Старт Единого дня безопасности в Ушачах получился массовым и интересным

Профилактика и безопасность

Не так часта гукі сірэн, работа брантсбойтаў, ажыўленне ля машыны “хуткай” не пужаюць – наадварот, падбадзёрваюць, зараджаюць настроем. На бягучым тыдні ў рамках рэспубліканскай акцыі “У цэнтры ўвагі – дзеці!” на цэнтральнай плошчы гарпасёлка дадзены старт адзінаму Дню бяспекі.

На мерапрыемства, якое ператварылася ў сапраўднае свята, сабралася нямала ўшачан. Для школьнікаў жа гэта выдатны падарунак да пачатку новага навучальнага года.

Свае тэматычныя пляцоўкі разгарнулі многія арганізацыі, якія маюць дачыненне да бяспекі. Прысутныя маглі не толькі азнаёміцца са сродкамі выратавання, але і ў займальнай форме засвоіць патрэбныя ў паўсядзённым жыцці навыкі. Як слушна заўважыла падчас адкрыцця мерапрыемства намеснік старшыні райвыканкама А.В.Пашковіч, кожны з нас павінен запомніць галоўнае: жыццё чалавека даражэй за ўсё, пра яго таму трэба клапаціцца не камусьці, а найперш самому.

Тон святу задалі выратавальнікі. З тэста па бяспецы ўшачане засвоілі, як карыстацца аўтаномным пажарным апавяшчальнікам, што не варта падчас навальніцы карыстацца мабільным тэлефонам, а выклікаць прадстаўнікоў службы можна не толькі па нумары 101, але і адзіным – 112. З задавальненнем дзеці ўдзельнічалі ў тэматычных конкурсах МНС, за што атрымлівалі прэзенты – памяткі, размалёўкі, закладкі. Як заўсёды, нямала было жадаючых прымерыць баявую вопратку выратавальнікаў, пасядзець за рулём пажарнай машыны. “Метал рэжуць, як паперу!” – здзіўляліся школьнікі падчас дэманстрацыі абсталявання, якое выкарыстоўваецца падчас дарожна-транспартных здарэнняў. Шмат эмоцый выклікаў і “дождж” з пажарнай аўтацыстэрны.

Было што паказаць і расказаць работнікам газавай службы. Напрыклад, вы ведаеце, што наяўнасць у паветры аднаго працэнта ўгарнага газу – смяротная канцэнтрацыя для чалавека, дастаткова 2-3 удыхаў, каб адбылося непапраўнае? Пазбегнуць пагрозы дапаможа апавяшчальнік угарнага газу, які, дарэчы, нічога агульнага з аўтаномным пажарным, які рэагуе на задымленне ў памяшканні, не мае. Дзеці з цікавасцю абследавалі “начынне” аўтамабіля аварыйнай брыгады, праверылі спраўнасць прылад, якімі газавікі штодня карыстаюцца ў рабоце.

Літаральна раскрыўшы рты слухалі школьнікі аповед старшага фельчара райбальніцы М.Г.Харэвіч пра магчымасці новага аўтамабіля, які з’явіўся нядаўна ў аддзяленні хуткай медыцынскай дапамогі. Каталку-насілку, “рухомыя” крэслы для медыкаў, адмысловую каляску для транспарціроўкі хворых па лесвіцы, якая хутка “дэфармуецца” з калёснай у гусенічную, не апрабаваў, напэўна, толькі лянівы. “Добра, калі такое знаёмства з медабсталяваннем адбываецца ў рамках прафілактычнага мерапрыемства. У якасці ж пацыентаў да нас лепш не трапляць!”, – неаднаразова падкрэслівала Марына Генадзьеўна.

Пра захаванне здароўя вялі гаворку таксама спецыялісты раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Яны нагадалі аб правілах прафілактыкі вострых рэспіраторных вірусных інфекцый і грыпу, аб правядзенні ў бліжэйшы час вакцынацыі ад апошняга, а таксама аб небяспецы каранавіруса, факты інфіцыравання якім на Ушаччыне па-ранейшаму ёсць.

Як аказаць дапамогу тапельцу, гатовы былі паказаць прадстаўнікі раённага таварыства выратавання на водах. Пра бяспеку на дарогах “казалі” зладжаныя дзеянні супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі. Суправаджалася ж мерапрыемства канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры.

“Меркавала пасля ўрокаў збегаць дамоў, каб крыху адпачыць і паспець у “музыкалку”, аднак прайсці міма не змагла! На кожным кроку шмат цікавага і карыснага”, – казала юная ўшачанка Эвеліна Кляшчонак. І яе меркаванне раздзялялі іншыя.

Старт адзінага Дня бяспекі, сапраўды, атрымаўся яркім. У яго рамках да 10 верасня пройдзе яшчэ шмат разнапланавых прафілактычных мерапрыемстваў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *