Делегация Ушачского района приняла участие в областном фестивале-ярмарке тружеников села «Дажынкі-2020»

Сельское хозяйство

На Віцебшчыне месцам правядзення свята аграрыяў сёлета ўпершыню стаў не раённы цэнтр, а абласны. Такое рашэнне было прынята ў знак прызнання заслуг працаўнікоў Віцебскага раёна, якія штогод робяць важкі ўнёсак у каравай Прыдзвіння.

У 2020-м жа ён сапраўды дастойны: агульны намалот збожжа па вобласці склаў 1 мільён 77 тон пры сярэдняй ураджайнасці 31,1 цэнтнера з гектара. Гэта лепшы паказчык за апошнія пяць год! Віцебшчына першай сярод рэгіёнаў рэспублікі цалкам выканала дзяржзаказ у аб’ёме 109,4 тысячы тон харчовага зерня. Адпавядаў вынікам працы хлебаробаў і размах свята, праграма якога была вельмі шырокай і доўжылася два дні, а цырымонія ўшанавання пераможцаў спаборніцтва сабрала на сцэне летняга амфітэатра больш 5 тысяч чалавек. Сярод іх былі і 50 прадстаўнікоў ушацкай дэлегацыі, узначаліў якую першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарча Сяргей Сяргеевіч Садоўскі.

Традыцыйна правядзенне “Дажы­нак” дае населенаму пункту нагоду папрыгажэць і ўдасканаліцца. Не стаў выключэннем і старажытны Віцебск, дзе падчас падрыхтоўкі да абласнога свята з’явілася ці было абноўлена каля сотні аб’ектаў. Убачыць некаторыя з іх члены ўшацкай дэлегацыі змаглі падчас аўтобуснай экскурсіі па горадзе, з якой і пачалася праграма. Што і казаць, падарожнічаць аграрыям даводзіцца нячаста, а таму было цікава праехацца па пуцеправодзе “Полацкі”, за адкрыццём якога нядаўна назіралі па тэлевізары, убачыць, як пераўтварылася да свята старажытная вуліца Кірава, які прыгожы батутны цэнтр вырас на праспекце Перамогі. У дзень “Дажынак” быў адкрыты паветраапорны футбольны манеж для выхаванцаў ДЮСШ, многія іншыя новыя аб’екты. Кіраўнік “Маяка- Ушацкага” Антон Юльянавіч Анецька, які дапамагаў гіду расказваць пра славутасці цэнтральнай часткі Віцебска, у момант, калі маршрут пралёг праз новы мікрараён Білева, разгубіўся: “Тут жа яшчэ зусім нядаўна было пустое поле! А я думаў, што добра ведаю горад, у якім калісьці вучыўся…”.

Затое дакладна можна канстатаваць, што Антон Юльянавіч дасканала ведае сваю аграрную справу. Вось і сёлета “Маяк-Ушацкі” традыцыйна быў адным з флагманаў не толькі раённага жніва, а і адпаведнага спаборніцтва сярод прадпрыемстваў інтэграцыйнай структуры Полацкага малочнага камбіната. Два экіпажы гаспадаркі Сяргей Анатольевіч Селявёнак з памочнікам Алегам Паўлавічам Арлоўскім і Сяргей Сяргеевіч Аўдошка, які прыйшоў на дапамогу з ДРБУ-105, перасягнулі грасмайстарскі рубеж у тысячу намалочаных тон збожжа. Сяргей Анатольевіч увайшоў у склад дэлегацыі і, канечне, ехаў у Віцебск у выдатным настроі. Як і абсалютны лідар сёлетняга раённага спаборніцтва Уладзімір Уладзіміравіч Лёля, на рахунку якога крыху больш за 1300 тон. Гэта адзін з лепшых намалотаў за ўсе 25 уборачных, у якіх ільюшынскі механізатар браў удзел. “Але віншаваць з перамогай мяне рана! Пакуль я тут адпачываю, калега Анатоль Дзмітрыевіч Спірыдзёнак яшчэ дажынае апошнія ўчасткі і мае шанс апярэдзіць мяне на фінішным флажку!” – з усмешкай адзначае камбайнер і дадае, што абсалютна не пакрыўдзіцца, калі так адбудзецца, бо ўсё роўна рэкорд застанецца ў прадстаўнікоў роднай гаспадаркі. А яшчэ расказвае, што сёлета яму давялося папрацаваць на тым самым новым трактары, што быў падораны “Ільюшынскаму” на мінулых “Дажынках”, – вясной спачатку ўносіў на ім арганіку, потым на пасяўной падвозіў зерне.

“А вось мне пра новую тэхніку даводзіцца пакуль толькі марыць”, – уздыхае яшчэ адзін ільюшынец Дзмітрый Бурак. Аднак паколькі на свяце нельга маркоціцца, тут жа пераключаецца на вясёлы лад і зазначае, што паміж ім і журналістам “Патрыёта” ёсць агульнае: “Вы працуеце ў прэсе, а я – на прэсе!” А калі сур’ёзна, то хоць і на старым агрэгаце, але ўмудраецца трактарыст “зарулоніць” у стрэйч-плёнку літаральна ўвесь раён. І вельмі прыемна, што сёлета яго старанная праца (а гэты малады яшчэ з выгляду хлопец ужо аддаў аграрнай ніве амаль два дзесяцігоддзі жыцця) атрымала высокую адзнаку: на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання работнікаў АПК, дасягнуўшых высокіх вытворчых паказчыкаў, Дзмітрыю была ўручана Ганаровая грамата аблвыканкама.

Узнімаліся на сцэну і два прадстаўнікі “Вялікадолецкага”: Сяргей Аркадзьевіч Філімонаў атрымаў Ганаровую грамату абласнога камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні, а Віталь Віктаравіч Бука – Падзяку рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў АПК.

І калі для Сяргея Аркадзьевіча, лаўрэата прэміі “Чалавек года Віцебшчыны-2013”, самыя высокія абласныя сцэны не ў навіну, то яго малады калега стаў першым прадстаўніком вялікай хлебаробскай дынастыі Букаў, які атрымаў персанальную ўзнагароду на такім значным форуме.

Ушанаванне пераможцаў абласнога спаборніцтва стала ключавой падзеяй і галоўнай урачыстасці, якая крыху пазней распачалася ў летнім амфітэатры. Перад тым жа як заняць глядацкія месцы, дэлегацыі раёнаў з гонарам прайшлі па галоўнай вуліцы абласнога цэнтра. І было надзвычай прыемна бачыць, як па шляху даволі працяглага маршруту гараджане запоўнілі ўсе тратуары і віталі лепшых аграрыяў авацыямі. “Мы з мужам спецыяльна прыйшлі сюды, каб выказаць павагу людзям самай важнай на зямлі прафесіі!” – не хавала ўзнёслых эмоцый віцябчанка Алена Шынцякіна, з якой мы пазнаёміліся падчас шэсця. А ўшацкія аграрыі, у сваю чаргу, зазначалі, што адчувалі гэты неверагодны людскі пасыл, і падобныя хвіліны сапраўднага трыумфу кожнаму запомняцца надоўга.

Словы падзякі ў адрас аргарыяў няспынна гучалі і з галоўнай сцэны “Дажынак”. Традыцыйна сваё прывітанне хлебаробам Віцебшчыны даслаў Прэзідэнт краіны А.Г.Лукашэнка, агучыў жа яго, а таксама выказаў асабістыя словы пашаны старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. Ён таксама выканаў прыемную місію: уручыў старшыні Віцебскага аблвыканкама М.М.Шарснёву Падзяку Прэзідэнта краіны. У сваю чаргу, Мікалай Мікалаевіч з вельмі шчырай і змястоўнай прамовай звярнуўся да прысутных. Агучыў немалыя сёлетнія дасягненні, акрэсліў тыя напрамкі, па якіх варта рухацца, каб зрабіць аграрны сектар рэгіёну яшчэ больш прыбытковым. Цяжкую працу на зямлі кіраўнік рэгіёну ведае не па чутках, бо сам значную частку жыцця прысвяціў гэтай сферы. А таму надзвычай кранальнымі былі яго словы пра тое, што сапраўдны хлебароб, калі пачуе, як забарабанілі ноччу па шыбе кроплі дажджу, ужо не засне да світання, бо будзе перажываць аб страчаным дні ўборачнай і згубленых каласах…

Да слова, калі запыталася ў дземянецкага механізатара Аляксандра Уладзіміравіча Яловіка, простым ці складаным быў для хлебаробаў 2020-ы, той усміхнуўся: “Гады ў нашай справе бываюць цяжкімі (гэта больш-менш суха) і вельмі цяжкімі – калі заліваюць дажджы”. Сёлета жніво на Віцебшчыне стартавала пазней, чым летась. Напачатку надвор’е дазволіла весці ўборачную высокімі тэмпамі, аднак напрыканцы жніўня выпала двайная норма ападкаў і работа на палях фактычна спынілася. І толькі дзякуючы самаадданай працы хлебаробаў усіх гаспадарак Прыдзвіння, якія забыліся, што такое адпачынак, удалося з мінімальнымі стратамі захаваць вырашчаны ўраджай. Вось і мяркуйце, цяжкім ці вельмі цяжкім быў для іх гэты год…

Менавіта сельскагаспадарчымі цыкламі мерае сваё жыццё і яшчэ адзін “штатны” ўдзельнік “Дажынак” Андрэй Пятровіч Літвін. За яго плячыма 18 уборачных і чвэрць веку ў родных “Глыбачанах”. Пачынаў першае жніво на “Доне”, працаваў на “Лідзе”, ну а сёлета менавіта яму даручылі прыгнаць у гаспадарку новае “Палессе”, якое, канечне, вельмі спатрэбіцца на наступнай уборачнай. “Трактарыст нумар 1 у раёне”, – такую ёмістую характарыстыку даў глыбачанцу яшчэ адзін удзельнік ушацкай дэлегацыі аграном-насеннявод Мікалай Віктаравіч Азевіч.

Ужо мелі вопыт удзелу ў верхнядзвінскіх “Дажынках” Аляксандр Гусёнак, які зараз працуе ў “Дземенцы”, і Юрый Юркевіч, што шчыруе на палях “Агра-Селішча”. Для апошняга, дарэчы, сёлетняе жніво стала юбілейным – дзясятым, і праводзіць яго штатны работнік камунальнага прадпрыемства, як кажуць, ад званка да званка: ад азімага рапсу да канюшыны. А вось для іх калег з гэтых гаспадарак механізатара Івана Царова і галоўнага агранома Максіма Чарнабаева, а таксама брыгадзіра з “Ільюшынскага” Антона Аўсеева гэта першая паездка на свята аграрыяў. “Хоць і не трапіў я пакуль у лік “тысячнікаў”, аднак упершыню намалаціў каля 800 тон і стаў першым у гаспадарцы”, – падводзіць вынік сёлетняй працы І.Цароў.

Былі ў складзе дэлегацыі і людзі, якія непасрэдна не шчыруюць у полі, аднак таксама ўносяць лепту ў раённы каравай. Да такіх, напрыклад, належыць вадзіцель райсельгасхарча В.М.Шарыпа, які прыйшоў на гэтае месца ў 1983-м годзе. “Вельмі прыемна, што маю працу адзначылі такім чынам. Увогуле лічу, што “Дажынкі” – надзвычай патрэбнае свята, бо людзі, што шчыруюць на зямлі, павінны атрымліваць сваю порцыю славы!” – мяркуе Васіль Мікалаевіч, са словамі якога нельга не пагадзіцца.

* * *

Свае яркія фарбы ўнесла ў палітру “Дажынак” і работа гандлёвых радоў Віцебскага абласнога таварыства спажывецкай кааперацыі. Ушацкі філіял прадумана аформіў свой падворак, прывабліваў гасцей свята разнастайнымі дарамі сёлетняй шчодрай восені, смачнай выпечкай, клёцкамі, юшкай і поліўкай, толькі на прыгатаванне шашлыкоў за дзень пайшло каля 60 кілаграмаў мяса. Прысмакі кааператараў ацанілі і члены нашай дэлегацыі, для якіх быў арганізаваны святочны стол.

Не абышлася без ушачан і культурная праграма “Дажынак”. Так, прыемна было ўбачыць на сцэне амфітэатра ў складзе вялікага зводнага хору калектываў Віцебшчыны нашага земляка Ігара Сідарчука, які зараз працуе ў Наваполацкай школе мастацтваў, а ў канцэртнай праграме на плошчы Свабоды сваё майстэрства дэманстравалі дзіцячы фальклорны калектыў “Спадчына” і вакальны гурт “Ушачанка”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *