Судьба не баловала Екатерину Крамин, но она не отчаивается и живёт ради своей большой семьи

Общество

Няпростае сямейнае жыццё, страта сыноў, хваробы – не раз лёс рабіў крутыя павароты на жыццёвым шляху Кацярыны Васільеўны Крамін са Старога Сяла і падносіў розныя выпрабаванні. Стойка іх выносіць, спадзявацца на лепшае і не апускаць рукі – такая “ўстаноўка” ў гэтай жанчыны.

Каця з дзяцінства не была спешчана ўвагай. У сям’і, якая жыла ў Цялічыне, выхоўвалася 8 дзяцей! Не сустракалі яе, як зараз прынята, у прыгожым ружовым канверце з радзільнага дома – мама, якая працавала даяркай, нарадзіла яе прама на ферме. А паколькі на двары быў марозны снежань, то да сельвыканкама, каб зарэгістраваць дзяўчынку, бацькі дабраліся толькі ў сакавіку. “Вось цяпер і не ведаю, калі святкаваць 70-гадовы юбілей – у снежні, ці як у пашпарце напісана – вясной”, – усміхаючыся, прыгадвае Кацярына Васільеўна.

Яна вельмі любіла спяваць, пасля заканчэння Ушацкай школы і спецыяльных курсаў працавала загадчыкам сельскага клуба ў Жарах, а затым у Старым Сяле, куды паехала за сваім абраннікам Мікалаем. У сям’і нарадзілася два сыны і трое дачок. Зрэшты, што выношвае дзяўчынак-двайнятак, жанчына не ведала да апошняга і гэта стала для яе сапраўдным сюрпрызам. Як вядома, раней у дэкрэтным не затрымліваліся, ды і абраная справа Кацярыне Васільеўне прыносіла задавальненне. Аднак тое, што яна забаўляе іншых, не надта падабалася мужу, які настойліва запатрабаваў, каб жонка змяніла месца працы. Прыйшлося пайсці ў поўнасцю супрацьлеглую сферу – сельскую гаспадарку, у мясцовым калгасе патрэбны былі жывёлаводы. Спачатку 10 гадоў працавала цялятніцай, затым яшчэ 20 – даяркай. “Што і казаць, нялёгкая гэта справа. Устану ў 4 гадзіны раніцы, хуценька ежу прыгатую і на ферму, старэйшыя сыны прыглядвалі за меншымі дзяўчынкамі. Вярнуўшыся з фермы, яшчэ і са сваёй гаспадаркай трэба было ўправіцца – дзве каровы трымалі, свіней, птушку, трусоў. Не паверыце, але за два дзясяткі гадоў ні разу не хадзіла ў працоўны водпуск! Заўсёды думала: ну як я кіну сваю групу каровак на кагосьці? А што, калі іх дрэнна падояць ці не заўважаць якую хваробу, паменшае малако…” – расказвае К.В.Крамін.

Калі выдавалася хвілінка, жанчына ўсё ж удзельнічала ў канцэртах і мастацкай самадзейнасці ў клубе. Выступленні на публіцы скончыліся 14 гадоў таму, калі ў сям’ю прыйшло непапраўнае гора. Спачатку памёр сын Дзмітрый, а праз 24 дні патануў Валерый. Матчына сэрца моцна балела, але трэба было жыць далей, тым больш што ўнучка Лера засталася без бацькі, а нявестку не надта хвалявала выхаванне дачкі.

Пасля выхаду на пенсію многія пачынаюць новае жыццё, адпачываюць, удзяляюць больш часу сваім захапленням. Не ўдаўся такі расклад у Кацярыны Васільеўны. Пяць гадоў таму пасля хваробы застаўся без ног і апынуўся ў інваліднай калясцы муж. “Той, хто сутыкаўся з такой сітуацыяй, ведае, як гэта няпроста, і што такія хворыя часам капрызныя больш, чым маленькія дзеці. Часта замест падзяк за догляд прыходзіцца чуць зусім неабгрунтаваныя нараканні ці прэтэнзіі. Зразумела, што трэба і каляску пацягаць, і дапамагчы хвораму ў бытавых пытаннях. З-за такой нагрузкі зараз даў ведаць аб сабе атрыманы некалі сур’ёзны пералом рукі, але ж не магу слухаць, дзе і што баліць, трэба даглядаць гаспадара, рабіць хатнія справы, вытапіць печ, спяшацца на агарод ці карміць птушку”, – кажа жанчына.

Сапраўднымі ж лекамі ад усіх хвароб і нягод для К.В.Крамін з’яўляюцца думкі пра дзесяцярых унукаў. У яе пакоі ўся сцяна занята іх фотаздымкамі. “Маша вучыцца ў Полацкім дзяржуніверсітэце на архітэктара, Ілья – мой салдат-абаронца, Глеб атрымлівае адны дзявяткі і дзясяткі ў віцебскай школе. А вось Соня, Гардзей і Клім – аднагодкі і сёлета пайшлі ў чацвёрты клас. Старэйшыя Жэня і Саша заўсёды былі непаседамі, гарэзлівай Леры, якую гадавала з двух гадоў, ужо 25. Ну а самы маленькі член нашай вялікай сям’і – двухгадовы Назар”, – гледзячы на фота, з цеплынёй пра кожнага расказвае жанчына. Летам унукі з задавальненнем едуць да бабулі на канікулы і тады дом і ўся вуліца напаўняюцца звонкімі дзіцячымі галасамі.

Увесь час сям’я не жыла заможна, зусім невялікія заробкі меў гаспадар, нялёгка было выхоўваць і вучыць дзяцей, многае сабе не маглі дазволіць, але адсутнасць выгод і магчымасцей не паўплывала на характар Кацярыны Васільеўны, яна ніколі не была злой і сквапнай, наадварот. “Стараюся па-сяброўску адносіцца да ўсіх аднавяскоўцаў і нават чужых людзей. Прыязджаюць сувязісты ў вёску ці газавікі, заўсёды хочацца іх хоць піражкамі пачаставаць, яны ж цэлы дзень гэтыя балоны цягаюць, стамляюцца. Іншы скажа: гэта іх работа, а мне хочацца людзям штосьці добрае зрабіць. Не люблю канфліктаў, злосць ніяк не зменіць сітуацыю ў лепшы бок”, – зазначае жанчына.

У рэдкія хвіліны адпачынку Кацярына Васільеўна любіць разгадваць красворды, а чытанне газет наогул называе вялікім азартам, нават збірае падшыўкі “Патрыёта”, каб потым перагледзець. Упэўнена, што яна заслугоўвае і сама быць на старонках “раёнкі”, каб той, хто апускае рукі з-за дробязей, адчайваецца ў цяжкія хвіліны, прачытаў і ўзяў з яе прыклад.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *