За плечами учителя русского языка и литературы Глыбочанской школы Екатерины Литвин 32 года педагогического стажа

Образование и молодежь

Настаўніца рускай мовы і літаратуры Глыбачанскай школы Кацярына Дзмітрыеўна Літвін з’яўляецца ўраджэнкай Расіі, што з першых хвілін зносін адчуваецца па маўленні – вырасла і атрымала сярэднюю адукацыю ў Сыктыўкары. На выбар будучай прафесіі рашаючы ўплыў аказала настаўніца рускай мовы і літаратуры, якія сталі любімымі прадметамі і далейшым лёсам гэтай абаяльнай жанчыны. Магла б у свой час паступіць у мясцовую вышэйшую навучальную ўстанову – у сталіцы Комі АССР іх хапае. Але ў вялізнай савецкай дзяржаве дзяўчына накіравалася ў Віцебскі педагагічны інстытут імя Кірава не выпадкова, а каб быць бліжэй да родных мясцін маці, якая калісьці, як і тысячы іншых маладых людзей пасляваеннага часу, паехала на асваенне Поўначы. Але сэрца цягнула на радзіму, і ў хуткім часе сям’я ўладкавалася на Ушаччыне, а Дубраўская школа атрымала маладога спецыяліста.

Гады прафесійнага станаўлення Кацярыны Дзмітрыеўны прайшлі менавіта тут, дзе яна працавала з 1988 года і да закрыцця ўстановы ў 2014-ым. У Дубраўцы, дзе настаўнік жыве і зараз, яна стварыла сям’ю, нарадзіла траіх дзетак. Дачка атрымала вышэйшую адукацыю, працуе ў беларускай сталіцы ў сферы гандлю, студэнтамі ВНУ з’яўляюцца і сыны-блізняты, якія ў Белдзяржуніверсітэце і Віцебскім дзяржуніверсітэце адпаведна вучацца на географа і фізіка па спецыяльнасцях “навукова-педагагічная дзейнасць” і з вялікай доляй верагоднасці могуць працягнуць справу маці. Пра свой жа багаты працоўны стаж К.Д.Літвін расказвае стрымана, кажа “не люблю “піарыцца”, лічу, што ёсць вялізная колькасць не менш дастойных людзей для вашых матэрыялаў”. Сціпласць з’яўляецца станоўчай рысай характару, але менавіта кандыдатуру Кацярыны Дзмітрыеўны нам прапанавала адміністрацыя школы.

І дзейнасць яе сапраўды заслугоўвае ўвагі. Напрыклад, вучаніца К.Д.Літвін і сёлетняя выпускніца Валерыя Станевіч на працягу апошніх чатырох гадоў з’яўляецца нязменнай пераможцай раённай навукова-практычнай канферэнцыі “У навуку першыя крокі”. Быў, праўда, аднойчы дыплом другой ступені, але першай тады не прысуджалі. У мінулым годзе дзяўчына атрымала і дыплом удзельніка ў конкурсе “Эўрыка”, які праводзіць Віцебскі дзяржуніверсітэт. Назва работы “Этымалогія і ўтварэнне айконімаў маёй малой радзімы” чалавеку недасведчанаму мала аб чым скажа. Між іншым, гэта вельмі цікавая праца, прысвечаная даследаванню ўзнікнення назваў вёсак.

– Вы напэўна думаеце, што Салаўёўка называецца так з-за распаўсюджання тут аднайменнай пеўчай птушкі? – усміхаецца Кацярына Дзмітрыеўна і тут жа абвяргае мой сцвярджальны адказ. – Гэта глыбока памылковы погляд! На самой справе “солы” – сухія месцы, астравы сярод балоцістай мясцовасці, менавіта ў якой знаходзіцца вёска. Ці вось возьмем, напрыклад, Стаі – такую назву раней мелі вялікія збудаванні заможных гаспадароў. Гэта сведчыць аб тым, што калісьці вёска была вялікай і багатай. А Турасы хутчэй за ўсё атрымалі назву з-за льдзін, якія згрувашчваліся на рацэ падчас крыгаходу. Значнай частцы вёсак назву дало месца размяшчэння, напрыклад, Зарэчча, Залужэнне. Даследаванні вызываюць цікавасць у дзяцей да гісторыі сваёй малой радзімы, жаданне больш глыбока пазнаць яе. А іх вынікі не пыляцца на паліцах – мы іх актыўна прымяняем у вучэбным працэсе.

Пры падрыхтоўцы да конкурсаў вучні Кацярыны Дзмітрыеўны выкарыстоўваюць шмат дадатковай літаратуры, працуюць з музейнымі фондамі, як пры стварэнні працы “Прыказкі і прымаўкі аб Вялікай Айчыннай вайне”, дзе ёсць і глава “Фальклор ушацкіх партызан”. У раённых жа алімпіядах навучэнцы К.Д.Літвін стабільна дэманструюць зайздросныя вынікі. Так, у мінулым вучэбным годзе дыпломы першай і другой ступеняў адпаведна атрымалі Лізавета Казлова і Дзіяна Герцык, трэцяй ступені – Дзяніс Чумак. Іх, дыпломаў і грамат, у кабінеце настаўніка шмат, і гэта толькі “новыя”, за апошнія гады.

Залішне казаць, што Кацярына Дзмітрыеўна прачытала мора літаратуры, прычым аддае перавагу не толькі любімай класіцы, але і іншым жанрам – не супраць пагартаць, напрыклад, іранічны дэтэктыў. Гаспадарку з мужам Віктарам Фёдаравічам, які працуе ў ПУП “Ляснеўшчына”, ужо не трымаюць, абое ад цёмнага да цёмнага на рабоце. А вось на любімыя ружы і іншыя кветкі, у якіх патанае двор сядзібы, час знаходзяць, прычым у гэтай справе ахвотна дапамагае і галава сям’і. К.Д.Літвін, пра якую пачуў у калектыве толькі добрыя словы, даўно стала ў Дубраўцы сваёй. І хоць ёй у спадчыну ад маці засталася кватэра ва Ушачах, кажа “жыла, жыву і буду жыць тут!”

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *