В сельхозпредприятиях Ушаччины продолжается кормозаготовка

Сельское хозяйство

Стаяць выдатныя травы, сярэдняя па раёне ўраджайнасць склала 82 цэнтнеры з гектара, што дае падставу нарыхтаваць на трэць больш сенажу: 40 тысяч тон замест запланаваных 30. Толькі касавіца для аграрыяў праходзіць не проста ў неспрыяльных, а экстрэмальных умовах.

Адпачываючыя абураюцца, што ні пакупацца, агароднікі – што нічога не расце, а аграрыям пераўвільгатненне глебы проста не дае магчымасці працаваць у нармальным тэмпе. Парэзаныя каляінамі палеткі, распачатыя і кінутыя ўчасткі траў і нават нявывезены сянаж. Тэхніка гразне і з пустымі прычэпамі, а таму пакуль зусім незапатрабаваны на адвозцы МАЗы, а самымі праходнымі застаюцца энерганасычаныя трактары. Ну а на касьбу і валкаванне “кідаюць” лягчэйшыя Беларусы, у “Сафійскіх дарах” задзейнічаны нават хадавыя МТЗ 82. Самая ж распаўсюджаная машына на палетках – МТЗ-1221.

На такім незаменным на любых відах работ трактары з пачатку корманарыхтоўкі працуе ўніверсал “Вялікадолецкага“ Рыгор Філімонаў (на здымку). Не самы магутны агрэгат, аднак дзевяціметровыя граблі цягае лёгка, а яны ж запатрабаваны не толькі на сушцы сена. Усе 3870 тон сенажу, што ўжо ляжыць у траншэях гаспадаркі, спачатку варушылі і збівалі ў валкі. Набытыя летась за ўласныя сродкі, яны не расчаравалі, бо незаменны як на вялікіх, так і на дробнаконтурных палетках. І калі на першых злакавых травах ураджайнасць была невысокая – каля 60 цэнтнераў, то на люцэрне за Царкавішчам – удвая больш, а гэта значыць, што і некалькі разоў трэба паварушыць масу, каб яна згубіла 60 працэнтаў вільгаці.

Пра ідэальнае захаванне норм сёлета, праўда, гаварыць не даводзіцца. Як патлумачыў намеснік начальніка рай сельгасхарча Сяргей Белагрыўцаў: “Корманарыхтоўка з траў першага ўкосу толькі мінула экватар, тэмпы зацягваюцца па аб’ектыўных прычынах – пакуль што нарыхтавана 6,4 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы, што на 2,6 менш леташняга. Было ўсяго пару дзён, калі даведзеную да кандыцыі зялёнку не сапсаваў дождж. Не заўсёды атрымліваецца правяліць, каб закладаць у стрэйч-плёнку, а сена наогул запрасавалі толькі 1,3 працэнта ад па трэбы. З-за праблем з вывазкай мае месца незахаванне тэрмінаў закладкі траншэй. Шкада, што губляем самы лепшы час, калі травы маюць высокую пажыўную каштоўнасць. Аднак іх выдатная ураджайнасць дае поўную падставу гаварыць, што няхай і пазней, чым летась, аднак заданне будзе выканана”.

“Вялікадолецкае” лідзіруе па ўсіх відах корманарыхтоўкі, скошана 93,8 працэнта траў першага ўкосу, у “Ільюшынскім” – 63,2, “Сафійскіх дарах” – 44,38, “Глыбачанах” – 36,7.

Вольга КАРАЛЕНКА.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *