Каждый свой урок учитель химии Ильюшинской школы Галина Авсиевич стремится сделать интересным и плодотворным

Образование и молодежь

Самы просты варыянт пачатку размовы з настаўнікам-філолагам – запытацца пра любімы твор. Ну а як ладзіць першы кантакт з выкладчыкам хіміі і біялогіі? Хіба што пацікавіцца пра любімы элемент табліцы Мендзялеева? Зрэшты, нават такое каверзнае пытанне настаўніцу Ільюшынскай школы Галіну Мікалаеўну Аўсіевіч зусім не збянтэжыла: “Вядома ж, кісларод! Ён – крыніца нашага жыцця… Ну а калі з металаў, то золата – сімвал высакароднасці, і не толькі ў хіміі!”.

Стаць выкладчыкам гэтых прадметаў Галя вырашыла, калі ў іх Маладолецкай школе пачаў весці ўрокі Віктар Мікалаевіч Шышоў. Скончыўшы Віцебскі педінстытут, размеркавалася ў Слабадскую васьмігодку, дзе адпрацавала тры гады. Лічыць, што са стартам кар’еры ёй пашчасціла, бо аказалася ў добрым калектыве: дырэктар Лілія Васільеўна Казлова, завуч Феадосія Мікалаеўна Бурак, калегі Галіна Васільеўна Казлова, Вольга Васільеўна Лёля заўсёды былі гатовы падказаць, падтрымаць.

Цёпла сустрэлі Галіну Мікалаеўну і ў Ільюшынскай школе, куды перайшла ў 1996-м: адсюль было значна бліжэй дабірацца да бацькоўскага дома ў Казімірове. Маладой настаўніцы давялося адказваць за прышкольны ўчастак, азеляненне тэрыторыі. У пачатку 2000-х у моду ўвайшлі альпійскія горкі і іншыя элементы дызайну, на добраўпарадкаванні працаваў увесь калектыў, а ўзначальваў суботнікі тагачасны дырэктар установы Аляксандр Мікалаевіч Азевіч, які браў на сябе складаную фізічную работу. Ільюшынская школа і зараз адна з самых прыгожых у раёне: за “кветкавую гаспадарку” адказваюць Ларыса Пятроўна Асіповіч і Ларыса Уладзіміраўна Шарыпа, ну а ўчастак па-ранейшаму за гераіняй нашага аповеду. Школа выконвае план па забеспячэнні сталовай уласнай агароднінай, рэалізуе вяскоўцам расаду. Галоўнае ж, што вучні набываюць тут карысныя навыкі на ўроках працоўнага навучання, а разам з атэстатам атрымліваюць пасведчанні аб спецыяльнасці агародніка.

Праца на зямлі для Г.Аўсіевіч – справа звыклая і прыемная. Але ж, канечне, не менш увагі яна надае ўрокам па асноўных дысцыплінах. “Зацікавіць дзяцей хіміяй не так проста, бо тут шмат сухой інфармацыі, якую трэба запамінаць. А вось рабіць вопыты любяць усе, асабліва з прыкметамі хімічных рэакцый – зменай колеру, выпадзеннем асадку, выдзяленнем газу. Так, напрыклад, калі ў рамках тыдня хіміі і біялогіі праводзілі пазакласнае мерапрыемства “Ад колбы да рэактара”, дэманстравала дзецям вопыт пад назвай “Вулкан”: у вяршыню складзенага горкай біхрамата амонія трэба капнуць спірту і падпаліць яго, ад цеплыні крышталі раскладаюцца і з яркімі іскрамі пераўтвараюцца ў попел – вельмі падобна на сапраўднае вывяржэнне”, – выдае сакрэт аднаго з хімічных “фокусаў” Галіна Мікалаеўна і зазначае, што такім чынам рэальна прыцягнуць вучняў да вывучэння прадмета.

Ну а біялогія для многіх ільюшынскіх школьнікаў увогуле з’яўляецца любімым урокам, пра што сведчаць і дасягненні. Пяць год запар займала прызавыя месцы на раённай алімпіядзе Марыя Сцёпачкіна, зараз жа дыпломную скарбонку спраўна папаўняе Ніна Сімановіч. Цікавым вопытам стаў удзел у Міжнародным дзіцячым экалагічным форуме “Зялёная планета”. Юныя біёлагі правялі даследчую работу, якая датычылася ўліку, рассялення і аховы мурашнікаў. Аказалася, што экалагічная сцяжына ў сасняку непадалёк ад школы – надзвычай прывабнае месца для “санітараў лесу”: на яе 250-мятровым адрэзку вучні налічылі 22 мурашнікі, а самы вялікі, які выступаў на лясную дарогу, абгарадзілі і часткова адсялілі ў іншае месца. Конкурсная работа атрымала дыплом ІІІ ступені абласнога этапу форума. Штогод вучні Г.Аўсіевіч удзельнічаюць у раённай навукова-практычнай канферэнцыі, асабліва актыўныя ў гэтым Таня Мядзянік, Улад Базылеў, Юра Жарнасек. На рахунку апошняга – поспех у рэспубліканскім конкурсе “Чыстае сэрца роднай зямлі”: яго работа пра Баркоўшчынскія крыніцы была прызнана лепшай па выніках інтэрнэт-галасавання і хлопца прэміравалі паездкай у лагер “Зубраня”.

Ёсць у Галіны Мікалаеўны і яшчэ адна адметная вучаніца – уласная дачка. І хоць наведвала Насця не Ільюшынскую, а Ушацкую школу, мамін уплыў адбіўся на фарміраванні яе інтарэсаў і багажы ведаў. У свой час дзяўчына прынесла раёну прызавое месца на абласным этапе алімпіяды па біялогіі, а сёлета скончыла фармацэўтычны факультэт Віцебскага дзяржмедуніверсітэта і ўладкавалася на першае працоўнае месца – у цэнтральную аптэку Ушач.

“Заўсёды старалася сумленна рабіць сваю любімую справу. Але не лічу, што маю надзвычайныя педагагічныя здольнасці, і ніколі не ставіла мэту стаць лепшай сярод калег, – прызнаецца Галіна Мікалаеўна. – Мяне абсалютна задавальнае месца “ў залатой сярэдзіне”. Ну вось, і зноў мы вярнуліся да гэтага каштоўнага металу!”

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *