За два года работы в Ушачском районном центре культуры и народного творчества Ирина Байрамова легко завоевала любовь коллег и зрителей

Культура

“На працу не іду, а бягу з задавальненнем! Рабочы час праходзіць на адным дыханні, гэтая справа запальвае іскру ў душы. Нават калі ў мяне дрэнны настрой, пераступіўшы парог установы, усё як рукой знімае. Не думала, што стану культработнікам, а зараз разумею, што гэта маё”, – кажа Ірына Байрамава, якая за два гады работы ў цэнтры культуры і народнай творчасці лёгка заваявала прыхільнасць як калег, так і гледачоў.

Ірына з дзяцінства вельмі актыўная, у Плінскай школе без яе не абыходзілася ні адно мерапрыемства. “На ўсіх святах была вядучай, а яшчэ займалася беларускімі танцамі, памятаю, як за паспяховы ўдзел у адпаведным абласным конкурсе атрымала пуцёўку ў знакаміты лагер “Зубраня”. Падчас вучобы ў Віцебскім прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці мяне назначалі адказнай за правядзенне ўсіх мерапрыемстваў і гэта місія была па душы”, – прыгадвае Ірына.

Атрымаўшы зусім далёкую ад сферы культуры спецыяльнасць, дзяўчына працавала на “Белвесце” майстрам па вытворчасці абутку, а пазней “дарасла” і да тэхнолага. Перад І.Байрамавай былі добрыя працоўныя перспектывы, але паміж паўгадавой стажыроўкай у Кітаі і стварэннем сям’і яна выбрала апошняе і пераехала да каханага ва Ушачы.

Два гады таму сяброўка параіла Ірыне пайсці працаваць у раённы цэнтр культуры і народнай творчасці: “Там ёсць вакансія, паспрабуй, гэта ж тваё, упэўнена, у цябе атрымаецца!” У абавязкі метадыста аддзела маркетынгу і гаспадарчага абслугоўвання ўваходзіць выкананне розных вытворчых пытанняў, напрыклад, І.Байрамава адказвае за ахову працы, пажарную бяспеку. Але, зразумела, што практычна кожны член гэтага калектыву – чалавек творчы, і менавіта тут раскрыўся багаты патэнцыял гэтай дзяўчыны. “Падчас дэбюту на раённай сцэне мне давялося спяваць прыпеўкі, пасля чаго аксакал фальклорнага накірунку Галіна Сяргееўна Рудзёнак сказала: цяпер зразумела, каго адпраўляць будзем на адпаведны конкурс! – расказвае Ірына. – А калі мне ўпершыню даверылі ролю вядучай, вельмі хвалявалася: гляджу ў сцэнарый, а ў вачах усё плыве, гучаць фанфары, а ў мяне калені дрыжаць. Але ўбачыўшы ў зале твары сваіх родных і сяброў, зразумела, што трэба апраўдаць іх чаканні. Зрэшты, калі выступаю ў ролі вядучай, загадзя дзясяткі разоў перачытваю сцэнарый, каб на сцэне быць упэўненай, адрываць вочы і глядзець у залу, ведаць, дзе можна зрабіць адступленні. У гэтай справе для мяне прыкладам і настаўнікам з’яўляецца надзвычай вопытны спецыяліст Дзіна Паўлаўна Пенкальская. А яшчэ яна і Юлія Казак – арыенцір у харэаграфічных нумарах. А вось з падачы Святланы Іванаўны Мушы стала спяваць шансон. Да тэматычнага канцэрта суткі вучыла “Шаланды поўныя кефалі”, а падчас выканання другой песні пераблытала куплеты, але гледачы, здаецца, гэтага не прыкмецілі”.

Да твару гэтай абаяльнай дзяўчыне і народны касцюм – у ім яна сустракае гасцей Ушаччыны, а таксама выходзіць на сцэну падчас раённых мерапрыемстваў і ўшанавання работнікаў да прафесійных святаў. Яна так стараецца дарыць гледачам у гэты момант усмешку, што, прызнаецца, ад гэтага аж часам баляць шчокі.

Выдатна спраўляецца І.Байрамава і з грамадскай нагрузкай, з’яўляючыся старшынёй прафсаюзнай “пярвічкі” цэнтра культуры.

Самая ж галоўная ў яе жыцці роля – мамы дзвюх цудоўных дачушак Аміны і Міраславы, якія радуюць і натхняюць на новыя творчыя дасягненні.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *