Сильная духом и характером. В сложных ситуациях многодетная мама Зинаида Булавкина никогда не опускала руки

Общество

Моцная духам і характарам. Менавіта так можна з упэўненасцю ахарактарызаваць мнагадзетную маці, жыхарку Старога Сяла Зінаіду Трафімаўну Булаўкіну. Лёс не песціў яе выгодамі, а падрыхтаваў нямала цяжкасцей. І ўсё жыццё яна нястомна працавала, адна выхоўвала траіх дачок.

Яе жыццё было нялёгкім з самага дзяцінства. Зінаіда Трафімаўна прыгадвае, што ў пасляваенныя гады ў іх сям’і, дзе выхоўвалася чацвёра дзяцей, за шчасце было сабраць на полі некалькі мёрзлых бульбін. Моцна хварэў, а пазней памёр бацька, і дзяўчынка скончыла толькі 5 класаў Старасельскай школы – трэба было дапамагаць маці. З 10 гадоў яна ўжо жала сярпом, нароўні з дарослымі ірвала лён. Працавала ў паляводчай брыгадзе, даяркай на мясцовай ферме, прыбіральшчыцай у школе. “Тагачасныя і цяперашнія ўмовы проста непараўнальныя: за малако “хварэлі” ўсе, пастух мог нават пугай “заахвоціць” за непадоеную карову, а іх у кожнай даяркі было не меней 25-ці. Прычым, уручную трэба было не толькі падаіць, а і вычысціць гной, самі адпраўляліся і за падкормкай – касілі і грузілі траву. Не было сучасных халадзільных установак, часам нават лёд у возеры нарыхтоўвалі, каб даўжэй захаваць малако. Не ведалі і ніякіх адпачынкаў, у дэкрэтным затрымлівалася ўсяго на пару тыдняў”, – прыгадвае Зінаіда Трафімаўна.

І калі сумленную і адказную працаўніцу цанілі і заахвочвалі на рабоце, то ў сямейным жыцці зусім не ладзілася. Абранніку жанчыны не была ўласціва такая рыса, як працавітасць, да таго ж ён любіў зазірнуць у бутэльку. Уласны дом на вуліцы Школьнай у Старым Сяле яна літаральна будавала сама, працавала ад цямна да цямна, каб зарабіць капейку, купіць матэрыялы і наняць майстроў. А ў хуткім часе сям’я распалася і Зінаідзе Трафімаўне давялося расціць дачок адной.

Але яна не апускала рукі. Пасля напружанай працы на ферме паспявала зрабіць мноства спраў і дома – у падсобнай гаспадарцы былі карова, бык, свінні, птушка, разам з суседзямі трымалі яшчэ і чатырох коней. Касіла, нарыхтоўвала сена, словам, усе мужчынскія справы спраўна выконвала сама. Напрыклад, гранкі пад бульбу за канём ставіла так, што суседзі заўсёды прыкмячалі: у вёсцы такіх роўных і прыгожых ні ў каго няма. “Ніколі не прыслухоўвалася, дзе і што баліць. Трэба было збіраць дзяцей у школу, а затым адпраўляць вучыцца, часам апошнюю капейку аддавала ім. Канечне, дочкі заўсёды дапамагалі мне ў хатняй гаспадарцы, змалку прывучала іх да працы, як кажуць, школіла, каб усё ўмелі. Упэўнена, што праца ніводнага чалавека не зрабіла горшым”, – кажа З.Т.Булаўкіна.

Нават калі дзеці пачалі самастойнае жыццё, Зінаіда Трафімаўна імкнулася ўсяляк ім дапамагчы. Настолькі прывыкла жыць у напружаным працоўным рытме, што яшчэ доўга не магла адмовіцца ад вялікай колькасці жыўнасці на падворку і агародаў. Яна і сёння не можа сядзець, склаўшы рукі, садзіць градкі, трымае птушку, а якая чысціня і ідэальны парадак у доме і на сядзібе! А яшчэ шмат кветак у палісадніку, якія сваімі яркімі фарбамі на працягу цёплага сезона змяняюць адна адну. Гэтымі кастрычніцкімі днямі ў Зінаіды Трафімаўны яшчэ цвітуць ружы. “Вельмі люблю кветкі! Ведаеце, раней мне было зусім не да іх, а цяпер вось з вялікім задавальненнем вырошчваю, даглядаю. Ружы і лілеі, зрэшты, мая першая слабасць!” – з усмешкай кажа жанчына.

Яшчэ больш яе твар свеціцца радасцю, калі прыгадвае ўнукаў Дзіму і Арцёма, маленькую праўнучку Сафійку, якой усяго годзік. Кожны дзень яна чакае вестачак ад любімых дачок, якімі ганарыцца і лічыць сэнсам жыцця. Старэйшая Ларыса жыве ў Полацку, Надзея бліжэй да маці – ва Ушачах, а малодшая Людміла – у Віцебску. Дочкі не толькі часта тэлефануюць, а і пастаянна прыязджаюць у родную вёску, каб дапамагчы і проста парадаваць сваёй увагай. Ну а ў гэты святочны дзень яны, канечне, ужо паспелі павіншаваць дарагога чалавека і сказаць самыя добрыя словы.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *