Из глины, как живые

Общество

Творчасць чалавека – гэта заўсёды цікава, асабліва тады, калі бачыш вынік стараннай працы і творчых задум дзяцей. Упэўнілася ў гэтым падчас знаёмства з выставамі незвычайных вырабаў з цеста ў Вяркудскай сярэдняй школе-дзіцячым садзе.

Гурток лепкі з цеста, кіраўніком якога з’яўляецца Наталля Міхайлаўна Латышава, карыстаецца ў вучняў школы асаблівай папулярнасцю. Кожную суботу развіваць свае мастацкія здольнасці і добры густ, цікава праводзіць вольны час сюды прыходзяць вучні другога-восьмага класаў. Трынаццаць пастаянных наведвальнікаў гуртка заўсёды знаходзяць падчас кожнага занятку нешта асаблівае, цікавае. Хтосьці цікавіцца прыродай, у выніку чаго ў яго атрымліваюцца маляўнічыя пейзажы. Іншы цікавіцца жывёламі ці кветкамі, што таксама адлюстроўваецца ў яго работах.

Пазнаёміўшыся з экспазіцыяй вырабаў з цеста, здзіўляешся таму, наколькі розныя дзеці: у кожнага сваё бачанне свету і спосабы яго адлюстравання. Яркія, прыгожыя, акуратныя – усе экспанаты выставы запамінаюцца надоўга. Нават не верыцца, што гэтыя незвычайныя карціны, фігуркі і іншае зроблена з цеста.

Не менш станоўчых эмоцый, прыемнага здзіўлення выклікаюць шматлікія вырабы, прадстаўленыя на выставе ў памяшканні дзіцячага сада ўстановы. Каляровыя фігуркі, свістулькі зроблены настолькі акуратна і прыгожа, што не верыцца, што гэта справа рук самых маленькіх. А так яно і ёсць.

Ужо не першы год у дзіцячым садзе дзейнічае творчы гурток “Вясёлая лепка”. У мінулым годзе яго кіраўніком была Тамара Генадзьеўна Цянюга, якая зацікавіла дзяцей лепкай з цеста, дала штуршок развіццю творчасці кожнага. У гэтым годзе кіраўніком “Вясёлай лепкі” стала Алена Міхайлаўна Лунёнак, якая працягвае развіваць творчы патэнцыял дзяцей, вучыць іх не толькі нешта вырабляць сваімі рукамі, але і атрымліваць ад гэтага задавальненне. Галоўным памочнікам наведвальнікаў гуртка, безумоўна, з’яўляецца выхавальнік дзіцячага сада мудрая, уважлівая да ўсяго Жанна Віктараўна Аваднёва. Вырабляць разнастайныя рэчы з цеста падабаецца як дзецям, так і дарослым, кожны занятак у гуртку праходзіць незвычайна і з карысцю.

Напэўна, няма нічога больш важнага ў жыцці, чым тое, каб знайсці тую справу, якая будзе прыносіць задавальненне. Навучэнцы Вяркудскай сярэдняй школы-дзіцячага сада ўжо зрабілі свой выбар і не шкадуюць аб гэтым.

К.КАВАЛЕЎСКАЯ.

На здымках: выставы гурткоў лепкі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *