В Ушачском районе наблюдается рост заболеваний на COVID-19 и респираторные инфекции, но ситуация под контролем

Здравоохранение

Тэма распаўсюджання другой хвалі каранавіруснай пандэміі зараз набыла вастрыню ва ўсім свеце, надаюць ёй першарадную ўвагу і ў Беларусі. Так, на гэтым тыдні адбылася нарада ў кіраўніка дзяржавы, на якой была ацэнена падрыхтаванасць сістэмы аховы здароўя да эпідэмічнага ўздыму захваральнасці на COVID-19 і сезонныя рэспіраторныя інфекцыі. Пракаментаваць некаторыя агучаныя на ёй моманты, а таксама расказаць пра цяперашнюю эпідэмічную сітуацыю мы папрасілі намесніка галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ Наталію Васільеўну ДРОЗД.

– Пэўны ўздым захваральнасці ў раёне сапраўды назіраецца з пачатку восені, аднак ужо адпрацаваная ў час першай хвалі схема дзеянняў, наяўнасць усіх патрэбных сродкаў дазваляюць трымаць сітуацыю пад кантролем. Трэба сказаць, што мы мэтанакіравана рыхтаваліся да другой хвалі: у ЦРБ дастаткова медыкаментаў, апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх, вядуцца работы па абсталяванні інфекцыйнага аддзялення кіслародам.

Новыя факты каранавірусу аператыўна выяўляюцца, прымаюцца ўсе неабходныя меры па лячэнні хворых і ізаляванні тых, з кім яны мелі цесныя зносіны. Да слова, Міністэрства аховы здароўя вырашыла скараціць тэрмін ізаляцыі кантактаў першага ўзроўню, а таксама асоб, якія прыбываюць з краін з нядобранадзейнай эпідэмічнай сітуацыяй, да 10 дзён. Падставай для такой карэкціроўкі сталі практычныя назіранні спецыялістаў, адпаведна якім прыкметы хваробы ў пераважнай большасці праяўляюцца не пазней як праз тыдзень пасля кантакту з хворым. Менавіта на сёмы дзень будзе праводзіцца даследаванне, і калі да 10 дня не з’явяцца клінічныя праявы, чалавека адпусцяць з каранціна.

Трэба сказаць, што другая хваля характарызуецца большай працэнтнай колькасцю хворых, якія ўвогуле не маюць клінічных праяўленняў або пераносяць хваробу ў нескладанай форме і праходзяць лячэнне дома. Дастаткова месцаў для пацыентаў з кавіднай інфекцыяй. Зараз перапрафіляваны адзін пост тэрапеўтычнага аддзялення, куды размяшчаюцца хворыя з нявызначаным дыягназам. Калі ў іх пацвярджаецца COVID-19, то яны пераводзяцца ў інфекцыйнае аддзяленне, калі не – працягваюць лячэнне ў тэрапіі.

Хвалюе людзей і пытанне наконт таго, ці хварэюць паўторна тыя, хто вясной ужо перанёс COVID-19. Як сведчаць назіранні медыкаў, у пераважнай большасці ў былых пацыентаў дзейнічае імунітэт, аднак адзінкавыя выпадкі паўторных захворванняў усё ж маюць месца. Таму перахварэўшым людзям таксама нельга расслабляцца і варта захоўваць увесь комплекс мер прафілактыкі. Вядома ж, з боку адпаведных устаноў прымаецца шэраг захадаў па абмежаванні эпідэміі, аднак кожны з нас павінен несці адказнасць і за самога сябе. Апранутая пры візіце ў магазін маска вам ніяк не перашкодзіць, як і мыццё ці апрацоўка рук пасля кожнага кантакту з небяспечнымі паверхнямі.

Падрыхтавала Наталля БАГДАНОВІЧ.

Факт

  • Метадычную дапамогу райбальніцам аказваюць мабільныя групы, у склад якіх уваходзяць спецыялісты абласных санстанцыі і інфекцыйнай бальніцы, а таксама Віцебскага дзяржмедуніверсітэта. 8 кастрычніка такая група правяла маніторынг ва Ушацкай ЦРБ і станоўча ацаніла ўзровень медыцынскай дапамогі і арганізацыю лячэбнага працэсу па кавіднай інфекцыі. Ушацкія медыкі атрымалі кансультацыі.


Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *