Накануне Дня знаний в Ушачах прошла традиционная педагогическая конференция

Образование и молодежь

На старце знакавай падзеі

У аўторак у школах Ушаччыны дадуць старт новаму навучальнаму году – залівісты першы званок пакліча ў няпростае, цікавае падарожжа 1194 вучні, у тым ліку 120 першакласнікаў. Свое­асаблівы экзамен на гатоўнасць да Дня ведаў адбыўся і ў настаўнікаў – учора прайшла раённая педагагічная канферэнцыя.

Акцэнт – на якасць адукацыі

Як адзначыў у сваім выступленні старшыня райвыканкама У.Г.Аўдошка, адукацыя – прыярытэтная галіна ў бюджэце раёна. На яе долю ў 2020 годзе прыходзіцца 31 працэнт. Значныя сродкі накіроўваюцца на паляпшэнне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў, што станоўчым чынам уплывае на многія паказчыкі работы сістэмы. Уладзімір Генадзьевіч падкрэсліў, што педагагічны калектыў раёна працуе мэтанакіравана, зладжана, пажадаў годна справіцца з усімі задачамі і ў новым навучальным.

Са слоў удзячнасці калегам пачала сваё выступленне начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама М.В.Варава. Прайшоўшы год у сувязі з пандэміяй каранавірусу быў няпростым – установы адукацыі часткова перайшлі на дыстанцыйнае навучанне, займаліся пашывам масак, педагогі прымалі актыўны ўдзел у напаўненні відэакантэнту ўрокаў на сайце Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі. Панікі не было – усе сумленна і прафесійна выконвалі сваю работу. Дарэчы, не спынялася яна і летам – на падрыхтоўку да новага навучальнага затрачана звыш 192 тысяч рублёў.

Праяўляюць актыўнасць педагогі і ў дабрачынных справах. Адна з такіх – акцыя “У школу з добрым сэрцам”, ініцыятарам якой выступае грамадскае аб’яднанне БРСМ. На 24 жніўня ў раёне абследавана 271 сям’я, дзе выхоўваюцца 473 дзіцяці, ужо аказана матэрыяльная дапамога 174 ячэйкам грамадства.

У сваім дакладзе Маргарыта Віктараўна спынілася на ўсіх накірунках работы ўстаноў адукацыі Ушаччыны, акцэнтавала ўвагу на поспехах і праблемах навучальнага працэсу, шляхах паляпшэння яго якасці.

Выпускнікі парадавалі!

Адзін з самых “гаваркіх” паказчыкаў работы педагогаў – паступленне выпускнікоў у прэстыжныя альма-матэр. Сёлетні ж вынік можна назваць проста феерычным: 43 з 77 юнакоў і дзяўчат – а гэта ажно 56 працэнтаў – сталі студэнтамі вышэйшых навучальных устаноў! Як звычайна, пальма першынства сярод іх належыць Полацкаму дзяржуніверсітэту, які абралі 9 выпускнікоў Ушацкай школы, 2 – Глыбачанскай, па 1 – Вялікадолецкай і Арэхаўскай. Наступны ў спісе – Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт, куды паступілі 5 ушачан і 1 вялікадальчанін. Па-ранейшаму запатрабаванымі застаюцца педагагічныя спецыяльнасці – па гэтым профілі ў ВНУ Віцебска і Мінска паступілі 7 былых школьнікаў: 1 – з Арэхаўна, 6 – з Ушач. У Беларускім універсітэце фізічнай культуры будуць навучацца адразу трое выпускнікоў Ушацкай школы, столькі ж, а таксама 1 прадстаўнік Арэхаўна – у Віцебскім тэхналагічным універсітэце, 2 – у Віцебскім медыцынскім, па адным – у БДУ, Міжнародным экалагічным інстытуце імя А.Сахарава, Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, Беларускім універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі, Беларускай акадэміі сувязі, Беларускім універсітэце транспарту і ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь.

Як бачым, надзвычай удала праявілі сябе выпускнікі з Ушач: 35 з іх – а гэта 71 працэнт – сталі студэнтамі ВНУ. Добрыя вынікі паказалі былыя глыбацкія і арэхаўскія школьнікі. А вось у Ільюшыне нават паспяховыя вучні адразу планавалі паступленне у сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы. Дарэчы, вынікі прыёмнай кампаніі ў іх для нашых юнакоў і дзяўчат сталі таксама паспяховымі – 25 (32 працэнта) тых, хто паступіў. Асаблівым попытам тут карысталіся медыцынскія спецыяльнасці, якія выбралі ажно 10 выпускнікоў. Крыху менш будзе эканамістаў, сувязістаў, педагогаў, тэхнолагаў, спецыялістаў лясной галіны. На запатрабаваных спецыяльнасцях у прафесійна-тэхнічных вучылішчах будуць навучацца 7 выпускнікоў, а гэта 12 працэнтаў сёлетніх абітурыентаў.

З падзякай за працу

Шмат узнагарод атрымалі ўшацкія педагогі падчас мерапрыемства. Так, Ганаровай граматай галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама адзначана музычны кіраўнік ясляў-сада №4 г.п.Ушачы Таццяна Якаўлеўна Сандзюк, Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі райвыканкама – настаўнікі нямецкай мовы, фізічнай культуры і здароўя Глыбачанскай школы Таіса Ігараўна і Арцём Іванавіч Церашкаўцы, педагог дадатковай адукацыі раённага цэнтра дзяцей і моладзі Любоў Валер’еўна Прашкевіч, настаўнік рускай мовы і літаратуры Ільюшынскай школы Алена Леанідаўна Пятко, настаўнік фізічнай культуры і здароўя Ушацкай школы Юлія Мікалаеўна Красілевіч, а таксама выхавацелі дашкольнай адукацы Ірына Яўгенаўна Лявонава – з ясляў-сада №1
г.п.Ушачы, Валянціна Генадзьеўна Віннік – з ясляў-сада №2, Святлана Леанідаўна Гайковіч – ясляў-сада №3. Некаторыя педагогі атрымалі ўзнагароды ад Віцебскага аблвыканкама, раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў. Не забыліся арганізатары мерапрыемства, ганаровыя госці (сярод іх – кіраўнік раёна У.Г.Аўдошка, намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі С.А.Тарасевіч) і пра ветэранаў педагагічнай працы – падзякавалі ім за шматгадовую дзейнасць на ніве адукацыі, уручылі сувеніры і кветкі.

Сёлета традыцыйна быў складзены рэйтынг навучальных устаноў раёна, які ўлічыў асноўныя паказчыкі работы педагагічных калектываў. Сярод дашкольных першае месца ўжо не ў першы раз заняў яслі-сад №2 ­г.п.Ушачы (загадчык – Людміла Андрэеўна Напрыенка). Сярод школ лідарам стала Глыбачанская (дырэктар – Зоя Іванаўна Жогаль).

Гэтыя ж установы аказаліся пераможцамі раённага агляду-конкурсу па падрыхтоўцы да новага навучальнага года, а значыць і ўладальнікамі дыпломаў, грашовых сертыфікатаў. Кампанію ж ім склала Вялікадолецкая школа (Рыма Леанідаўна Аніскевіч).

Прафесійны старт

На канферэнцыі не раз гучалі імёны лепшых педагогаў. Менавіта з іх можа браць прыклад маладое папаўненне настаўнікаў. Сёлета іх пяцёра, усе – выпускнікі Полацкага каледжа Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.Машэрава. Спраўляцца з абавязкамі выхавацеля групы падоўжанага дня ва Ушацкай школе цяпер будзе Юлія Андрэеўна Башун. Адразу тры выхавацелі дашкольнай адукацыі прыйшлі ў яслі-сад №4 г.п.Ушачы: Юлія Віктараўна Міхейка, Лізавета Уладзіміраўна Дамжонак і Марыя Дзмітрыеўна Рабыка. Такі ж спецыяліст – Ганна Аляксееўна Ларчанка – будзе працаваць з малышамі ў яслях-садзе №2.

Зараз усе яны з галавой акунуліся ў работу. А дагэтуль для іх была наладжана сустрэча з кіраўніцтвам аддзела па адукацыі, падчас якой учарашнія студэнты пазнаёміліся з сістэмай адукацыі Ушаччыны, атрымалі адказы на хвалюючыя пытанні. “Вельмі хочацца, каб гэтыя спецыялісты засталіся вернымі абранай справе і затрымаліся ў нашым раёне”, – падвяла вынік знаёмству начальнік аддзела М.В.Варава.

***

Не засталіся ў баку ад віншаванняў з пачаткам новага навучальнага года і першакласнікі, якія запісалі для ўдзельнікаў канферэнцыі кранальны відэазварот. Свае ўменні прадэманстравалі выхаванцы гуртка па робататэхніцы, што працуе на базе Ушацкай школы. Усё гэта, а таксама цікавыя выставы педагічных напрацовак, дэкаратыўна-прыкладной творчасці стварылі на мерапрыемстве па-сапраўднаму святочны настрой.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *