Съезды с тротуаров на Ленинской и велодорожка на Витебской. Рассказываем о проекте «Ушачи — здоровый город»

Здравоохранение

Фарміраванне іміджу здаровага ладу жыцця, адказных адносін да здароўя ў насельніцтва – добры і даступны сродак прафілактыкі мноства захворванняў. На ўзмацненне яго прэстыжнасці накіраваны праект “Ушачы – здаровы горад”. Пра тое, як рэалізуюцца яго мерапрыемствы, мы папрасілі расказаць галоўнага ўрача раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі П.А.САЎЧАНКУ:

Павел Аляксандравіч, давайце ўдакладнім, на што накіраваны праект?

– Ён ставіць на мэце стварэнне асяроддзя, у якім прытрымліваюцца канонаў здаровага ладу жыцця, адказнае стаўленне да асабістага здароўя з мэтай павелічэння працягласці і павышэння якасці жыцця. Для гэтага трэба сфарміраваць у насельніцтва перакананасць, што быць здаровым – прэстыжна, што трэба імкнуцца да свядомага адмаўлення ад самаразбуральных паводзін.

Праз комплекс якіх мерапрыемстваў вырашаюцца гэтыя задачы?

– Формы работы самыя розныя – ад лекцый да тэматычных дыскатэк. Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, цэнтральная райбальніца сумесна з прадпрыемствамі і арганізацыямі, грамадскімі аб’яднаннямі Ушаччыны праводзяць прафілактычныя акцыі (адна з найбольш актуальных – “Лічбы здароўя: артэрыяльны ціск”, праведзеная медыкамі за першае паўгоддзе 5 разоў), лекцыі і гутаркі (86), выставы, тэматычныя паказы відэафільмаў і ролікаў, конкурсы, спартыўныя спаборніцтвы і іншае. Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмай распрацаваны тэматычныя буклеты і памяткі “Здаровы лад жыцця – гэта модна”, “Лепшыя спартыўныя пляцоўкі нашай краіны”, “Здаровае харчаванне”, “Прафілактыка каранавіруснай інфекцыі”. 900 экземпляраў падобнай прадукцыі выпушчана ЦРБ, 1800 – нашым цэнтрам.

Вялікая работа па фарміраванні здаровага ладу жыцця праводзіцца ў навучальных установах. Ва ўсіх арганізавана своечасовае праходжанне навучэнцамі медыцынскага агляду. У выпадку выяўлення паталогій класныя кіраўнікі, настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, медработнікі праводзяць кансультацыі з дзецьмі, іх бацькамі. Ва Ушацкай школе ў працэсе навучання актыўна выкарыстоўваюцца канторкі, ажыццяўляецца кантроль за ўзроўнем асветленасці ў кабінетах, класах, выкарыстаннем святлоахоўных прылад. З лютага ў фае гэтай альма-матэр устаноўлены тэлевізар, з дапамогай якога дэманструюцца прафілактычныя відэафільмы і ролікі па прапагандзе здаровага ладу жыцця, прафілактыцы курэння, наркаманіі і алкагалізму. Ужо распрацаваны і знаходзіцца на ўзгадненні з райбальніцай праект “Здаровыя зубкі”, які плануецца рэалізоўваць на базе ясляў-сада №3 г.п.Ушачы.

Падтрымліваць сябе ў тонусе многім дапамагае наведанне спарткомплексу “Юнацтва- Ушачы”…

– За 6 месяцаў бягучага года тут праведзена 24 спартыўна-масавыя мерапрыемствы, у якіх прынялі ўдзел 902 чалавекі. Каб заняткі не білі моцна па кішэні, для пэўных катэгорый грамадзян прадугледжана сістэма скідак. Так, разлічваць на 30-працэнтнае паніжэнне кошту могуць дзеці да 16 гадоў, на 15-працэнтнае – пенсіянеры і інваліды. Дзеці-сіроты, а таксама тыя, што засталіся без апекі бацькоў, могуць прыходзіць у “Юнацтва-Ушачы” абсалютна бясплатна. На такіх жа бязвыплатных умовах займаюцца тут ад ТЦСАН удзельнікі дзвюх груп па адаптыўнай фізкультуры.

Многае робіцца і на вуліцах раёна…

– Так. Нядаўна быў праведзены рамонт асфальтавага пакрыцця і абсталяванне з’ездаў з тратуараў на праезную частку па вуліцы Ленінскай у гарпасёлку, а таксама на пешаходных пераходах на скрыжаванні Савецкай і Ленінскай. У зонах адпачынку грамадзян ля возера Вечалле і на рацэ Ушача напачатку купальнага сезона паклапаціліся пра годнае добраўпарадкаванне. Дарэчы, за станам гэтых месцаў спецыялісты сочаць і зараз. У рамках будаўніцтва вуліцы №5 у гарпасёлку вядзецца абсталяванне адмысловай веладарожкі – увесці яе ў эксплуатацыю плануецца да канца бягучага года. У трэцім квартале элементы безбар’ернага асяроддзя з’явяцца ў адным з дамоў па вуліцы Садовай.

Напачатку года быў аб’яўлены конкурс на лепшы лагатып праекта “Ушачы – здаровы горад”. Пераможца ўжо абраны?

– Так. Карыстаючыся выпадкам, хачу падзякаваць усім удзельнікам конкурсу, якія праявілі творчасць, крэатыў, фантазію. Вызначыць пераможцу дапамагло адмысловае апытанне, праведзенае сярод ушачан, у тым ліку на афіцыйным сайце і ў сацсетках “Патрыёта”. Па меркаванні большасці рэспандэнтаў лепшым аказаўся лагатып вучня Ушацкай школы Івана Драгуна. У бліжэйшыя дні юнак будзе ўзнагароджаны, а яго работа ўпрыгожыць адмысловыя плакаты і буклеты, сувенірную прадукцыю.

– Якіх вынікаў чакаеце ад праекта?

– Значнага паляпшэння фізічнага, псіхалагічнага, сацыяльнага і экалагічнага дабрабыту нашых людзей. “Ушачы – здаровы горад” – праект для кожнага з нас. Далучайцеся!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *