На участке дороги на улице Витебской положили асфальт и увеличили ширину проезжей части

Общество

Крыху больш двух дзён спатрэбілася работнікам ДРБУ-105, каб заасфальтаваць праезд праз дваровую тэрыторыю паміж дамамі нумар 2/2 і 6/1 на вуліцы Віцебскай да будоўлі новага шматкватэрнага дома. Гэты ўчастак фактычна стаў дарогай – шырыня праезнай часткі павялічана да 6 метраў. Устаноўкай бардзюраў і стварэннем тратуара з укладкай пліткі займаліся будаўнікі з Шумілінскай ПМК-70 і нашай ПМК-66, а дарожнікі выканалі фінальны “акорд”.

– У першы дзень часткова выдалялі рэшткі старога палатна, выконвалі падсыпку, завозілі шчэбень і выраўнівалі паверхню, – расказвае майстар Андрэй Агіевіч, які кантраляваў працэс. – У другі дзень паклалі асфальт, выраблены на нашым заводзе, у агульнай колькасці звыш 180 тон.

У аўторак яго трохі не хапіла, таму некалькі метраў палатна дарожнікі заканчвалі ў сераду раніцай. Асфальтаўкладчыкам кіраваў Мікалай Коўшаль, уносілі эмульсію, разраўноўвалі сумесь уручную рабочыя Сяргей Шчэрбік, Аляксандр Шамшура і Анатоль Емяльянаў. Потым па гарачым слоі ішоў трохтонны каток, якім кіраваў Аляксандр Селівёнак, а давяршаў справу і канчаткова ўкатваў асноўную частку палатна Сяргей Аўдошка на дзесяцітонным катку. На закругленнях ля бардзюраў зноў знайшлося месца ручной працы – рабочыя ўшчыльнялі тут асфальт з дапамогай вібрапліты. “Усё па тэхналогіі”, – запэўнілі дарожнікі.

Зрэшты, сказаць, што работы зусім скончаны, пакуль нельга, трэба яшчэ ўбраць рэшткі старых будматэрыялаў, правесці добраўпарадкаванне. Будоўля працягваецца, і тэхніка, якая падвозіць матэрыялы на шматпавярхоўку, сваімі коламі нанясе на новы асфальт гразі, але ўсё роўна праезд займеў зусім іншы выгляд – гладкая паверхня замест выбоін, дзе пасля дажджоў блішчэлі лужыны, пашырана і “кішэнь” для стаянкі аўтамабіляў.

А работнікі ДРБУ-105 у гэты ж дзень перагналі тэхніку і апранулі ў новы асфальт яшчэ адзін аб’ект – больш зручнай для пад’езду і падыходу стала тэрыторыя, прылеглая да магазіна “На Віцебскай”.

Дзмітрый Раманоўскі.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *