Дружба с полувековым стажем. Выпускники Дубровской школы в 50 раз (!) собрались вместе и вспомнили юность

Общество

Чарговы раз з усіх куткоў Беларусі сабраліся аднакласнікі на ўжо традыцыйную і некалькі незвычайную сустрэчу. Сёлета роўна паўвека, як мы пакінулі сцены сваёй Дубраўскай сярэдняй школы. Дарэчы, былі першымі выпускнікамі новага тыпавога будынка і нават дапамагалі яго ўзводзіць.

Еду! У хваляванні задаю сабе пытанне: што прымушае нас, кінуўшы ўсе справы, імчацца на Ушаччыну, каб усяго некалькі гадзін правесці разам з аднакласнікамі? Выраслі і стварылі сям’і нашы дзеці. Мы ўжо даўно бабулі і дзядулі! А сэрца па-ранейшаму рвецца ўбачыць маіх дарагіх, любімых, незабыўных дзяўчынак і хлапчукоў. Можа таму, што кожны з нас зноў здзяйсняе імгненнае падарожжа ў юнацтва, яшчэ раз пражывае яго, успамінаючы моманты школьнага жыцця: з любоўю і ўдзячнасцю нашых настаўнікаў, сімпатыі, школьную дружбу, першае чыстае каханне, пацешныя кур’ёзныя выпадкі, свавольствы і тое, як высакародна нам іх даравалі.

Мы жартуем, смяёмся! Слухаем спевы Таццяны Башун – яе залаты голас і ўспамінаем… Як агітбрыгадай у машыне-будцы ездзілі ў клуб вёскі Слабада, спяваючы ўсю дарогу песню “Колёса”. Сцэнку-пародыю ў выкананні нашага таленавітага майстра на ўсе рукі Мікалая Міхайлава. Запальную гаворку нашага камсорга, ідэйнага натхняльніка Тамары Кірпічонак, якая захавала бадзёрасць і незвычайнае пачуццё гумару. Піянерскія вогнішчы, калі ўсёй дружынай ішлі на бераг возера Крывое пад гукі барабана Алега Лецягіна. Як з Валянцінай Батранец працавалі важатымі і як нам ва Ушацкім райкаме камсамола ўручалі камсамольскія білеты. Як прыбегшы ў снежную зіму ў школу, стаяла ля печы Зіна Петражыцкая, каб прасушыць вопратку. Са смехам успамінаем “чарнільныя бомбачкі» і запальную “Сямёнаўну” Пеці Чуклая і многае іншае…

Я ўдзячная сваім аднакласнікам за тое, што нягледзячы на адлегласць і гады, мы захавалі школьнае братэрства. Кожны з нас адбыўся ў жыцці, ажыццявіў сваю галоўную мэту, захаваўшы ў душы любоў, дабрыню, прыстойнасць, спагадлівасць, адкрытасць. Напэўна, гэта нас і аб’ядноўвае. Я ганаруся аднакласнікамі і з нецярпеннем буду чакаць нашай наступнай сустрэчы

Л.МІХАЙЛАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *