Сонейка гэтым летам у нас пакуль што ў дэфіцыце. Трэба неяк гэта кампенсаваць – вось і зазірнулі мы ў аграгарадок Глыбачка, дзе ёсць вуліца Сонечная – светлая, з прыгожымі сядзібамі, а яшчэ і з новенькім асфальтам, што бяжыць з пагорка за аколіцу ў бок сенажацяў… Менавіта тут калісьці вырашылі пабудаваць дом сваёй мары Уладзімір Фёдаравіч і Святлана Васільеўна Зайцавы. Не адзін год рупліва і карпатліва, з уласцівым ім дызайнерскім густам аздаблялі вялікі ўчастак, а летась іх намаганні атрымалі афіцыйнае прызнанне – лаўрэацкі дыплом раённага конкурсу па добраўпарадкаванні.
Пазнаёміліся яны ў студэнцтве: ураджэнка Глыбачкі вучылася ў Віцебскім педінстытуце, а юнак з Пскоўшчыны – у ветэрынарным. Сваё замужжа Святлана каменціруе з гумарам: маўляў, у дзявоцтве насіла прозвішча Волкава, а потым “панізілася ў лясной іерархіі” да Зайцавай. Зрэшты, гэта цалкам кампенсавалі цудоўныя якасці абранніка – прызнаецца, што пра лепшага мужа і марыць немагчыма! Уладзімір, у сваю чаргу, прыгадвае, як верна чакала яго дзяўчына са службы ў марфлоце. Нявесты былі ў многіх сяброў-навабранцаў, ды за тры гады амаль усе замуж павыходзілі, яго ж Святланка каханню не здрадзіла.
Размеркавалася дзяўчына ў Глыбачанскую СШ – настаўнікам малодшых класаў, узяла на сябе і ўрокі малявання, а пазней яшчэ і музыку, рытміку – сама ж музычную школу па класе баяна скончыла, так што ва ўсіх творчых напрамках мела выдатныя здольнасці. Напрацавала і аўтарытэт – у 2009-м Святлане Васільеўне давялося заняць дырэктарскую пасаду. Чалавек яна адказны, кемлівы, ды ўсё ж з цягам часу прыйшла да высновы, што адміністратарскія функцыі – не для яе, бо найперш у любімай прафесіі прыцягвала творчасць, непасрэдныя зносіны з дзецьмі. Таму зараз зноў вучыць дапытлівых і няўрымслівых пачаткоўцаў, з захапленнем рыхтуе шматлікія мерапрыемствы – а яны ў Глыбачанскай школе заўсёды вельмі крэатыўныя і душэўныя.
Што да Уладзіміра, то ў 90-х у мясцовым саўгасе дыпламаванаму ветурачу адразу прапанавалі пасаду намесніка дырэктара. Але мінулі лепшыя часы гаспадаркі – і ён перайшоў у лясніцтва, завочна тэхнікум скончыў. Пражывала маладая сям’я ў кватэры, але марыла пра ўласны дом, тым больш што лес у той час работнікам можна было зусім нядорага выпісаць. І вось ужо 20 год як жывуць на прасторнай прыгожай сядзібе. У гаспадара – залатыя рукі, лічы што ўсе будаўнічыя працэсы яму па плячы – і печы сам склаў, і вокны зладзіў. Два гады таму электраацяпленне правялі, але ежу гатуюць па-ранейшаму ў печы – так смачней! А якую прыгожую агароджу ён змайстраваў – нават і не адразу разгледзіш, што гэта пафарбаванае дрэва, а не модны зараз металаштыкетнік. “У мяне яшчэ з маладосці добрыя станкі ў арсенале меліся. Увогуле інструмент – мая слабасць, у гандлёвыя цэнтры лепш не заглядваць – абавязкова не ўтрымаюся і куплю які-небудзь наварочаны шрубавёрт!” – з гумарам прызнаецца мужчына. Яшчэ адно яго захапленне – мотатэхніка. Прыгадвае, што першакласнікам ужо ганяў па роднай вёсцы на мапедзе “Рыга”, ды і зараз у гаражы некалькі матацыклаў. Зручны транспарт – напрыклад, каб з’ездзіць з жонкай у лес за грыбамі-ягадамі. Нядаўна папоўнілі тэхнапарк касілкай – куды прасцей стала спраўляцца з травой на ўчастку. У абавязках мужа – догляд за дрэвамі і кустамі. Фішка іх падворка – прыгожыя лістоўніцы з круглымі кронамі: Уладзімір іх рэгулярна падразае, замацаваўшы пілу на шост. А Святлана шчыруе над кветнікамі – ружы, хрызантэмы, спірэі, асцільбы, папаратнікі, хосты – на падворку цэлы батанічны сад. А ў планах на водпуск – вырабіць дэкаратыўныя кампазіцыі са шчабёнкі. Чаруе жанчына і з сухімі кветкамі – стварае цудоўныя пано і іншыя работы ў жанры фларыстыкі, якія ўпрыгожваюць не толькі іх пакоі, а і дамы многіх іншых людзей.
Святлана і Уладзімір разам 35 год, ужо і сын даўно самастойны… Аднак гэта пара і праз дзесяцігоддзі сумеснага жыцця змагла захаваць рамантызм маладосці, шчырую радасць ад зносін, ад таго, што калісьці зрабілі правільны выбар. Напэўна таму святло, прыгажосць і гармонія пануюць і ў тым месцы, дзе яны жывуць.
Наталля БАГДАНОВІЧ.