И девушки служат в МЧС! Кристина Корзенок в Ушачском РОЧС отвечает за пропаганду и профилактику чрезвычайных происшествий

Общество

З гэтай абаяльнай дзяўчынай у форме ўжо сустракаліся многія – ва Ушацкім РАНС лейтэнант унутранай службы Крысціна Карзянок адказвае за ўзаемадзеянне з грамадскасцю, прапаганду асноў бяспекі жыццядзейнасці і прафілактыку надзвычайных здарэнняў.

Канкрэтную мэту выбару прафесіі яна паставіла сабе яшчэ ў сёмым класе. “Усё пачалося з раённых конкурсаў юных выратавальнікаў, якія ніколі не прапускала наша школа. Мне было цікава рыхтавацца і ўдзельнічаць у іх. З задавальненнем пераадольвала пад’ём па штурмавой лесвіцы вучэбнай вежы, у той час як гэтую місію звычайна давяралі хлопцам. Заняткі на пажарным пасце ў Вялікіх Дольцах былі для мяне сапраўдным святам. І тады я вырашыла, што хачу служыць у МНС. Мама не надта раздзяляла маё рашэнне, а вось тата – наадварот, радаваўся і падтрымліваў”, – прыгадвае Крысціна. І на шляху да сваёй мэты пасля заканчэння 9 класаў паступіла ў Полацкае кадэцкае вучылішча, а пасля заканчэння ўстановы паспяхова прайшла іспыты ў Гомельскім машынабудаўнічым каледжы, дзе на спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” набіралі дзяўчат. Атрымаўшы дыплом і спецыльнасць, Крысціна вырашыла, што ёй, як кажуць, для поўнага шчасця не хапае вышэйшай адукацыі. Паддаліся дзяўчыне і вяршыні сталічнага ўніверсітэта грамадзянскай абароны МНС Беларусі, дзе яна правучылася яшчэ тры гады.

Першым працоўным месцам маладога спецыяліста стаў наваполацкі “Нафтан”, дзе ёй даверылі місію інспектара службы прафілактыкі на аб’ектах нафтаперапрацоўчага завода. “Там працаваў 21 інспектар. Скажаце, што гэта многа? Уявіце тэрыторыю прамысловага гіганта – да некаторых цахоў і па 7 кіламетраў, зразумела, што і спецыфіка прадпрыемства пажаранебяспечная, таму работы хапала. Аднак летась колькасць інспектараў аптымізавалі і мне прапанавалі працягнуць службу ва Ушацкім райадзеле. У лістападзе мінулага года стала інспектарам сектара прапаганды і ўзаемадзеяння з грамадскасцю Ушацкага РАНС. Хоць установы МНС ужо больш дзесяці гадоў рыхтуюць прадстаўніц прыгожай паловы чалавецтва, для нашага раёна дзяўчына ў форме МНС – у навіну. І ў першыя месяцы на мяне глядзелі, як на дзіва, а некаторыя нават пыталіся, адкуль я такая ўзялася”, – з усмешкай прыгадвае К.Карзянок.

Канечне, яна не ўдзельнічае ў ліквідацыі здарэнняў – гэта справа мужчын, але адказвае за не менш адказную прафілактычную работу. Сустрэчы ў калектывах, правядзенне рэспубліканскіх акцый, тэматычных мерапрыемстваў з дзецьмі і дарослымі, узаемадзеянне са СМІ і іншае – вотчына Крысціны. На першы погляд можа падацца, што гэта нескладаная задача, аднак трэба мець выдатныя арганізатарскія здольнасці, умець знайсці падыход да любой аўдыторыі. Як прызнаецца малады інспектар, цяжэй за ўсё – утрымаць увагу і зацікавіць дзяцей, а вось самыя кантактныя і гатовыя да размоў – гэта людзі пажылога ўзросту. Гэтымі днямі, напрыклад, рыхтавала “кірмашы бяспекі” – падчас якіх трэба адначасова “расшавяліць” рознаўзроставую катэгорыю. І гэта ў яе атрымліваецца паспяхова. Асабліва любіць дзяўчына выступаць ў родных Вялікіх Дольцах.

Яна заўсёды ў выдатнай фізічнай форме, займаецца спортам, а ў настольным тэнісе з лёгкасцю абыгрывае сапернікаў. На сёлетнім чэмпіянаце МНС па гэтым відзе спорту Крысціна стала трэцяй ракеткай сярод жанчын.

Прызнаецца, хоць і нялёгка часам было ў вучобе і на службе, аднак ні разу не пашкадавала, што абрала такі прафесійны шлях.

Вольга КАМАРКОВА.

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *