Красота с «доставкой» на дом. Для ушачанки Екатерины Коршун парикмахерское искусство не только работа, но и любимое занятие

Калейдоскоп

“Каця проста чараўніца! Любая стрыжка, складаная афарбоўка ці няпростая прычоска, а таксама макіяж ёй па плячы!” Такія водгукі давялося нядаўна пачуць пра ўшачанку Кацярыну Коршун, якая аказвае землякам цырульныя паслугі. Яна адна з тых, хто адносіцца да ліку самазанятых. Прычым, гэта для маладой дзяўчыны не толькі варыянт заробку, а і любімая справа.

– Памятаю сваю першую стрыжку: пяць гадоў таму рабіла яе… паўтары гадзіны! Гэта было падчас вытворчай практыкі ў Полацкім хіміка-тэхналагічным каледжы пад кіраўніцтвам майстра. Добра, што мадэллю быў знаёмы хлопец, які цярпліва вытрымаў увесь час. Але недарэмна – стрыжка атрымалася ідэальнай, – прыгадвае Кацярына.

Старанную дзяўчыну прыкмецілі і запрасілі ў вядомы полацкі салон прыгажосці “Імперыён”. Яна годна вытрымала выпрабавальны тэрмін і ўлілася ў калектыў прафесіяналаў. “Шчыра кажучы, спачатку вельмі перажывала, думала, што падобныя ўстановы наведваюць залішне патрабавальныя персоны, – прызнаецца цырульнік. – Аднак, потым зразумела, што хваляванне майстэрства мне не дадасць, ды і кліенты былі не такімі ўжо прыдзірлівымі”.

Акрамя спецыяльнасці цырульніка ў каледжы К.Коршун атрымала і базавыя навыкі нанясення макіяжу, а на працоўным месцы прайшла дадатковае навучанне па гэтым накірунку. А яшчэ самастойна трэніравалася, праглядвала ў інтэрнэце відэа, майстар-класы.

У дэкрэтным адпачынку не закідвала любімы занятак – галоўнымі і самымі важнымі кліентамі былі бацькі, родныя і сынок. Дарэчы, сабе К.Коршун заўсёды робіць стрыжкі і афарбоўкі сама – гэта не выклікае ніякіх цяжкасцей.

Сёлета Кацярына вырашыла не вяртацца на папярэдняе месца працы з-за нязручнага графіку работы і зарэгістравалася ў якасці самазанятай. Як вядома, згодна Указа №337 “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб” дзеля гэтага дастаткова стаць на ўлік у мясцовым падатковым органе і плаціць адзіны падатак. Прычым, свае паслугі К.Коршун прапаноўвае з выездам да кліента. “Многія з маіх знаёмых ужо ацанілі такі зручны варыянт: не трэба збірацца і траціць час на дарогу ў цырульню, а потым, скажам, з прычоскай вяртацца па дажджы ці ветры. Некаторыя ў мяне пытаюцца, ці не лянюся з інструментамі накіроўвацца за пару кіламетраў. На што я, не задумваючыся, адказваю: ніколькі! Бяру ў рукі свой спецыяльны чамаданчык і калі пешшу, калі на веласіпедзе спяшаюся да сваіх кліентаў. Ніколі з-за адлегласці не адмаўляюся ад дробных заказаў (напрыклад, пастрыгчы чубок). А нядаўна выязджала ў Жары, дзе да вяселля рабіла адразу пяць прычосак і тры макіяжы. Калі камусьці трэба на падобную ўрачыстасць, то і ў 5 гадзін раніцы гатова прыступаць!” – расказвае дзяўчына.

Канечне, пераважна да яе звяртаецца прыгожая палова чалавецтва, але ёсць і мужчыны, з задавальненнем бярэцца Кацярына за дзіцячыя стрыжкі. Так, самаму маленькаму кліенту было ўсяго 10 месяцаў. Прычым, дзяцей якраз і лепш стрыгчы на доме – на сваёй тэрыторыі яны не так баяцца, а калі і ўзнікае страх, то дзяўчына ўмее знайсці падыход да капрызных непаседаў. Дарэчы, да любой стрыжкі, прычоскі ці макіяжу яна падыходзіць надзвычай адказна, абмяркоўвае, раіць, перапытвае, каб кліент застаўся задаволеным. Менавіта так і атрымліваецца. А яшчэ яна вельмі добразычлівы і пазітыўны чалавек, да якога ўзнікае жаданне звярнуцца зноў.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *