Автопарк Ушачского лесхоза пополнился современным сортиментовозом МАЗ

Экономика и малый бизнес

30 ліпеня на баланс Ушацкага лясгаса паступіў сучасны сартыментавоз МАЗ з прычэпам. За апошнія пяць месяцаў гэта ўжо чацвёртая адзінка новай тэхнікі, набытая прадпрыемствам – раней у лясніцтвах з’явіліся тры новыя трактары МТЗ з цялежкамі для вывазу драўніны з лесасек. Абнаўленне парка тэхнікі забяспечвае своечасовую транспарціроўку лесаматэрыялаў на перапрацоўку ва ўласны цэх і спажыўцам, што спрыяе нарошчванню аб’ёмаў вытворчасці і скарачае страты на ўтрыманне аўтамабіляў і трактароў, якія выпрацавалі свой рэсурс.

На пляцоўцы ля гаражоў лясгаса новы аўтамабіль выдзяляецца як знешнім выглядам, так і памерамі. Галоўны інжынер прадпрыемства В.У.Рудзёнак забіраў яго не з Мінскага аўтазавода, а з ТАА “СпецТракСэрвіс”, дзе цягач аснасцілі прычэпам і па жаданні заказчыка славенскім гідраманіпулятарам. “Спецыяльную падрыхтоўку для працы на ім праходзіць не трэба, – расказвае Васіль Уладзіміравіч. – Усе нашы вадзіцелі сартыментавозаў абучаны на кранаўшчыкоў грузападымальнасцю да 2 тон, што адпавядае ўсім патрабаванням. Імпартны ж маніпулятар не мае прынцыповых адрозненняў ад тых, што ўстаноўлены на нашых старэйшых аўтамабілях, і вызначаецца хіба што надзейнасцю ў эксплуатацыі.”

Новы МАЗ давераны Максіму Максаку і Міхаілу Захарэнку – у лясгасе зараз за чатырма сартыментавозамі замацавана па два работнікі. Гэта дазваляе эксплуатаваць тэхніку без выхадных, вадзіцелі на вывазцы драўніны працуюць па графіку два дні праз два па дванаццаць гадзін. В.У.Рудзёнак кажа, што хоць М.Максак і М.Захарэнка прыйшлі ў лясгас адносна нядаўна, але добра зарэкамендавалі сябе. З уручэннем ключоў маладым вадзіцелям агучана і заданне – для таго, каб набытая ў лізінг тэхніка коштам 348 тысяч рублёў хутчэй акупіла сябе, аб’ём вывезеных ёй за месяц лесаматэрыялаў павінен складаць не менш 3 тысяч кубаметраў.

Заданне няпростае, але не адносіцца да разраду недасягальных. У залежнасці ад даўжыні драўніны, новы сартыментавоз здольны перавозіць за рэйс 50-55 кубаметраў – практычна цэлы чыгуначны вагон!

Трэба адзначыць, што калі ў панядзелак наведалі лясгас, новы МАЗ ужо аказаўся “абкатаным” – працаваў у выхадныя. “Магутная тэхніка, – дзеліцца ўражаннямі М.Максак. – Пусты едзеш, ці гружаны – розніцы практычна не адчуваецца.” Справа ў тым, што беларускі “зубр” (выява менавіта гэтага звера змешчана на радыятарнай рашотцы цягача) мае сэрца “дракона” – на ім устаноўлены сучасны кітайскі рухавік “Weichai” экалагічнага стандарту Еўра-5.

З набыццём новага сартыментавоза іх колькасць у лясгасе вырасла да 8. Як адзначыў галоўны ляснічы Аляксей Мікалаевіч Апёнак, тэхніка была вельмі неабходна: з запускам на поўную магутнасць дрэваапрацоўчага цэха адзін МАЗ з маніпулятарам задзейнічаны там на сарціроўцы і падачы кругляка на эстакаду, яшчэ адзін “прыкамандзіраваны” на пагрузку вагонаў у Палацк. Такім чынам, на вывазцы лесу застаецца 6 машын.

Зразумела, што шматтонныя цягачы на лесасекі не даедуць – да месцаў складзіравання драўніну дастаўляюць цялежкі. А каб яшчэ больш палепшыць лагістыку і такім чынам спрасціць і паскорыць працэс вывазу лесаматэрыялаў, будуюцца лесагаспадарчыя дарогі. Апошнюю ад трасы Ушачы-Немірова да Завыдрына даўжынёй 8,5 кіламетра ва Ушацкім лясгасе здалі ў маі бягучага года. Будавалі яе меліяратары са структурных падраздзяленняў КУП “Віцебскмеліявадгас” на сродкі Міністэрства лясной гаспадаркі. Разам з А.М.Апёнкам наведалі гэты аб’ект. Аб’ём выкананых работ уражвае – замест лясной дарогі з яе ямамі, каляінамі і аб’ездамі менш чым за год пракладзена гравійка з пяціметровай шырынёй палатна, кюветамі, абсталяванымі на прымыкаючыя дарожкі з’ездамі, пашырэннямі для раз’ездаў вялікагрузнай тэхнікі. Галоўны ляснічы расказаў, што пры будаўніцтве ўзнікалі складанасці – дарогу спрамлялі, укладалі па нізкіх участках трубапераезды, давялося і бабрыныя плаціны разбіраць, і нават дробную рачулку пускаць па новым русле! Затое зараз тут не толькі з лёгкасцю праходзяць сартыментавозы – без асаблівых цяжкасцей праедзеш нават на ўласным аўто з нізкай пасадкай, што, дарэчы, ужо паспелі ацаніць грыбнікі і ягаднікі. Як заўважыў дырэктар Ушацкага лясгаса Сяргей Аляксандравіч Даніловіч, новая дарога мае вялікае значэнне як у эканамічным, так і ў супрацьпажарным плане – не толькі з’яўляецца натуральнай раздзяляльнай паласой, а і дазваляе ў выпадку ўзнікнення ачагоў узгарання аператыўна даставіць людзей і тэхніку туды, куды раней можна было дабрацца толькі пешшу.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *