«Ставка на «королеву полей»»: Среди лидеров по темпам завершающего этапа кормозаготовки находятся великодольчане

Сельское хозяйство

У гэтыя дні гаспадаркі раёна актыўна закладаюць сіласныя траншэі. Па тэмпах завяршальнага этапу корманарыхтоўкі сярод лідараў знаходзяцца вялікадальчане (на ўчарашнюю раніцу тут было ўбрана больш паловы занятых кукурузай участкаў), таму мы накіраваліся на палеткі ля Дубінца.

На здымку: Ю.Стрыжонак, Р.Філімонаў.

Знайсці месца пачатку “зялёнага канвеера” было нескладана: два магутныя трактары, якія па чарзе адвозілі масу на “Цыганок”, накаталі на дарогах прыкметныя каляіны. Ну а за штурвалам КВК-800 прадказальна ўбачылі Рыгора Філімонава, які “на кармах” працуе ўжо сезонаў пад 20. “Канечне, кукуруза сёлета слабаватая – у лепшыя гады, бывала, і камбайна з-за яе не было бачна, – з горыччу канстатаваў вопытны механізатар. – І тым больш важна якасна ўбраць тое, што ўсё ж вырасла”.

“Дзяжурны” здымак для газеты – і тандэм КВК з энерганасычаным МТЗ рушыў далей. Назіраючы, як спрытна “ловіць” здрабнёную масу ў кузаў трактара Юрый Стрыжонак, падумалі, што, здаецца, зусім нядаўна нам прэзентавалі стараннага маладога хлопца, як навічка гаспадаркі, а зараз ён ужо яе моцнае і надзейнае звяно. Тым часам па полі імчаў на “Кіраўцы” і другі адвозчык Аляксандр Дарашкевіч, каб без затрымкі падхапіць “зялёны струмень”. Работнік мясцовага лясніцтва прыйшоў на выручку аграрыям два месяцы таму, паспеў папрацаваць і з плугамі, і з дыскамі, на адвозку ж яго паставілі ўпершыню, але было бачна, што Аляксандр – прыроджаны ўніверсал.

Плячо перавозкі тут невялікае, таму працавалі без прастояў. І зусім не давалі адпачыць Генадзю Качану, які трамбаваў траншэю ля фермы на новенькім аранжавым “Амкадоры”, што паступіў у гаспадарку перад палявым сезонам па вядомым прэзідэнцкім распараджэнні і, канечне, прыйшоўся вельмі дарэчы.

На ўчарашні дзень у раёне была ўбрана трэцяя частка кукурузных палеткаў, усяго ж гэтая культура займае сёлета 1736 гектараў. Сабрана 10 тысяч тон зялёнай масы. Сярэдняя ўраджайнасць – 188,7 ц/га.

“Наш Гена старанны і працавіты, калі ён бярэцца за справу – можна не хвалявацца за вынік. А ад правільнай трамбоўкі, між іншым, напрамую залежыць якасць сіласу: калі “схалтурыць”, пакінуць пласт неўтрамбаваным, унутры адразу павысіцца тэмпература, трава пачне прэць, пойдзе цвіль. Пагоршыць якасць і доўгая закладка траншэі: па тэхналогіі, закрыць яе пажадана за тры дні – разлічваем, што з гэтай у тэрмін укладзёмся. Хлопцы з вытворчай брыгады ўжо склейваюць плёнку”, – тлумачыць вытворчыя нюансы ветурач гаспадаркі Наталля Клачок. Дарэчы, характарыстыку, якую нядаўняя выпускніца Віцебскай ветакадэміі давала Г.Качану, можна выкарыстаць і ў дачыненні яе самой: у Вялікіх Дольцах спецыяліст працуе пяць год і заўсёды душой хварэе за справу. Наталля, а таксама заатэхнік Тамара Генадзьеўна Карчэўская, кантралююць якасць, вымяраюць тэмпературу і вільготнасць масы – у норме яны не павінны перавышаць 37 градусаў і 60 працэнтаў адпаведна. Прыязджаюць з падобнай мэтай і спецыялісты райветстанцыі, у арсенале якіх маюцца дакладныя новыя прыборы.

Ну а ўлік танажу дастаўленай з поля масы вядзе выпускнік Смальянскага аграрнага каледжа Станіслаў Карпічаў, які ў пачатку жніўня прыбыў у “Вялікадолецкае” па размеркаванні. “Пакуль яшчэ не надта асвоіўся, родам я з Сянно, таму да чыста вясковага ўкладу трэба прывыкнуць, – шчыра прызнаўся малады спецыяліст. – Але прынялі мяне добразычліва, вылучылі жыллё, спадзяюся, што змагу быць карысным гаспадарцы”.

Няпроста даюцца сёлета вялікадальчанам літаральна ўсе працэсы аграрнага цыклу. Але яны, канечне, вельмі стараюцца падцягвацца да прымальных паказчыкаў. А ў асобных нават выходзяць на лідарскія пазіцыі: напрыклад, перавысілі план па закладцы сенажу, на ўчарашнюю раніцу былі лепшымі па працэнце выканання задання па кармавых адзінках (72,1 працэнта пры сярэднераённым паказчыку 57). Больш за іншых нарыхтавалі іх і на ўмоўную галаву жывёлы – 18,46 цэнтнера (15,1 – у сярэднім па раёне). Але, канечне, у “плюс” гэты год ніяк не занесці. Ды такая яна, хлебаробская доля – не ўсё залежыць толькі ад стараннасці.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *