршрут? У любы бок накіроў­ваюся з задавальненнем: ці ў блізкія Угрынкі, ці аддаленую Усвіцу”, – кажа Аляксандр Уладзіміравіч.

Ці лёгка яму працаваць з людзьмі? Вядома ж, да кожнага патрэбны падыход. Але адзін з самых вопытных вадзіцеляў-прадаўцоў ужо выдатна ведае кожнага пакупніка не толькі ў твар, а і па імені, памятае, чаму аддаюць перавагу, ля якога дома трэба спыніцца дадаткова, каб зручней было тым, каму цяжка пераадольваць вялікія адлегласці.

За дзень “намотвае” да 90 кіламетраў. На новай жа машыне, якую атрымаў летась, прыемна працаваць, а абсталяванне аўтакрамы дазваляе дастаўляць пакупнікам шырокі асартымент прадуктаў. Найбольшым попытам карыстаюцца хлебабулачныя, кандытарскія, мясныя і малочныя вырабы, агародніна, марожанае. Гандаль на колах ідзе актыўна, асабліва зараз, калі ў вёскі прыехалі дачнікі, на канікулах у бабуль і дзядуль школьнікі.

Рабочы дзень Аляксандра Уладзіміравіча часта зацягваецца і да позняга вечара. Пасля вяртання ва Ушачы хапае папяровых клопатаў: трэба падлічыць выручку, скласці справаздачы. Важнасць сваёй справы А.У.Дрозд выдатна разумее, таму выконвае яе сумленна і стараецца, каб пакупнікі адыходзілі ад аўтамагазіна з поўнымі сумкамі і добрымі водгукамі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *