Жатва-2020: ОАО «Деменец» в лидерах по урожайности

Сельское хозяйство

У наваколлі Глыбачкі нямнога палёў, дзе б адначасова можна было задзейнічаць некалькі камбайнаў. Але ўчастак паміж гэтай вёскай і Лазоўкай – адзін з такіх.

У чацвер тут працавалі ўсе пяць збожжаўборачных машын ААТ “Дземенец”. З дарогі назіраў як яны плылі па залацістай збажыне, кожны па сваёй мудрагелістай траекторыі, каб не замінаць адзін аднаму. Спыніць працуючы камбайн – справа амаль безперспектыўная, работнікі за штурвалам звычайна разводзяць рукамі, маўляў, не да размоў. Таму трэба чакаць, пакуль не замільгаціць над кабінай ліхтар-маяк і агрэгат не зробіць паўзу для разгрузкі бункера. Якраз у такія хвіліны і можна пагутарыць з героямі жніва.

Першай прыпыняецца “Ліда-1300” Аляксандра Спірыдовіча, у памочніках якога Мікалай Рыкцер. Настрой у мужчын неблагі.

– Камбайн навялі, адрамантавалі, – расказвае Аляксандр Віктаравіч. – Трэба было запчасткі набываць, дзякуй кіраўніцтву, усё своечасова закупілі. За тэхнікай неабходна глядзець – працэнтаў на 80 яе даўгавечнасць і надзейнасць залежыць ад людзей, якія яе эксплуатуюць. Калі трактар ці камбайн з самага пачатку своечасова рамантаваць, то і ён рэдка падводзіць.

Астатнія збожжаўборачныя агрэгаты ў “Дземенцы” – КЗС-1218 “Палессе”, парк папоўніўся за кошт машын былога КУСГП “Арэхаўна”. У кабіне наступнага камбайна віднеюцца дзве бялявыя галавы – гэта на поле да Аляксандра Яловіка завіталі ўнук з сябрам – да вёскі ж зусім недалёка. Атрымаўшы ад дзядулі інструктаж па тэхніцы бяспекі, малыя адпраўляюцца ганяць буслоў, якія неадступна суправаджаюць камбайны, а мы гутарым з Аляксандрам Уладзіміравічам.

– Усе папярэднія гады працаваў без памочнікаў, а зараз вось аж два, – жартуе мужчына. – На камбайне ўжо значны час, пачынаў са свірэпіцы, потым рапс. А зерневыя, па вялікім рахунку, толькі другі дзень убіраем, замінаюць дажджы. Азімая пшаніца неблагая вырасла, цэнтнераў 30 з гектара павінна выйсці.

Надвор’е спачатку спрабавала сапсаваць настрой камбайнерам, але бліжэй да абеду распагодзілася. Бункеры камбайнаў запаўняліся хутка – ліхтары ўспыхвалі адзін за адным і нягледзячы на тое, што адлегласць да складской гаспадаркі была зусім невялікая, два аўтамабілі яўна не спраўляліся з адвозкай. Камбайнеры расказалі, што з пачаткам жніва было дзве свае машыны і дзве прыватнікаў. Вось толькі ў чацвер палова стала на рамонт – тэхніка старая, ламаецца.

Каля дзвюх гадзін дня ўдзельнікам жніва прывезлі абеды. Сваю сталовую ў гаспадарцы сёлета не запускалі, стравы гатуюць ва Ушацкім філіяле аблспажыўтаварыства, якія ў зручных кантэйнерах гарачымі дастаўляюцца на поле. Да абедзеннага перапынку пад’ехалі і астатнія камбайнеры гаспадаркі. Усе яны не навічкі: Іван Цароў працаваў на жніве яшчэ ў “Райаграсэрвісе”, а работнікі жыллёва-камунальнай гаспадаркі Валерый Башун і Артур Ігнатовіч не адзін сезон правялі на ўборачнай у КУСГП “Арэхаўна”. Па словах мужчын, ёсць у “Дземенцы” і яшчэ адзін КЗС-1218 “Палессе”, які ў мінулым годзе спраўным паставілі на захоў­ванне. Вось толькі садзіць за руль некага, бо і касавіца ў гаспадарцы яшчэ не скончана – у чацвер Аляксандр Гусёнак, Ігар Мамон, Васіль Пятроўскі і Анатоль Грачоў займаліся корманарыхтоў­кай на дубраўскіх землях гаспадаркі. Іх там, дарэчы, стала менш, ды ўсё ж маюцца плошчы нават ля Краснага – усяго ў “Дземенцы” неабходна ўбраць 1042 гектары зерневых і зернебабовых без уліку грэчкі. У параўнанні з іншымі гаспадаркамі не так і многа, прыкладна як у ААТ “Агра-Селішча”, але ў апошняй гаспадарцы ўсяго тры збожжаўборачныя агрэгаты.

А азімая пшаніца ля Лазоўкі нават перавысіла прагноз А.Яловіка і дала 36,1 цэнтнера з гектара – напачатку жніва “Дземенец”, як і ў мінулыя гады, у раённых лідарах па ўраджайнасці.

Дзмітрый Раманоўскі.

На здымку: В.Башун, А.Ігнатовіч, І.Цароў.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *