Изменения в Трудовом кодексе, коллективные договоры, кассы взаимопомощи. Это и многое другое обсудили на заседании совета Ушачского районного объединения профсоюзов

Общество

На мінулым тыдні адбылося пасяджэнне савета Ушацкага раённага аб’яднання прафсаюзаў. А першае пытанне, што выносілася на павестку, называлася “Аб цякучай сітуацыі”. Што яна асаблівая, указвала і абстаноўка ў канцэртнай зале школы мастацтваў. Усе 48 членаў савета і запрошаныя сядзелі ў масках і пераважна на адлегласці адзін ад аднаго. Менавіта пра работу Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі ў час пандэміі і гаварылася ў дакладзе старшыні аб’яднання М.А.Шаўчэнкі.

Касы ўзаемадапамогі

Першая хваля COVID-19 унесла істотныя змены ў наша жыццё. Федэрацыяй прафсаюзаў Беларусі быў прыняты шэраг пастаноў, накіраваных на рэгуляванне сітуацыі. Гэта супрацьэпідэміялагічныя мерапрыемствы на прадпрыемствах, стварэнне рэзервовых фондаў у памеры 50% ад тых сродкаў, што паступаюць, зварот у Савет Міністраў аб прэферэнцыях для пацярпелых галін; апісаны парадак нашых дзеянняў у выпадку нявыплаты заработнай платы ці прастояў; уведзены штотыднёвы маніторынг цэн на тавары, якія карыстаюцца павышаным попытам насельніцтва.

З кас узаемадапамогі ў цэлым па краіне выдаткавана больш за 14 мільёнаў рублёў. Работнікі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, абласных і раённых аб’яднанняў у красавіку-маі былі пераведзены на 4-х дзённы працоўны тыдзень, а вызваленыя сродкі накіраваны ў Фонд дапамогі медыкам. У нашым раёне прафсаюзнымі пярвічкамі 1120 рублёў выдзелена на аказанне матэрыяльнай дапамогі, больш за 5000 – на набыццё сродкаў абароны. На рахунак раённага аб’яднання імі пералічана 1 118 рублёў 14 капеек. Зрасходавана – 556 рублёў 57 капеек для набыцця сродкаў абароны для прафсаюзных арганізацый прадпрыемстваў. Касы ўзаемадапамогі не адменены, аднак іх памер не бязмерны. Таму трэба рэальна бачыць, хто, дзе і ў якой дапамозе мае патрэбу.

Дапамога медыкам

У жніўні прынята рашэнне аб завяршэнні акцыі «Справімся разам», але пры гэтым Федэрацыя прафсаюзаў абавязалася, што акажа дапамогу тым медыкам, заявы ад якіх паступілі да 1 верасня. Акрамя сродкаў фонду, на гэтыя мэты таксама будуць накіраваныя тыя 2 працэнты мэтавых сродкаў, якія паступалі да 1 верасня на рахункі раённых, гарадскіх аб’яднанняў прафсаюза ад пярвічак. У фонд падтрымкі медыкам у красавіку-жніўні накіравана каля 400 тысяч рублёў, 50 пералічаны ў верасні і столькі ж запланавана на кастрычнік. Галіновы прафсаюз аховы здароўя пералічыў у фонд больш за 700 тысяч.

Атрымаюць статус закона

У пачатку верасня Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі накіравала ва ўрад яшчэ адзін пакет прапаноў па падтрымцы асобных галін эканомікі і непасрэдна людзей у гэтых няпростых умовах. Па шэрагу пазіцый прафсаюз падтрымалі: аб выдзяленні дадатковых сродкаў транспарту агульнага карыстання, дазволе будаўнікам выкарыстоўваць зарэзерваваныя сродкі, аб магчымасці наймальнікам аплачваць адпачынак работнікам, якія з’яўляюцца кантактамі другога ўзроўню, і ствараць на прадпрыемствах “залатую змену” для забеспячэння бесперабойнай працы. Акрамя таго, падтрыманы ініцыятывы: аб прадастаўленні за кошт наймальніка работнікам выхадных да 5 дзён у годзе па прычыне дрэннага самаадчування без афармлення бальнічнага; не спаганяць падаходны падатак са сродкаў, атрыманых ад прафсаюзнай арганізацыі. Варта адзначыць, што ёсць разуменне з боку дзяржаўных органаў аб тым, што трэба вызваліць работнікаў ад матэрыяльнай адказнасці па выплаце штрафаў. Гэта тыя выпадкі, рашэнні па якіх былі прынятыя да ўступлення ў сілу абноўленага Працоўнага кодэкса. Цяпер Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі адпрацоўвае з зацікаўленымі бакамі магчымыя варыянты заканадаўчага вырашэння гэтых пытанняў.

У чым урад не падтрымаў

Разам з тым, ёсць шэраг пытанняў, па якіх урад нас не падтрымаў і Федэрацыя плануе ў бліжэйшы час звярнуцца з гэтымі прапановамі да Прэзідэнта. У прыватнасці, гэта пытанні, звязаныя са спагнаннем запазычанасці органамі прымусовага выканання, прапановы аб аплаце бальнічнага, калі працаўнік знаходзіцца ў адпачынку без захавання заработнай платы, аб вызваленні маладых работнікаў па першым месцы працы ад выплаты падаходнага падатку і шэраг іншых. Таксама плануецца абмеркаванне ўсіх гэтых тэм на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Калектыўны дагавор – для членаў прафсаюза

Яшчэ адно важнае пытанне, якое ФПБ выносіць на Нацыянальны савет – гэта прымяненне артыкула №365 Працоўнага кодэкса ў новай рэдакцыі. Мы адстаялі заканадаўча норму аб тым, што калектыўны дагавор не павінен распаўсюджвацца на ўсіх работнікаў па заяўным прынцыпе. Паколькі гэта дадатковыя гарантыі, якія заключаны паміж прафсаюзам і наймальнікам, то і распаўсюджвацца ён павінен толькі на членаў прафсаюза. Наша арганізацыя выключна прагматычная, кожны чалавек, калі ўступае ў прафсаюз, у першую чаргу задае пытанне, што гэта дае яму ў практычным плане. І галоўная матывацыя для людзей быць у нашай арганізацыі – гэта калектыўны дагавор.

Абарона правоў працоўных

За перыяд з 2015 года па цяперашні час прафсаюзамі выяўлена больш 226 тысяч парушэнняў сферы працоўных адносін. На рабочых месцах адноўлены больш за 550 работнікаў, вернута звыш 22 мільёнаў рублёў, якія былі незаконна ўтрыманы ці не выплачаны наймальнікамі. Прафсаюзныя юрысты толькі ў гэтым годзе 150 разоў бясплатна адстойвалі інтарэсы работнікаў у судах, і ў большасці выпадкаў рашэнні былі прынятыя на карысць людзей. Зафіксавана звыш 330 тысяч парушэнняў па ахове працы, прыпынялася эксплуатацыя каля 11 тысяч адзінак вытворчага абсталявання, якое стварала пагрозу жыццю і здароўю работнікаў.

Важныя змены ў Працоўным кодэксе

У 2019 годзе ўпершыню нацыянальны прафцэнтр нароўні з дзяржаўнымі органамі выступіў адным з распрацоўшчыкаў законапраекта па змяненні Працоўнага кодэкса. Федэрацыя прафсаюзаў унесла больш за 40 прапаноў па змяненні 30 артыкулаў. Гэта такія важныя нормы, як падаўжэнне кантрактаў на максімальны тэрмін з добрасумленным работнікам; забарона на спагнанне з працоўных штрафаў, накладзеных на арганізацыю; павелічэнне да 30 дзён тэрміну папярэджання аб змяненні істотных умоў працы (прапаноўвалася 7 дзён); гарантыя для работнікаў пенсійнага ўзросту атрымання кампенсацыі ў памеры трохмесячнага заробку ў выпадку звальнення па прычыне парушэння наймальнікам працоўнага заканадаўства (раней права на такую кампенсацыю не мелі) і іншыя.

У 2015 годзе ўдалося адмяніць некаторыя пункты пастановы Савета Міністраў ад 31 ліпеня 2014 г. № 744, што дазваляла памяншаць заработную плату работнікам, калі зніжаецца прадукцыйнасць працы, а сёлета дабіцца прыпынення гэтага дакумента да 31 снежня 2020 года.

Захаваць тое, што маем

Што тычыцца паствыбарнай сітуацыі, то Федэрацыя прафсаюзаў прыняла адкрыты зварот, у якім заклікала ўсе бакі спыніць насілле і не правакаваць канфлікты, захаваць мір у нашай краіне, а органам правапарадку аб’ектыўна расследаваць ўсе выпадкі супрацьпраўных паводзін. Людзі могуць мець розныя погляды, аднак яны павінны быць у прававым полі. Уносьце прапановы па зменах Канстытуцыі і праз Федэрацыю прафсаюзаў яны трапяць у адпаведныя інстанцыі. ФПБ выступала і выступае за захаванне таго, што наша краіна дасягнула за апошнія дзесяцігоддзі: працоўныя месцы, развітыя вытворчасці, усе тыя сацыяльныя гарантыі, якія маем.

***

На пасяджэнні разгледжана пытанне аб выкананні пагаднення паміж раённым аб’яднаннем прафсаюзаў, раённым выканаўчым камітэтам і раённым саветам наймальнікаў, а таксама ў савет Ушацкага аб’яднання прафсаюзаў замест выбыўшых уведзены новыя члены, а намеснікам М.А.Шаўчэнкі на добраахвотных пачатках абрана старшыня прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Кацярына Аляксандраўна Рэут.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *