Когда в Ушачах отремонтируют мост? Мы узнали, заглянув на самую важную стройплощадку райцентра

Общество

“Ці хутка ўжо мост адрамантуюць? Вось думаю, заказваць дровы зараз у аб’езд ці пачакаць, калі адкрыюць і будзе дзешавей?” “Бачылі ў мінулы чацвер, як мастабудаўцы да позняга вечара пры святле пражэктараў працавалі – магчыма, збіраюцца справіцца датэрмінова?” Гэтыя і іншыя падобныя пытанні агучвалі апошнім часам чытачы газеты. І такая цікавасць стала падставай для нашага чарговага візіту на бадай самую актуальную будаўнічую пляцоўку райцэнтра.

“А вось гэта – ваш зямляк Дзмітрый: мала таго, што робім мост ва Ушачах праз раку Ушачу, дык яшчэ і прозвішча ў яго – Ушакоў!” – знаёміць нас з занятымі на будоўлі работнікамі майстар ТАА “Спецмостбуд” Аляксандр Віктаравіч Драбінка. Ушачанін працуе ў арганізацыі не так даўно, але ўжо паспеў пацвердзіць сваю высокую кваліфікацыю, што і нядзіўна, бо дагэтуль меў адпаведную практыку ў Расіі. А вось яго напарнік Яўген Нікалаенка пятнадцаць год узводзіць масты ў Беларусі. Сам ён з Шаркаўшчыны і прызнаецца, што працаваць у родным рэгіёне асабліва прыемна, а толькі за апошні час яны злучалі дарогі ў Оршы, Браславе, Верхнядзвінску. У хуткім жа часе пералік гатовых аб’ектаў папоўніць і ўшацкі мост: А.Драбінка адзначае, што, адпаведна праекту, работы павінны быць завершаны да 20 лістапада, пры гэтым спецыялісты арганізацыі прыкладаюць усе намаганні, каб паскорыць момант адкрыцця важнейшай для раёна транспартнай артэрыі, аднак не ўсё залежыць толькі ад іх. Галоўныя этапы работ ужо выкананы: на бягучым тыдні, напрыклад, мяркуюць скончыць бетанаванне праезнай часткі моста. Гэты, здавалася б, нескладаны працэс насамрэч досыць карпатлівы: для трываласці пакрыццё ўсцяж арміравана, і рабочым трэба змацаваць дротам літаральна кожнае перакрыжаванне металічнай “сеткі”, перш чым яе пакрые пласт бетону. Затым на яго будзе ўкладзены гідраізаляцыйны матэрыял і толькі потым – асфальт. У далейшых планах – уладкаванне з’ездаў, ліўневай каналізацыі, устаноўка поручняў.

Работнікі ў таварыстве старанныя і адказныя, калі трэба – працуюць звышурочна. Вось і падоўжаная змена з пражэктарамі на мінулым тыдні была абумоўлена вытворчымі акалічнасцямі: заказвалі прывазное абсталяванне на кароткі тэрмін і трэба было скончыць тэхналагічную аперацыю. “Ва Ушачах нам падабаецца. Умовы працы і быту задавальняюць: знялі жыллё ў гарпасёлку і Двор-Пліне, у сталовай можна смачна і нядорага паабедаць. Так што пра ўшацкі мост будзем успамінаць з прыемнымі пачуццямі”, – адзначаюць будаўнікі. Ну а мы, хочацца спадзявацца, такім жа чынам ацэнім плён іх працы.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

Дарэчы

  • Будаўнікі запэўніваюць, што як мінімум паўстагоддзя ўшачанам не давядзецца турбавацца пра свой новы мост. Бліжэйшыя пяць год збудаванне будзе на гарантыі таварыства, потым пяройдзе “пад апеку” мясцовай абслугоўваючай арганізацыі.

На здымку: Д.Ушакоў, Я.Нікалаенка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *